epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Рэдактарскі сон

Паэма не паэма, а нешта «накшталт таго»

Рэдактар брукоўкі —

Соракграшоўкі,

Кладучыся спаць,—

Уздумаў напісаць:

«У гэтым месце старасвецкім,

Слаўным звычаем купецкім,

У гэтым сэрцу Белайрусі

Кажды поляк мувіць мусі,

Ці у краме, ці на рынку,

Ці ў кавярні, ці у шынку,

Ну, усюды, адным словам,

Чыстон польскон пенкнон мовон»1

Напісаў і пазяхнуў,

Павярнуўся і заснуў.

І вось бачыць пан рэдактар

Яў не яў і сон не сон,

Быццам, выйшаўшы з касцёлу,

Да знаёмых цягнець ён.

Захацелася нябозе,

Каб цыгару запаліць,

Але ж трапіла ў дарозе

Партабачніцу згубіць!

«Ну, згубіў, дык ліха з ёю,

Хоць то паменць еднэй дамы».

Так мурмочучы з сабою,

Пан рэдактар ўходзіць ў краму:

«Ту цыгары сон правдзівэ?»

(Не курыў ён папярос.)

І адказ пачуў надзіва:

«Іх фарстэй ніт вілт-ір вос»2

Як ашпараны, ў другую

Забягае краму ён,

І прэстаўце рэч такую,—

І у гэтай той жа сон.

Толькі тут на запытанне

Чуць другі пачуў адказ:

«Москвічі-с мы-с, не цыгане,

Невозможно-с понять-с вас!»

«Ну й прыгода, ну й здарэнне!»

Бурай ў трэцюю ўляцеў:

«Сон цыгары до паленя?»3

Запыхаўшыся, ўскрычэў.

«Сон-то сон,— гандляр гавора,—

Гандлем толькі і жывём,

Але бачыш, пане, гора:

Не сваім не прадаём!

От каб пан па-беларуску

Мне сказаў...» — «Кей я не умем»4.

«Што ж рабіць. І я па-польску

Ані слувка не розумем!»

Пан рэдактар злаяў, плюнуў

І задаў з тэй крамы драла.

Вёрст з чатыры, мусіць, дунуў

(Злосць, бач, вельмі яго ўзяла),

Даляцеў да нейкай крамкі

І крычыць з парогу пан:

«Сон цыгары? Есть сігары?

Ёсць цыгары... ну, цігары ту фаран?!»

Ў краме тут як паднялося...

Збегся слухаць цэлы двор,

Бо хадзяіну здалося,

Што рэдактар — «крышку хвор».

«Каб вы самі звар’яцелі»,—

Пан рэдактар наўцёк

І... прачнуўся у пасцелі.

Ныў паціху левы бок...

Мыш пабегла у куточак...

Недзе певень горла драў...

Ўзяў рэдактар свой лісточак

І са злосцю разадраў.

1 «Plac?wka № 37, артыкул «Elementarny obowi?zek». (Заўвага А. Гаруна.)

2 Я не разумею, што вы хочаце (яўр.).

3 Ці ёсць сігары для курэння? (польск.)

4 Калі я не ўмею (дыялектнае польск.).


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан