epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Першы снег

Легенда

...Адзін раз прыйшлі яны да Прарока і кажуць яму:

«Вучыцель! Глядзі, ідзе першы снег».

А ён выйшаў разам з імі з дому свайго і ўбачыў першы, чысты, белы снег, што ў вялікім чысле мяккімі пухавінкамі падаў з неба і засцілаў зямлю. І казаў ім:

«Глядзіце, вось у мільёнах часцінак спадае ён чысты і белы, без сказы, як душы дзяўчатак, што з вёсак нашых ідуць у гарады іх; лягусенькі і мяккі, вясёлы, як птушка, у мільёнах часцінак іграе, блішчыць і падае, як тысячы моладзі нашай з мяккай вясёлай душой радасна ўступаюць у жыццё; да нас ляціць ён увесь светлы, без думак, як лепшыя з іх ідуць на ахвяру...

І вот паглядзіце — ужо ходзяць па ім, ужо топчуць нагамі і з граззю мяшаюць, і з брудам нячыстым...

Так топчуць яны і душу дзяўчаці і ціснуць у бруд жыццё моладзі нашай; так чэрняць і жыццё і памяць сваіх — справядлівых!..

І от кажу я вам: колькі разоў я бачыў, як прыходзіць да нас першы снег, столькі разоў вочы мае заліваліся слязамі; і столькі разоў бачыў я, як за першым снегам з ветрам і бурай ішоў другі снег і ўсё нячыстае пакрываў на зямлі; і слёзы, радасці цяклі тагды па маім твары.

Дык ідзіце ўсюды і кажыце ўсім, што па першым снягу будзе другі снег!..»


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан