epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Народ

Ці ж хутка люд наш брацкі будзе

Народам моцным, вольным, слаўным,

Такім, каб ўсе прызналі людзі

Яго іным народам раўным?

Нашто пытацца? Сам сабой

Крыніца ён вады жывой;

І моцы шмат у той вадзе,

І тая моц не прападзе.

Народ — не мы, не чалавек,—

Яму нішто ні год, ні век,

Ні бой насмерць, ні гнеў, ні здзек;

Народ — не слабы чалавек.

Народ — крыніца. Шмат лам’я

Кідала ворагаў сям’я

Ў крыніцу тую — цёк спыніць,

Каб жыцце смерцю замяніць.

І ўсё дарма: з варожых пут

Народ ўстае, як нейкі цуд.

Нам трэба толькі лом адкінуць.

— Бярыся ж той, хто ў працы жваў!

У народнай памяці не згінуць

Іменні тых, хто працаваў.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан