epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

На варце

Стаіць ён на варце, і плюшчацца вочы,

А цела хацела б пайсці на спакой,

Заснулі бажання, нічога не хоча,

Не можа крануці рукой.

 

Тры месяцы з дому... Сабраўся ад жніва,

З народам паходам пайшоў ваяваць...

Успомніцца часам — як там, ці жывы?

А хто дапамог ім звазіць, паараць?

 

Тры месяцы з дому... Акопы, атакі,

Гарматы, гранаты і тысячы куль...

А як там у хаце мае небаракі,—

Ніякае звесткі адтуль?

 

Каруся адна... Ці памогуць суседзі?

А хіба ж маглі бы іначай зрабіць?!

Бо маюць жа сэрца, і ён, як прыедзе,

Здалее за ўсё і усім адплаціць.

 

Суседзі памогуць!.. Што ж дзеецца ў вёсцы?

Ці спорны, ці чорны удаўся там год?

Якое надвор’е, ці снег, ці марозцы,

Ці, можа, завеі? Які ж умалот?

 

Стаіць ён, вартуе, зліпаюцца вочы,

І цела хацела б спакою, заснуць...

А сэрца спакою не знае, не хоча,

А думкі ад варты лятуць ды лятуць!


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан