epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Рацэя

Зюні на 19/ІІІ1

Сястра! За звычаем старынным

Хачу цябе павіншаваць

І рымам2, хоць не вельмі плынным,

Жычэнняў колькі звершаваць.

 

Сягоння ў дзень твайго імення

Якіх жа добр табе схачу?

Багацтва? Думак ўсіх спаўнення?

Цярплівай будзь,— я іх злічу.

 

(Нудней ў хваробе за паэту

Няма, бо мозг яго гарыць,

Заснуць не хоча ён да свету

І рад ўсё вершам гаварыць.)

 

Багацтва й беднасць... Хто з навукай

Рубеж паміж іх правядзе?

Была б дарэмнай спроба мукай,

Бо не раздзеліш іх нідзе.

 

Граніца іх — у нашай волі,

Іх мера — ў нашай галаве:

Адному грош на дзень даволі,

Другі сто тысяч пражыве

 

І скажа: «Мала!» Як магу я

Табе багацтваў жычыць тых,

Што кожан іх сабе малюе

На бляер3 свой, на ўласны штых.

 

А ёсць кляйноды барвы вечнай,

Багацтвы вечнае цаны:

Вясёласць духу, гарт сардэчны,

Цвярозасць мыслі,— вось яны.

 

Няхай табе, як рабы, служаць,

Каб горкіх дум табе не знаць,

Каб з імі клопат ўсякі здужаць,

Ува ўсякай вальцы4 панаваць.

 

Звычайна кажуць, як віншуюць:

«Хай мыслі збудуцца усе!»

Ану ж як мысль адна сфалшуець

І толькі гора прынясе

 

Замест дабра? Ці ж мусіць збыцца

З усім яе укрытым злом,

Каб жыцце — можа так зрабіцца —

Скруціць нам Гордзія вузлом?

 

Не, не! Няма ўва мне такога

К табе, мой свеце, ў сэрцы зла,

Каб жычыць штось табе благога,

З чым ты няшчаснаю б была.

 

Жаданні нашы не заўсёды

Сваімі слушна можам зваць:

На нас найльжэйшыя прыгоды

Наймоцней здольны уплываць,

 

Дый так, што часам нашы змыслы5

Гатовы зблутацца саўсім.

Калі тады прыходзяць мыслі,

То верыць трэба ім не ўсім!

1 Паводле каталіцкага календара 19 сакавіка прыпадаюць імяніны Язэпа (Юзэфа — Зюка) і Юзэфіны (Зюні).

2 Рым — рыфма (польск.).

3 Бляер — выдумка, хлусня.

4 Валька — змаганне (польск.).

5 Тут у сэнсе: пачуцці.


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан