epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Паходная

Загрымелі ў барабаны,

Заігралі ў трубы —

Раскаціўся грукат грому

Чалавечай згубы.

Закурылася дарога,

Заіржалі коні,

Праваджала маці сына

Па зялёнай блоні1.

Залівалася слязамі,

Каля стрэмя йдучы:

«Завісаюць над табою,

Галубок мой, тучы...

Загнятуць цябе марозы,

Мой пякнюткі квеце,

Астануся я зязюлькай,

Сірацінкай ў свеце...»

Пацяшаў яе хлапчына:

«Супакойся, мама,

Не навекі ты за мною

Зачыніла браму.

Яшчэ будзе вараненькі

Капыцікам біці:

— Выйдзі, выйдзі, гаспадыня,

Сыночку адкрыці!..

Яшчэ будзе вараненькі

Весела іржаці:

— Выйдзі, выйдзі, гаспадыня,

Сыночка ўстрачаці!»

1 Па лузе, пашы (паланізм).


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан