epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«[Праблудзіў] я па сцепу два тыдні...»

[Праблудзіў] я па сцепу два тыдні з лішком,—

Мне здаецца,— пятнаццаць дзянёчкаў,

І прыйшоў у канцы так ужо вечарком

У адзін з украінскіх куточкаў.

 

Ад дарогі у бок з паўвярсты залягло,

[Апавіўшыся] тынам лісцвяным,

[Хлебарны Астроў] — сцепавое сяло;

Называлась яшчэ Богаданым.

 

Ось ў яго і прыбрыў я тагды вечарком,—

Прыпазніўся; людцы спачывалі;

Дый, на шчасце, сустрэўся з адным парабком

А дзяўчаты на рэчцы [спявалі].

 

Той,— куды і адкуль,— распытаўся як трэ:

«Ходім, кажа, до нас ночуваты».

Я спярша не ішоў, хацеў спаць на дварэ,

Але ён зацягнуў-ткі да хаты.

 

Палажыў у садку на мядовым сянцэ,

І прынёс малака мне і хлеба,

І пайшоў пасядзець да дзяўчат на рацэ,

Пакуль шэрым не зробіцца неба.

 

Як тагды я заснуў, не прыпомню [цяпер],—

Змардаваўся далёкай хадою.

Падаваліся ноччу сцяпы ды сады

І дарогі з [укрытай] жудою.

 

А па раніцы матку убачыў сваю,—

Прынясла мне у поле паснедаць;

І з Анелькай сваёй пахаджаў па гаю...

[Нехта шторхае,— чую: абедаць...]


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан