epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Праводзіны

Браце мой любы!.. Ідзеш на вайну...

— Кліча агульны прыказ...

Кінеш радзімую ты старану,

Кінеш сямейку і нас!

 

Можа, не ўбачымся болей з табой —

Бог яго ведае, брат!

Як праканаціся ў долі сляпой:

Пусце? — не пусце назад?

 

Сорам і ганьба для свету вайна,

Як ні мяркуй, ні судзі;

З боскіх законаў смяецца яна...

Мусіш, аднак жа... Ідзі!

 

Йдзі, не трывожся: маленькіх тваіх

Будзем карміць, даглядаць,

У разе ж... дай Бог, каб вярнуўся да іх!..

Будзем, як ты, гадаваць.

 

Гэтак... І ўсё, што хацеў я сказаць?

Пэўне, усё... Пачакай!

Нам пастарайся адтуль напісаць,

З думкі сваіх не спускай.

 

Потым... Пасунуцца ў бітву палкі —

Ты баязлівым не будзь:

Смелага сэрца не раняць штыкі,

Кулі яго не праб’юць.

 

Будзе праціўнік пабіты ляжаць,—

Ты пашкадуй яго, брат!

Раны завяжаш, паможаш устаць,—

Й ён чалавек і салдат.

 

Брат, у далёкай сваёй старане

Мае ён дзетак, сям’ю...

Помста ці хцівасць цябе як штурхне,

Успомні сямейку сваю.

 

Старасці, цноце не помні ураз,

Гэтым сумлення не плям.

Быў чалавекам ты, браце, у нас,

Будзь чалавекам і там.

 

Мы у Вялікага будзем прасіць,

Ты каб вярнуўся здароў...

Н-ну! — развітаемся... Сэрца баліць...

Дай жа абнімемся зноў!


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан