epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Песня капачоў

1

 

У цяжкай працы мы жывём,

Спачынку мы не знаем,

Ядзім нясмачна, горка п’ём,

А што за гэта маем?

Пагарду тых, каму ідуць

Работы нашай плёны,

Што нашай працаю жывуць

Ўспаёны і ўскармлёны.

Руку нам грэбуюць падаць:

Ім простасць разіць вочы,

Душы не хочуць ў нас прызнаць,

Бо мы — народ рабочы.

Глядзяць на нас, як на сваіх

Валоў нямых, бясслоўных:

Працуй, працуй ды слухай іх,

Тваіх паноў знароўных.

Сваёй не важся воляй жыць,

Стлумі свой розум просты:

Парадкі іхнія судзіць,

На гэта — не дарос ты!

З дзяціных дзён аж да труны

Цярплівасці нас вучаць,

Спрабуй не слухаць іх — яны

Без літасці замучаць.

Ў адно змяшаныя з быдлём,

Мы так жылі адвеку,

Аднак мы хутка зажывём

Як следна чалавеку.

Панамі ў свеце будзем мы

І свой лад пастановім,—

Насталім толькі ўсе ламы

І дзюбы кайл2 падновім!

1 «Капачамі» называюцца на залатых прыісках людзі, каторыя, не працуючы, як іншыя работнікі ад гаспадара, ці працуючы толькі для віду, займаюцца дабычай золата на сваю руку з старых шахтаў, пакінутых пяскоў і г. д., што забараняецца як гаспадарамі, так і горнай паліцыяй. Гэта смелыя, адважныя, спрытныя людзі, часта багатыя, працуючыя толькі дзеля мілавання капацтва, з вялікай асабістай амбіцыяй і з асабліва гостракрытычным стасункам да сучаснай сацыяльнай няроўнасці. (Заўвага А. Гаруна.)

 

2 «Кайла» — начынне накшталт аднадзюбага малатка, каторым рудакопы выкалупываюць і выбіваюць з зямлі патрэбны ім пляст пяску з цяжкаю рудой, каменным вуглем, залатым пяском і г. д. (Заўвага А. Гаруна.)

 


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан