epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Песьня-звон

Гэй, ты маці, родна мова,

Гэй, ты звон вялікі, слово,

Звон магучы,

Звон блыскучы,

З срэбра літы,

З злота зьбіты,

Загрымі ты,

Загрымі!

Гэй, званар, званар мой пане,

Бій у звон. як змогі стане,

Без спачынку,

Без упынку,

Потам зьліты,

Ім умыты,—

Бій, звані ты,

Бій, звані!

Гэй, гусьляр, песьняр, мой браце,

Грай, сьпевай у полі, у хаце,

Дзе гарота,

Дзе галота,

Дзе нісыты,

Дзе ніумыты.

Ім спыні ты,

Жаль спыні!

Струны хай грымяць і рвуцца,

З болю, з гневу. Хай сьмяюцца

Разам з імі,

Ні чужымі,

Голас чысты,

Залацісты,

З імі зьлій ты,

З імі зьлій!…


1907; 1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан