epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Самсон

На соты нумар «Беларусі»

«Самсон! Гаворыш ты: адзін твой Бог праўдзівы

І толькі ён адзін у сіле ўсё зрабіць.

Няхай — скажы яму — свае пакажа дзівы:

Хай ўзрок пагаслы твой спрабуе аджывіць,

Хай волю дасць табе і зверне моц былую,

З якою ты, бы леў, губіў філісцімлян.

Парві ты свой ланцуг, як завязку гнілую,

Тады мы ўверымся, што Бог твой не балван,

Якога ты сабе сярод нябёс уроіў,

Катораму палац ў сваёй душы састроіў

І ніцма прад чыім ляжыць твой розум тронам...»

Так над Самсонам

Смяялася гурба ў Баалавай святыні,

А ён між іх стаяў, не чуючы іх слоў.

Здавалася яму, што ён ізноў ў пустыні

Сярод Ізраілю радзімага шатроў.

Так... Раніца яшчэ. Пакуль расой халоднай

Насяклы1 з вечару пясок не грэе ног,

Яшчэ ў глыбокім сне вялізны стан паходны

Народу божага, што столькі меў дарог.

Самсон не спіць ужо. Адзін з ўсяго народу

Тварца свайго ён звык штораніцы вітаць

І, дня чакаючы, звярнуўшыся да ўсходу,

Малітвы шчырыя сыноўскія шаптаць.

Бялее рыхла ўсход. Вось зараз ў сонца шаце

Найвышні з’явіцца у дзённым маястаце

І ўсё благаславіць: зямлю, і неба, й воды,

І рыбаў, і звяроў, і птаства розных роды,

І гадаў-попаўзняў, і рабакоў, й травіцу,

Й расліны ўсякія, дзе толькі могуць быць,

Паветра ціхае, і хмары, й навальніцу,

І гэты свой народ,— усё благаславіць.

Вось небасхіл прад ім ружовай павалокай

Пакрыўся, спакваля змяніўшы колер свой...

І раптам баграю, ў кароткім мгненні вока,

Заліўся ўвесь усход. У кароне залатой

Ў праменнях сонечных Ўласціцель паказаўся,

І з Божай ласкі дзень людзям і ўсім заняўся.

Самсон мяняўся ўвесь ў набожным паднясенні,

І твар яго мужскі за небам развідняў.

«Мой Бог, мой Пан, мой Свет!» — шаптаў ён ў патрасенні

І рукі замест крыл душы сваёй падняў...

Аж голас чуець стуль: «Прыйдзі, мой сын бяздольны!

Ты адпакутаваў за грэх свой мімавольны».

З тым моц даўнейшую ў сабе пачуў Самсон...

Калі ж блюзнерчыя яго ўзбудзілі крыкі:

«Дапамажы мне, Бог, ўсяхмоцны і вялікі!» —

Так пракрычаў ў акропным гневе ён

І путы разарваў звычайным рухам рук —

Упёрся у калоны, пачуўся грукат, стук...

І сцены капішча да грунту патрасліся,

Магілай стаўшыся для тых, што ў ім знайшліся.

1 Насяклы — намочаны.


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан