epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Прывітанне

З чужой і далёкай краіны

Вітаем цябе, родна мова,—

Раскіданы скрозь твае сыны —

Вітаем, бацькоўскае слова!

 

Пайшлі мы за грошам, за хлебам —

Бадзяцца па свеце шырокім,

Рассталіся з родным нам небам

Ды згінулі ў краі далёкім.

 

Паміжы народаў чужых

Забыліся дзедавай мовы

І песняў, звычаяў сваіх —

Выродкамі стацца гатовы...

Не ў памяці вёска у полі,

Ды нівы, ды рэчкі-балоты,

Не ў думцы браты, што у болі

З вялікае стогнуць бядоты...

Усенька забыліся... доўга

Жылі мы — як? Самі не знаем:

Сваёй была Вісла і Волга,

Не ў думцы, што родны край маем...

Хоць, праўда, не надта харошы,

Хоць бедны — балоты з пяскамі,—

А ўсё ж даражэйшы за грошы,

Бо з нашых прадзедаў касцямі,

Бо ў ім і цяпер засталіся

Там родныя нашы браты

І з мовай, што мы забыліся

Для іншай — другой і — наўды!..

 

Аж раптама вестка дзіўная

Нягадана неяк дайшла,

Што наша гаворка жывая

У друку ўжо йдзе да сяла,

Што словамі дзедаў сваіх

Ў газетах там вучаць ўсяго —

Што трэба любіці усіх,

Што трэба трымацца свайго!

 

Вяліка было наша здзіўленне,

А радасці не ўжо і конца —

Што ўрэшце адвечна зацьменне

Разгоне народнае слонца!..

І шчасце вяліка пачулі

У змарнелых сіроцкіх грудзях,

Лягчэй мімаволі ўздыхнулі

За прышлы Бацькоўшчыны шлях!..

 

З чужой і далёкай краіны

Вітаем цябе, родна мова,—

Раскіданы скрозь твае сыны —

Вітаем, бацькоўскае слова!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан