epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Паэту

Што кажаш мне, паэт, а праўдзе тэй, што будзе?

Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён!

А бачу добра й сам: ідуць да праўды людзі,

Расцець яе жаўнер, і шырыцца загон

Марудна, братачка! I покуль сонца ўзыдзе,

Дык вочы выесць нам салёная раса,

I покуль першы дзень людскога шчасця прыйдзе,

Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.

 

Пакінь, пакінь спяваць а праўдзе тэй, што ў небе!

Яна чужая нам, таемных праўда сіл;

Яна не сходзіць к нам ў канечнае патрэбе,

Калі пакуты дзень так довег і не міл!

 

Прашу цябе, мой брат, спявай аб нашым горы,

Аб тым, што ёсць цяпер і што даўней было,

I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,

I што ў мільёнах душ разоры правяло.

Прашу цябе, спявай аб горы песнь адну ты

I наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй,

Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы

I будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.


1907-1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: скан