epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Не журуся, што не маю...»

Не журуся, што не маю

Дзён шчаслівых!

Што ж такое,

Мусіць, доля мая — гора

Векавое...

Не журуся, што ўздыхаю

Па айчыне

На чужыне!

Мусіць, доля, што і жыцце

Тут загіне...

Не журуся, што здароўе

Гора з’ела,

Што не служыць!

Хто ні ў чым не знае шчасця,

Той не тужыць.

Жыцця, шчасця і здароўя

Я не маю.

Што ж такое,—

Неяк з часам дацягнуся

На спакой я.

1916 г.


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан