epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Шчаслівы чырвонец

Абраз І
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
    І
    ІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI
Абраз ІІ
  З’ява І
  З’ява ІІ
  З’ява ІІІ
  З’ява IV
  З’ява V
  З’ява VI
  З’ява VII
  З’ява VIII
  Апошняя сцэна


Казка ў двох абразкох

 

АСОБЫ

 

Жабрачка—старэнькая, нізенькая, гадоў мае — бог яе ведае

колькі.

Рускі — у брылю, рускай паддзёўцы, ботах бутэлькамі, з скураной

каліткаю праз плячо.

Звычайныя местачковыя мяшчанкі-гандляркі Разбітныя, беглавокія — з такімі ж каліткамі, як у Рускага.

Гандлярка ласоткамі

Гандлярка вопраткамі

Сляпы — такі, каторага ўсякі бачыў, з лерай і даўгім кіем.

Г абрусь —

Г альяш —

Тарэска —

Стэфка —

Г ануська —

Адна дзяўчынка

Мікалай —

Іванька —

Тодар —

Міхась —

Андрэй —

Пятрук —

Усё вясковыя дзеці, шкаляры. Габрусю 12 гадоў, Гальяшу 10, каля 11 гадоў. Рэшта дзяцей у веку ад 9 да 12 гадоў. Адзеты звычайна, па-вясковаму, хто бядней, хто крыху багацей, хаця больш-менш усе роўна.

Павадыр — гадоў 7—8. З торбачкамі для хлеба.

Вясковыя хлопчыкі і дзяўчаткі школьных гадоў.

 

 

Абраз І

 

Дарога за сялом. Удалечыні, праміж лугоў, відаць рэчка. За імі няроўны відок. Невысокія непрарыўныя горы, пакрытыя зараснікам, праміж якога там-сям — старэйшыя дрэвы. Справа пад вечар. Каля дарогі валяецца таўста*я калода.

 

З’ява І

 

Жабрачка выходзіць з правага боку, апіраючыся на даўгі кій, і ідзе па дарозе. Адзенне яе зборнае, з усякіх лахманоў. Абвешана торбачкамі і кайстрачкамі.

 

Жабрачка (убачыўшы калоду). А, адпачыць можна! (Сядае на калодзе, палажыўшы кіёк каля сябе, і зверху ўніз гладзіць сабе ногі; прамаўчаўшы.) Ходзіш, ходзіш, цягаешся, валочышся па свеце... Апрыкрала! Людзі мяняюцца, а я ўсё адна... Усякаму дагадзі, усякаму шчасця дай, а мала хто падзякуе,— усякі на долю наракае. «Доля такая, доля гэтакая»,— а я ўсё адна — ні добрая, ні благая... Не ўсё ж роўна людзі, што ў гэтай вёсцы, што ў тэй? Мне ўсё роўна! Я іду, сваё раблю, а назад не аглядаюся. Бывае так, што часамі таго самага чалавека на дарозе спаткаю,— дык што ж? Мне ўсё роўна: той чалавек, гэты чалавек — адны людзі!.. Для ўсіх адным шчасцем сееш, а што яно няроўна абыходзіць, ды я ў гэтым нявінна... Я сабе іду, сваё раблю, а аглядацца некалі: людзей шмат, я адна— усім дагадзіць мушу... Вось так (вымае з адной кайстры жменю чырвонцаў і кідае яе на дарогу, рассяваючы) вымеш, пад ногі кінеш, а хто знойдзе і як спажыве, хто яго ведае — мне аглядацца няма калі! (Зноў гладзіць ногі.) Ох, ножкі мае... ножачкі, замучыце вы мяне, так балючы. (Нахіляе галаву ніжэй і ніжэй, ціха мурмоча сабе пад нос, задрэмліваючы, і, заснуўшы, ссоўваецца з калоды на зямлю і кладзецца на бок. Мурмоча, як бы праз сон.) Ды і я вас мучаю... Ножачкі... Людзі... Людзей шмат... Хадзі, хадзі... А я не аглядаюся...

 

 

З’ява ІІ

 

Жабрачка і шкаляры.

Шкаляры выбягаюць гурмам,— відаць, варочаюцца са школы. Хлопцы, дзяўчаткі — вясковыя дзеці, па-ўсякаму адзеты. Наперадзе іх Габрусь. Крычыць, абярнуўшыся да другіх, махаючы кніжкамі.

 

Габрусь. Хлопцы! Дзяўчаты! Каму дамоў не пільна?

Усе (пытаюцца разам, але кожны па-свойму). Чаму? Дык што? А што будзе? (Чуецца некалькі галасоў.) Мне, мне...

Габрусь. Бо каму не пільна, дык маглі б тутака астацца пагуляць.

Некаторыя. Можна! Можна!

Адна дзяўчынка. А мне трэба ісці: мама казала не бавіцца. (Ідзець.)

Тода р. А мне есці хочацца: снедаць нічога з сабой не браў.

 

Ідзець ён, а за ім і першай дзяўчынкай дзеці часткаю расходзяцца. Некаторыя моўчкі, некаторыя з слоўмі: «І мне трэба ісці», «І я не магу астацца», «У хаце чакаюць» і інш. аддзяляюцца і ідуць. Ім услед з той часці, якая застаецца, крычаць: «Стэфка, пачакай! Пойдзем разам, толькі крышку пагуляем», «Яська, куды ты?» і г. д. Але да іх адказуюць тыя, каго клічуць,— «Не пайду», «Мама казала» і г. д.

 

 

З’ява ІІІ

 

Некаторыя астаюцца, усяго душ 10, з іх 3 дзяўчынкі...

 

Стэфка (да Габруся). А ў што гуляць будзем?

Габрусь. Ды ў што хочаце. Ну, у гарэлыша давайце!

Тарэска. Не, не, лепей у звон.

Мікалай. У жмуркі! У ката!..

Гануська. У сяло!

Іванька і іншыя (наперабой). У краскі! У Маскву! У караля! (Потым крычаць.) У соль, будзем у соль гуляць! У соль! У соль!

Габрусь. Ну, хто сядзе са мной? (Сядае на зямлю.)

Мікалай. Я! (Падбягае і сядае, рэшта становіцца ў кучы і потым, расцягнуўшыся ў адзін рад, пераходзяць праз ногі сядзячым на зямлі, спяваючы хорам. «Ідзець байдак без солі, без солі! Ідзець байдак без солі, без солі». Перайшоўшы так, паварочуюцца назад і адзін па адным пераскакуюць праз ногі тых, што сядзяць, з крыкам: «Ідзець байдак з соллю!» Чацвёртага з чаргі, Іваньку, Габрусь ловіць.)

Усе. Ай-яй, Іванька папаўся, не перайшоў з соллю!

Габрусь (устаўшы, да Іванькі). Ну, цяпер ты сядай, а я соль пацягну. (Усе пачынаюць гульню зноў, Мікалай злавіў Стэфку, каторая, як толькі Мікалай устаў, кажа.)

Стэфка. Ай, я не хочу сядзець! Што гэта за гульня, каб сядзець? Лепей у што-небудзь другое будзем гуляць.

Габрусь. Аў што другое?

Гануська. У перасечкі, у перасечкі!

Іншыя (падтрымваюць). У перасечкі, у перасечкі!

Габрусь. А хто першы пачне гарэць? Хочаце, я буду?

Некалькі галасоў. Не-не, чатавацца, каму першаму!

Габрусь. Ну, добра, будзем чатавацца. Станоўцеся роўна. (Усе становяцца каля яго паўколам, а ён пачынае лічыць напаўспяваючы.)

 

І

 

Саломінка, яромінка

Прэла, гарэла,

На мора ляцела,

Выйдзі вон, Радзівон!

 

 

ІІ

 

Цок — цылірок,

Пана Фіда футарок

Прэў, гарэў, пастарэў!

Апанас, выйдзь ад нас!

 

 

Калі скончылася чатаванне, Мікалай, катораму прыпала гарэць, кажа: «Ну, станоўцеся, будзем гуляць». Усе становяцца за яго плячыма пара за парай, а Тарэска не мае сабе пары.

 

Тарэска. А ў мяне пары няма.

Мікалай. Дык пастой так, пакуль мы не скончым.

Тарэска. Ай, я не хочу, я бардзей дахаты пайду!

Некаторыя (абярнуўшыся). Чакай, Тарэска! Мы толькі раз абяжым без цябе, а потым усе будзем гуляць.

Тарэска (стаўшы збоку, нараўліва). Ай! Я не хочу.

Габрусь. Ай, слухайце, вунь Тарэсцы і пара ідзе!

Усе (глядзяць на дарогу, адкуль прыйшлі; адзываюцца галасы). Гальяш! Гальяш!

Мікалай. Хадзі хутчэй, Гальяш, станавіся ў пару!

 

З’ява IV

 

Тыя ж і Гальяш, хлопчык гадоў 9—10, з кніжкамі, адзеты не горш за іншых шкаляроў.

 

Гальяш (усім, каторыя яго абступаюць, некаторыя нават ухапіўшы за рукавы). Куды вы мяне клічаце?

Габрусь. У перасечкі гуляць з намі.

Гальяш. Ой не, я і без гульні дамоў забавіўся! Будзе мама сварыцца, што спазніўся. Яшчэ трэба па каня ў лог ісці.

Мікалай. Паспееш! Разам пойдзем у лог. А дзе ж ты быў?

Гальяш. У вучыцелькі. Дровы ёй заставаўся пілаваць.

Стэфка. Якія дровы?

Гальяш. Ды вучыцельчыны ж!

Габрусь. А хіба наша настаўніца сама свае дровы рэжа?

Гальяш. Як жа сама? Бачыш жа, я памагаць аставаўся.

Габрусь. Ну, то ты, ведама, любіш падласціцца...

Гальяш. Чаму так — люблю?

Габрусь. А што ж, астаецца памагаць вучыцельцы, маўляў, бы яна і наняць каго не магла?

Гальяш. А каго ж яна нойме? Ды і грошай у яе нямашака. Гэта ж яе мама хворая, дык усё сваё жалаванне аддае на яе лякобу. Чаму ж не памагчы? І што тут кепскага?

Тарэска. Праўда, праўда! (Да першага хлапца.) Ты не добры, Габрусь, не шкадуеш нікога.

Габрусь. Эт, усіх шкадаваць... Давайце лепей гуляць. (Да Гальяша.) Ты ў нас гульню толькі перарваў!

Гальяш. Вы самі мяне, не ведаю чаго, клікалі.

Мікалай. Гуляць, гуляць! Нашай Тарэсцы пары няма ў перацінкі стаць.

Гальяш. Не, я не магу, трэба ісці...

Мікалай. Астанься, астанься! Толькі адзін раз згуляем, ды ўсе пойдзем разам.

Усе (просяць). Астанься! Астанься!

Гальяш. Ну, добра, добра, абы хутчанька, не забавіцца.

Мікалай (хлопнуўшы Гальяша па плячы і падскочыўшы ад радасці). Гэтак лепей адразу казаў бы! (Да ўсіх.) Ну, у пары, у пары! (Становіцца сам, а за яго плячыма становяцца іншыя, кажа: «Гару!» і аглядаецца назад.)

Усе (крычаць). Не, не, цур, цур! Не глядзі назад! Не глядзі назад! Глядзі роўна!

Мікалай (затыкаючы вушы). Ой, не верашчыце ж так! Буду роўна... Ну, гару!

Усе (хорам). Гары, гары яс-на, кабы не пагас-ла. Пых!

 

Пасля «пых» апошняя пара, абягаючы ўсіх, а таксама і Мікалая, стараецца злучыцца наперадзе. Перасечнік Мікалай ловіць аднаго з пары з крыкам: «Ага, братка, спаймаў! Ну, цяпер ты сячы!» — і, узяўшыся за рукі з другім з тэй пары, становіцца наперадзе ўсіх. Новы перасечнік, так, як і Мікалай, становіцца да ўсіх плячмі і крычыць: «Гару!» Тады ўсе, як перад тым, спяваюць зноў «Гары ясна...» і пасля «пых» — апошняя пара таксама абягае з двух бакоў гуляючых, каб злучыцца, што ёй і ўдаецца. Яна становіцца ў першы рад. Той самы перасечнік, стаўшы наперадзе, крычыць зноў «гару», і гульня ідзець і далей аж да таго часу, пакуль абягаць усіх не прыходзіцца тэй пары, у якой стаяў Габрусь. Уцякаючы ў бок ад перасечніка, ён раптам становіцца і, жвава нахіліўшыся, паднімае нешта. Перасечнік яго ловіць у гэты час.

 

Перасечнік. Ага!

Габрусь. Цур, цур, я не буду!

Перасечнік. Чаму? Пакажы, што ты падняў!

Усе (кідаюць рады і падбягаюць да іх). Што? Што?

Габрусь. Што! (Паказуе ўсім.) Вось што! Чырвонца знайшоў!

Усе (здзівована). Ай-яй! Чырвонец!.. Чырвонец...

Стэфка. Трэба пашукаць, ці няма тут яшчэ чырвонцаў! (Кідаецца шукаць, а за ёй усе. Чуюцца галасы: «Не, няма, нехта адзін толькі, мусіць, згубіў». «Не, тут знойдзем яшчэ аднаго».)

Гальяш (раптам ускаквае з зямлі і, высока падняўшы ў руцэ чырвонец). Ага, вось ён! І я знайшоў чырвонца. Залаты, залаты! (Пакручвае чырвонец у пальцах на ўсе бакі.)

Усе (абступаючы яго). Аяй, і ён знайшоў! І ён знайшоў!

Габрусь (працягуючы руку да Гальяша). Дай!..

Гальяш (кладзе яму на далонь чырвонец). На...

Габрусь (борздзенька хаваючы абодва чырвонцы ў кішэню). Дзякуй! Ха-ха-ха!..

Гальяш. Як «дзякуй»? За што ты дзякуеш?

Габрусь. Ды за таго ж чырвонца, каторы ты мне падараваў!

Гальяш. Я табе не дараваў чырвонца, я толькі даў табе паглядзець на яго.

Габрусь. Я ж у цябе не прасіў паглядзець. Я папрасіў «дай», а ты сказаў «на» і аддаў мне чырвонца; тагды я табе за яго падзякаваў...

Г альяш. Але я хацеў сказаць: «На, паглядзі», а ты мяне перабіў...

Габрусь. Ну, я гэтага не чуў. Ты сказаў мне — «на», я табе — «дзякуй», і на гэтым квіта. (Частка дзяцей смяецца.)

Гальяш. (з плачам у голасе). Нашто ты мяне ашукаў? Я табе не аддаваў саўсім, а ты...

Габрусь. Гэта ты мяне ашукаць хочаш: сам аддаў наперад, а цяпер зноў даходзіш. Ідзі на гэта такога дурня, як сам, пашукай... Хай табе вучыцелька дасць чырвонца за тое, што ты ёй дровы пілаваць астаешся. (Частка дзяцей смяецца, другая трымаецца няпэўна.)

Гальяш. Аддай!..

Габрусь. Ого! Наша каза за слёзы ўзялася: бэ-э... (Да ўсіх.) Ідзём, я вас цукеркамі пачастую. Хіба дурнявых слёз не бачылі, ідзём! (Усе адварачуюцца за ім і ідуць па дарозе ў вёску. Габрусь яшчэ раз абарачуецца і дражніць Гальяша.) Бэ-э... бара-ан...

Гальяш. Абакула! Ашуканец!

Габрусь (выбягаючы). А, дык ты яшчэ і лаяцца?! Дык вось жа табе! (Б'е Гальяша пад ножку, аж той падае, і ўцякае, а за ім усе дзеці, каторыя яшчэ заставаліся.)

 

 

З’ява V

 

Гальяш і Жабрачка.

 

Гальяш (паднімаючыся з зямлі, з горкім плачам). Адабраў... Чырвонец адабраў ды пабіў яшчэ... Ашуканец... (Плача, выціраючы рукавом слёзы.)

Жабрачка (прачнуўшыся, паднімае галаву). Ох! (Глядзіць на Гальяша.) Хто гэта плача тут? (Паднімаецца, бярэ ў рукі кій і, папраўляючы катомкі.) Нейкае хлапчанё... Падысці запытацца?.. (Па-старэчаму падыходзіць ззаду да Гальяша і кладзе яму сваю руку на плячо.) Аб чым засмуціўся, дзіцятка, чаго плачаш? (Гальяш аглядаецца на яе як бы са страхам, яна гладзіць яго па шапцы рукой.) Не бойся, не бойся мяне, дзіцятка, скажы, чым цябе пакрыўдзілі?

Гальяш (праз плач, пакрыўджаным голасам). Мы гэтта гулялі...

Жабрачка (ківаючы галавой). Гулялі, гулялі... Што ж бы яшчэ рабілі, каб не гулялі!..

Гальяш. А ён знайшоў чырвонец...

Жабрачка. Хто ж ён, дзетачкі?

Гальяш. Габрусь...

Жабрачка. А-а... Бач, Габрусь знайшоў чырвонец, а... далей што?..

Гальяш. А потым я знайшоў чырвонец...

Жабрачка (як бы здзіваваўшыся). І ты знайшоў чырвонец?.. Дзе ж твой чырвонец?

Гальяш. Дык ён у мяне адабраў яго...

Жабрачка. Хто?..

Гальяш. Габрусь. Ён кажа: «Дай». Я думаў, што ён хоча паглядзець толькі, дык кажу: «На», а ён узяў, палажыў у кішэню і гаворыць: «Дзякуй»! (Усхліпае.)

Жабрачка. Яй, які нягодны! І не аддаў?

Гальяш. Не... А потым узяў мяне і штурхануў на зямлю...

Жабрачка. Ах, нягодны які! Яшчэ пабіў. Вось круцель!.. Ну, нічога, дзеткі, ты не плач. Усё роўна яму тыя чырвонцы не паслужаць. Круцялём, кажуць, свет пройдзеш, а назад не вернешся. Не плач, дзеткі, што ж зрабіць. Забраў дык забраў, няхай гэта яго шчасце будзе. А я табе... (вымаючы з кайстры чырвонец і кладучы яго ў руку Гальяшу), а я табе другі чырвонец дам, вось маеш! Гэты, можа, шчаслівейшы будзе... (Гаворыць з затоенай думкай.) Ніхто яго ад цябе не забярэ... не адбярэ... (Гладзіць Гальяша па галаве, зняўшы з яе шапку.)

Гальяш (ловячы яе рукі, каб пацалаваць, жыва). Дзякуй, дзякуй, бабулечка!

Жабрачка (не даючы рукі). Не трэба, дзеткі, мяне ў руку цалаваць, хоць я і старая. Дай лепей я цябе ў твае гэтыя бедныя вочкі, што плакалі, пацалую. (Адхіляе яго галаву і цалуе яго ў вочы.) Ну, а цяпер ідзі дамоў, там на цябе, пэўне, чакаюць. Але толькі нікому пакуль што аб сваім чырвонцы не кажы. Рана людзі даведаюцца — пашкодзіць можа. А ў нядзелю, як будзе фэст, дык ты раней за другіх пастарайся на торг трапіць і там на ўсё, што ні ўпадабаецца, смела падыходзь і пытай цану — усё за свайго чырвонца купіш. (Так гаворачы, падводзіць хлопчыка аж на край дарогі ў вёску і, запыніўшыся сама, яго лёгенька падштурхуе рукою.) Ну, ідзі, мае дзеткі! Там цябе ў хаце чакаюць...

Гальяш (з-за дрэваў ужо). Дзякуй, бабулечка!.. Дзякуй!

Жабрачка. Няма за што, дзеткі, няма за што!..

 

 

З’ява VI

 

Жабрачка адна.

 

Жабрачка (па-старэчаму). Ой, трэба ісці... Трэба сабе ісці... Што там шчасце?.. Адзін даў, другі ўзяў... Ой, ногі мае, ножачкі! Калі вы хварэць перастанеце?.. Ой, ой!.. (Так паволі вохкаючы, ідзе сабе далей па дарозе ў бок ад вёскі.)

 

 

Абраз ІІ

Адзін з куткоў рынку. У глыбі сцэны, каля паркану, стаяць тры паходныя крамкі на ручных каламажках. У першай, з правага боку,— пернікі, цукеркі, ласоткі... У другой — абразкі, малюнкі, стужкі, каралі, цацкі; у трэцяй — хусткі, сукенкі, боты — усялякія адзежы. За парканам — вуліца, абсаджаная дрэвамі, край нечыяй сялібы, поле; хаваецца ў лесе далёкая крывая дарога.

 

 

З’ява І

Гандлярка ласоткамі, Рускі, Гандлярка вопраткамі.

 

Рускі (тупае каля сваёй крамкі, развешваючы тавар; да Гандляркі ласоткамі). Што й, матушка, престол-то ў вас вялік?

Гандлярка ласоткамі. Яшчэ які вялікі, чалавеча. Народу таго звычайна, як мурашак, бывае — толькі спраўляйся...

Рускі. Ішь ты! А чаво ж не відаць — народу-то?

Гандлярка ласоткамі. Як не відаць, а што гэнам робіцца, паглядзі? (Паказуе ў правы бок.) Толькі яшчэ рана крыху; гэта — толькі тыя, што здалёк на наш фэст прыязджаюць.

Рускі. Вона!

Гандлярка ласоткамі. Але. Ты, мусіць, першы раз тут купцуеш, што не ведаеш?

Рускі. Впервой.

Гандлярка ласоткамі. Відаць — бо пытаешся. Тутака ў нас на ўсё свой парадак. Бачыш (паказуе рукой) вунь, аж там, за царквой,— там усё толькі коньмі гандлююць — бо ў гэты дзень у нас конскі кірмаш; той канец конскім дзеля таго завецца. Бліжэй ля царквы — там дзядоў, як мурашак, збіраецца — гэты канец дзядоўскім завецца. А гэтта, дзе мы стаімо, і бліжэй сюды да нас, тут, бачыш, усё моладзь, ды бабы, ды дзеці таўкуцца, дык наш канец называецца дзяцінцам...

Рускі. Эва!

Гандлярка ласоткамі. Але, дзяцінцам!

 

Як раней, усе прыбіраюць тавары на сваіх латакох. Кароткая паўза.

 

 

З’ява ІІ

 

Тыя ж і Жабрачка.

Ідзець, вохкае, кіхкае. Першай на яе звяртае ўвагу Гандлярка ласоткамі і, кінуўшы прыбірацца, глядзіць на яе з здзіўленнем. Жабрачка паволі ступае-сунецца.

 

Гандлярка ласоткамі. Куды ідзіцё, бабуля? Мусіць, не туды трапілі, у нас жабракі ўсе тамака (паказвае рукой), у старэцкім канцу.

Жабрачка. Га? Кх-х-х-х... Што? У старэцкім канцу, кажаш, маладзіца?

Гандлярка ласоткамі. Ну, але!

Жабрачка. Але паехаў на вале, кажуць, такам праўду араць... Хэ-хэ-кх-кх-кх. Ой, старасць, дачушка!

Рускі. Ішь ты, бабушка! Старая, старая,— а, відаць, бывалая... Как урезала-то!

Жабрачка. Як старая, то і бывалая — ведама. Мусіць, нікому з вас, як мне, не давялося столькі бываць на свеце ўсюды.

Р у с к і. Ой лі? І в Ярусаліме пабывала?

Жабрачка. І ў Ярусаліме... Усюдых мяне было досыць...

Рускі. Ішь ты!

Жабрачка. А ў вас гэта што сягоння за збор народу — фэст ці кірмаш?

Гандлярка ласоткамі. І фэст, і кірмаш на коні, бабка. А жабракі ў нас вунь там каля касцёла сядзяць. Пайшлі б і вы туды, усё ж бы нешта сягоння мелі.

Жабрачка. Не, маладзіца, дзякуй, я не жабрую. Часамі, бывае, папрашу хлеба кавалачак, а так у мяне дзяк-кх-х-х (кашляе), у мяне і сваё ёсць. Нашто людзям у вочы лезці?..

Гандлярка ласоткамі. Ну, як хочаш сама. Я так сабе раю.

Жабрачка. А, ведама, так сабе, ведама. Якое ўбранне, так таму і прыманне, а які пачот, такая і падзяка... А ў вас гандаль, ці што?

Гандлярка ласоткамі (грубавата). Няўжо ж не бачыш: гандлюем!

Жабрачка. А-а, ну я крыху недабачу. Купец з мяне кепскі, мусіць, не куплю нічога. Во хіба сама што прадаць спрабую...

Рускі і Гандлярка ласоткамі (у адзін голас). Ты?!.

Жабрачка. Ох, напужалі! Чаго вы гэтак здзівіліся? І я тавар сякі-такі маю...

Рускі. Што за тавар?

Гандлярка ласоткамі. Які тавар, бабулька? (Гандлярка вопраткамі адыходзіцца ад свайго латка і цікава прыслухоўваецца і прыглядаецца.)

Жабрачка. Як на каго, як для каго!.. Усяго патрошку... Вось тут, здаецца, яшчэ нікім не занята, я тут і прыспасоблюся...

 

Ідзе на левы бок, крыху наперад, і скінуўшы з плячэй торбы, ставіць іх на зямлю. Потым вымае з аднае торбы пасцілку і, паслаўшы яе на зямлі, раскладае на ёй, вымаючы з торбы, усялякае рухмоцце: пучкі засушаных кветак, шчарбатыя нейкія міску і кубак, маленькую барылачку ад гарэлкі, старую шапку-мяргелку і скрыпачку з адной толькі рымкай і як бы абгрызаным смыком і г. д. Вымаючы, старая прыгаварвае-мурмоча: «Тавар... У мяне ўсякага краму досыць, хай толькі бяруць, каму што трэба! Будзе з чаго і паесці, і папіці, і людзей смяшыці». Пакуль яна ўсё гэта робіць, усе прыглядаюцца на яе тавар; гандляркі ўсміхаюцца жаласліва, а Рускі, падступіўшы ўсіх бліжэй, глядзіць-глядзіць, нарэшце кажа, пакашліваючы: «Тоже сказала — тавар!» У часе гэтай сцэны чуецца гоман народу на рынку, а каля слоў Рускага гоман чуецца бліжэй. З яго выдзяляюцца галасы, смяшкі, крыкі. Гандлярка вопраткамі, падняўшы вочы ў той бок, адкуль ідзець гул.

 

Гандлярка вопраткамі. Ай, вохці мне, любенькія, ідуць ужо, ідуць!

Гандлярка ласоткамі. Але, а мы тут саўсім аб торгу забыліся. (Становіцца прытка за свой латок.)

Рускі. І пра!.. (Таксама ідзе да свайго латака і нешта яшчэ папраўляе.)

Гандлярка ласоткамі (запрашаючы на спеў).

 

Пернічкі-цукерачкі,

Прысмачнікі-ласотачкі!

Не мінайце, цётачкі!

Пернічкі, цукерачкі,

Смачныя, салодкія!

 

 

 

З’ява ІІІ

 

На вуліцу адразу гурмамі выходзяць некалькі па-святочнаму прыбраных дзяцей; са смехам, з крыкам разбягаюцца яны купкамі каля крам, прыглядаюцца; некаторыя дзе-што купляюць. Першым чынам торг пачаўся ў Гандляркі ласоткамі. Яе пытаюць: «Колькі каштуе», «Пачым», «Па сколькі», яна, завіхаючыся, адказуе: «Па грошыку», «На капейку дзве», «Шастак» і, беручы грошы, аддае то аднаму, то другому тавар. Некаторыя, купіўшы ў яе, ідуць далей пад Рускага, дзівяцца на абразкі, потым пераходзяць далей. Некалькі прайшло і міма Жабрачкі, жартам пытаюцца: «Пачым», а пачуўшы ад яе адказ, кажуць: «Ого, шмат хочаш, бабулька!»

 

Рускі (у часе гэтага спявае).

 

Шпількі да іголачкі,

Сергі да прыколачкі,

Лентачкі, калечкі...

Бусы да каралікі

Чыстыя хрусталікі,

Кніжачкі, картіначкі —

Падхадзі, дзявчіначкі.

 

Гандлярка вопраткамі (абрывіста). Боцікі... Шапачкі... Світачкі... Хустачкі... Пекныя... Боцікі...

 

З гурту выдзяляюцца Стэфка і Гануська, выходзяць наперад, як бы для перагавораў.

 

Стэфка. Гануська, як ты скажаш, купіць мне гэтыя каралікі (паказуе на кораб Рускага) ці не купіць?

Гануська. А чаму ж не, калі грошы маеш — купі. Я б сабе дык купіла б.

Стэфка. Калі ж ён дорага хоча.

Гануська. Ну, дык не купляй, калі дорага.

Стэфка. Не-не, я куплю сабе, куплю! Хадзем!

 

Бярэ за рукаў Гануську, скоранька ідзе да латака. Ад латака з вопраткай адыходзіць Іванька, а з ім Міхась і Андрэй. Іванька трымае ў руках боты.

 

Міхась. Але ж файныя ты боцікі ўзяў!

Іванька (радасна, аж падняўшы боты прад вочы). Але!

Андрэй. Толькі што ты не памераў, можа, яшчэ і не па тваёй назе?..

Іванька. Чаму не па маёй? А во ж я іх адзену. (Сядае і накладае на босую нагу адзін бот.)

Андрэй. Палез?

Іванька. Ого! Яшчэ як... Зараз і другі надзену! (Адзяе другі бот і, ускочыўшы на ногі.) Ну? Дзівіцеся! (Хлопае па халяве.)

Міхась. І нідзе не ціснуць?

Іванька. Нідзесенькі! Быц на маю нагу і шыты. Ну як, добра? (Да Жабрачкі, жартам.) Добра, бабулька, мне боты пасуюць?

Жабрачка. Але, пасуюць... Усё тое добра, што пасуе, і ўсё пасуе, што добра! Можа, яшчэ і ў мяне купіш?

Іванька. Не, грошы не маю. Татка мне колькі даў, то я ўсе на гэтыя боты выдаў.

Жабрачка. Шкода, шкода, усё ў мяне на аднаго купца болей было б! Насі здароў, дзеткі, насі здароў...

Іванька. Дзякуй, бабулька! (Да хлапцоў.) Ну, пойдзем: яшчэ ў мяне дзесятка засталася, купім цукеркаў я вас пачастую. (Зварачуецца да латака з ласоткамі. )

 

 

З’ява IV

 

Вызодзіць на вуліцу Сляпец з лераю. Хлопчык падводзіць яго пад бярозу з правага боку і саджае на зямлю. Сляпец скідае шапку, кладзе леру на калені і, рымнуўшы пару разоў на пробу, пачынае граць, потым спявае.

 

ПАВОЛЬНА

Ой, даўно навіна сталася:

Сястра з брацікам прашчалася.

 

«Прашчай, брацітка мой родненькі!

Ці ж удасца нам спаткаціся,

Як тым птушачкам разлучаным —

Ці патрапіцца зляцеціся?» {зляцеціся?»

«Ой, не людзі нам учыншчыкі —

З табой, брацітка, разлучнікі —

Разлучае нас нягоднае

Гора цяжкае, гаротнае.

Як памерлі тата з мамкаю,

Не к каму нам прыхіліціся».

А на тое брат адказаваў:

«Не маркоцься, мая кветачка!»

Ў адну брата ўзялі сторану,

У другую павязлі сястру.

Брата хочуць, каб узяць ваяваць,

А сястру за тры злоты прадаць.

Засмуцілася адна сястра,

Слязьмі шчырымі залілася,

Пала вобземлю, заплакаўшы,—

Птахай шэраю зрабілася.

Прыляцела на сваю старану,

Апусцілася, пала на сасну.

А на сосну сокал прылятаў,

Ён зязюльку тую так пытаў:

«Ці не ты дачка Іванава?

Ці не ты дачка Таццяніна?»

«Гэта я дачка Іванава,

Гэта я дачка Таццяніна;

Ці ж не ты то родны брацейка,

Родны брацейка Іванавіч?»

«Гэта я, сястра каханая,

Твой брацітка я, Іванавіч;

Вось жа бачыш, мы й спаткаліся,

Як саўсім не разлучаліся!»

 

 

З’ява V

У часе Сляпцовай песні часць дзяцей абступае яго і слухае. Некаторыя кідаюць яму ў шапку грошыкі, некаторыя цукеркі, абаранкі, кавалкі перніка. З двума другімі хлапцамі выходзіць сюды і Габрусь і становіцца таксама слухаць сляпцоўскай песні. Слепец, скончыўшы песню, як бы глядзіць на ўсіх, падняўшы твар угару. Дзеці адыходзяцца зноў ад яго, але двое застаюцца і просяць, прысеўшы на кортачкі, зайграць яшчэ што-небудзь. Сляпец ківае галавой і пачынае настройваць леру. А тыя так сядзяць, аж пакуль ён зноў нешта не зайграў, але што — за шумам не разбярэш. У часе гэтага, зараз жа, як толькі Сляпец перастаў іграць, дзея ідзе далей.

Габрусь (да Міхася, каторы таксама слухаў). Здароў, Міхась!

Міхась. Здароў, альбо падужаемся!

Габрусь. Нашто дужацца — я і без таго ведаю, хто з нас дужэйшы.

Міхась. Хто ж?

Габрусь (з смехам). Мусіць жа, не ты, ды я!

Міхась. Ого, які асілак, а давай папрабуем?

Габрусь. Не хочу і прабаваць, нашто мне пэцкацца!

Міхась. Ага! Бо баішся, што я цябе кіну...

Габрусь. Яшчэ як!

 

У часе гэтай гутаркі каля іх збіраюцца дзеці — большая часць з тых, што гулялі на лузе.

 

Андрэй (з-за другіх). Габрусь, а куды ты свае чырвонцы падзеў, купіў што-небудзь за іх?

Габрусь. Не, не купіў, але прыйшоў вось, каб купіць нешта. Можа, што знайду падобнае...

Андрэй. Багаты ты... Пашанцавала табе!

Габрусь. Але, пашанцавала!

Тарэска. Добра пашанцавала: у Гальяша адабраў дый кажа: «Пашанцавала». Мала хто гэтак мог бы!..

Габрусь (перадражнюючы). Мала хто... ды не ты толькі! Мала хто гэтак ілгаў бы, як ты: Гальяш мне сам аддаў. Я яму кажу: «Дай», а ён гаворыць: «На» дый дае...

Гануська (збоку). Няпраўда, няпраўда!.. Адабраў!.. Ты!.. Ты яму не сказаў, нашто просіш... Бо ты хацеў скруціць.

Габрусь (звысака на Гануську). Адкасніся! Я цябе не чапаю, дык адыдзіся, пакуль не зачапіў.

 

З’ява VI

Тыя ж і Гальяш. Ён выходзіць, узіраючыся на ўсіх, і падыходзіць да Сляпца.

 

Пятрук. А во і сам Гальяш. Гальяш, хадзі сюды — тут аб табе гутарка!

Тарэска. Ага, ага! Вось ён сам скажа... (Да Гальяна, каторы падыходзіць.) Ён кажа (паказвае на Габруся), што ты яму чырвонца аддаў. Праўда гэта?

Гальяш. Я яму даў паглядзець, а не саўсім, а ён узяў ды не схацеў аддаць. Але няхай бярэ сабе, я нават татку не пажаліўся. Мне не шкода, бо мне другі далі.

Габрусь. Ага! Я гаварыў, што ён аддаў.

Пятрук (да Гальяша). Хто табе даў другога?

Гальяш. Бабка нейкая, быццам жабрачка, спаткала мяне тамака, як я заплакаў, калі вы разбегліся, пашкадавала, а потым выняла з торбачкі чырвонца і дала...

Габрусь. Ну, дык табе гэнага і знаходзіць не трэба было саўсім, бо меў бы ты два і быў бы ты за мяне багацейшы, а цяпер дык усё добра.

Гальяш. Няхай ужо ты будзеш багаты — я не злую..., але сябраваць з табой больш не буду.

Габрусь. І не трэба, як сабе хочаш. Я вось пайду за свае грошы пернікі купляць. Як куплю, то, мусіць, папросіш, але не дам. І табе (да Тарэскі) не дам — не будзь гэткай вострай.

Тарэска. Я і за свае здолею купіць — мне мамка шастак на цукеркі дала, а ад цябе дык і сама не вазьму.

Габрусь. Накупляеш ты шмат на свой шастак! (Да хлапцоў.) Хадзем, хлопцы, сягоння я ўсіх пачастую!

Гандлярка ласоткамі (акружаная дзецьмі, гандлюючы, праз увесь час паміж адказамі, што колькі каштуе, заклікае купцоў).

 

Пернічкі, ласотачкі,

Цукерачкі салодкія!..

 

Габрусь. Годзе, цётка, спяваць! Дай мне таго, што ў цябе ёсць.

Гандлярка ласоткамі. Чаго ж, ласкавенькі?

Габрусь. Ды ўсяго. Не помалу хачу браць. Дай мне на паўчырвонца.

Гандлярка ласоткамі (круцячы галавой). Ой-ёй! А грошы ж у цябе ёсць?

Габрусь (падкідаючы на руцэ чырвонцы). А гэта — не грошы?

Гандлярка ласоткамі (укланяючыся). Яшчэ якія!.. Зараз, зараз я табе ўсяго назбіраю — адважу. (Бярэцца адважываць яму цукеркі, пернікі і інш. Вялікшая часць дзяцей, абступіўшы іх, дзівіцца на торг.)

Гальяш (з некалькімі іншымі дзяцьмі і Тарэскай, падышоўшы да Рускага перад гэтым, прыглядаўся да тавару). Дзядзька, колькі гэта люлька каштуе? (Бярэ ў рукі пекную люльку з даўгім крывым цыбуком.)

Рускі. Неужель куріш?!

Гальяш. Не, гэта я свайму татку купіць хочу — ён заўсёды курыць, а люлькі добрай не мае.

Рускі. А! Іш ты, і аб атцэ забота... Дорага, брат, пяць рублёв...

Гальяш. А колькі гэта будзе — больш ці менш за чырвонца?

Рускі. Ха-ха-ха! Вот так купец! Да в червонце, братец ты мой, тры пятёркі будет. Разі у тебя чірвонец есть?

Гальяш (ківае галавой). Ёсць.

Рускі. Пакаж — настаяшнай лі? (Гальяш дае яму чырвонец. Рускі, агледзеўшы чырвонец, прабуе яго на зуб. Да сябе.) Іш ты, старінный дукатец, давнішняго золата! (Да Гальяша.) Настаяшнай! Я те, братец, за няво і трёх трубак не пажалею. (Аддае чырвонец.)

Гальяш. Не, я толькі гэту люльку вазьму. А гэты сцізорык дарагі?

Рускі. Да ентат худой, вазьмі вот палучша, двадцаць пять копеечек. Завяловскі, братец, как брітва!

Гальяш. Добра. А кніжкі гэтыя пачым?

Рускі. Енті? Па трі капеечкі. А вот — Францыль — Венціан антірэснай расказ. Вот ещо Ілья Муромец — чюдо богатырь, он всех на свете сільней богатырей был.

Гальяш. Як багатыр — за ўсіх багацейшы?

Рускі. Да нет жа, сільнея всех! Дюж больна был, как тут у вас говорят. А вот іщо — Персідскія сказкі, тысяча і одна ночь — развлікательная, брат ты мой, чтенія!

Гальяш. Дык я гэтыя кніжкі куплю: вось гэту, гэту, гэту, гэту і гэту. Пачым у вас гэтыя напарсткі, трэба маме адзін купіць?

Рускі. Пятнаццаць копеечек. А іщо чіво возьмёш?

Гальяш. Нічога болей.

Тарэска. Дзядзька, а колькі за гэтыя каралі?

Рускі. Рублішка, рублік, раскрасавіца! Возьмёшь?

Тарэска. Рубе-е-ль?.. Не, не вазьму...

Гальяш. Чаму, яны ж пекныя?..

Тарэска. У мяне столькі грошы няма — рубля... Мама толькі шастак дала...

Гальяш. Дык бяры, я за цябе заплачу, колькі не хваце.

Тарэска (радасна). Можна?

Гальяш. Бяры, бяры. (Да Рускага.) Знімеце ёй, дзядзька, гэтыя каралі.

Рускі. Вот маладчына. На, насі, раскрасавіца! (Адзяе каралі Тарэсцы на шыю.)

Гальяш (да Рускага). А цяпер злічэце, колькі за ўсё мушу плаціць?

 

Рускі бярэцца лічыць, усё складаючы разам. У той час, як ён гаварыў з Гальяшом, Гандлярка ласоткамі наважыла і аддала Габрусю некалькі пакункаў. Атрымаўшы ад яго грошы, пакруціла галавой і аддала іх Габрусю назад. Ён падаў другі чырвонец.

 

Гандлярка ласоткамі (паглядзеўшы на чырвонец, са злосцю да Габруся). Што ты мяне ашукаць хочаш? Даець мне нейкія асьмакі мядзяныя. Давай чырвонца!

Габрусь. Дык я ж вам даю...

Гандлярка ласоткамі. Што ты мне даеш?! Паглядзі сам, што ты мне даеш! (Тыкае яму пад нос чырвонцам.) Гэта ж чыстая медзь, якое ж гэта золата? Аддавай, што набраў! Аддавай зараз жа ўсё!

Рускі (абярнуўшыся ў іх бок). Ішь ты, крік какой, что-й то сделалось? (Да Гандляркі ласоткамі.) Ты чаво, суседка?

Гандлярка ласоткамі (адабраўшы ўсё ад Габруся, паказавае чырвонец Рускаму). Як жа, дзівіцеся, людзі добрыя, які ашуканец: набраў, набраў усяго на чырвонца, а як плаціць прыйшлося — дык медзякамі хоча аддаць — палядзі ты, якія ў яго чырвонцы.

Рускі (узяўшы чырвонец у рукі). Эва! (Падміргіваючы.) Ішь ты, абманшчік. Како ж это золата. Нясі дамой, пусть яво там тебе на золото обменяют! (Аддае чырвонец Габрусю.)

Габрусь (паглядзеў на ляжачыя на яго далоні чырвонцы і, паказуючы іх Рускаму, крыху змяшаўшыся). Чым жа гэта не золата, я ж у таты відзеў такія самыя грошы?!

Рускі (глядзіць яму на руку). І пра [во] золотые, по всей форме! Покаж, покаж-ка... (Бярэць абодва чырвонцы ў сваю руку, здзівована глядзіць на іх.) Вот так штука! Навожденіе... Настояшчыя медзякі... Ну-ка, возьмі

 

Габрусь прымае ад яго чырвонцы і трымае на руцэ.

 

Рускі (глядзіць на руку Габрусю. Хлопае сябе па паддзеўцы). Упять жа золата! Дай-кось. (Бярэ чырвонцы ў сваю руку.) Упять вот медзякі! (Аддае Габрусю чырвонцы.) На-кось тебе твоё золата назад, пусть оно с тобой будет, а нам такова не надобе, мілай! (Да Гальяша.) Пакаж свой, может, і твой золотой с евоным — одной фабрікі. (Бярэ ад Гальяша чырвонец.) Не-е! Вот энтот как раз золото. (Прабуе чырвонца на зуб.) Вот где правда-то! Золотой без всякой хітрості. (Да Габруся). Іді, іді отцэдава з своім золатам: неправільное оно.. (Да Гальяша.) А твой возьму. Сколько тебе сдачі-то? (Лічыць, потым аддае Гальяшу тавар і рэшту і пры гэтым надта ласкава гаворыць і смяецца.)

Габрусь (расчараваны, адышоў, яго абступіла гурба дзяцей). Якіх ім яшчэ іншых грошы трэба. Праўдзівыя чырвонцы, а яны не бяруць...

Тодар. Калі ж бачыш, твае чырвонцы якіясь дзіўныя: як іх хто другі ў рукі возьме, дык зараз медзякамі робяцца.

Габрусь. Ну, глядзі ж — золата?

Некалькі галасоў. Золата, золата!

Мікалай. А цяпер дай мне патрымаць.

Габрусь. На, патрымай.

Мікалай. А цяпер медзякі!

Габрусь. Няпраўда! Гэта ты падмяніў — аддай мае чырвонцы!

Мікалай. Калі я іх падмяніў, што ты? На, вазьмі іх назад сабе.

Габрусь. Не вазьму, не вазьму — аддай мае чырвонцы!

Мікалай (схапіўшы Габруся за руку і ўлажыўшы ў яе чырвонцы). На, вазьмі! Ну што, ізноў чырвонцы?

Габрусь (амаль што не плачучы). Не хачу, не хачу я такіх грошай, калі яны хвальшывыя! (Хоча кінуць іх, але, убачыўшы Жабрачку, спыняецца і, нешта падумаўшы, падыходзіць да яе і пытаецца.) Прадаеш, бабка?

Жабрачка. Прадаю, дзеткі, усё прадаю, што каму знадобіцца.

Габрусь. Ну, дык маеш табе два чырвонцы, а я ў цябе на іх тавару набяру. (Да сябе.) Старая, сляпая, дык, можа, ёй і ўдасца ўсунуць.

Жабрачка (бярэ ад Габруся грошы). Можна, можна і такі гандаль зрабіць. (Разглядаючы чырвонцы.) Хаця я і не дабачу трошкі!.. Але ж ты мяне не ашукаеш? Гэта і праўда золата?

Габрусь (глядзіць ёй на руку. Да сябе). Ізноў медзякамі парабіліся! (Да яе.) Золата, бабулька, золата!

Жабрачка (апускаючы чырвонцы у капшук). Ну, дык выбірай, што спадабаеш.

Габрусь (да сябе). Гм, што ж тут выбраць — усё старызна нейкая... (Паднімае з зямлі філіжанку.) Колькі гэта філіжанка... (Выпушчае філіжанку з рук, яна падае і разбіваецца на чарапкі і таксама разбівае некалькі шкляных рэчаў.) Ах!

Жабрачка (адначасна). Ах, што ты нарабіў! Хай цябе з тваімі чырвонцамі — ты ж мне болей, як на два чырвонцы, патраціў, мае дзеткі!

Габрусь. Нічога, я заплачу...

Жабрачка (раззлавана). Заплачу, заплачу!.. Ты, думаеш, мала мне шкоды нарабіў? На табе, лічы сам!.. (Збірае чарапкі і, паказуючы іх Габрусю, вылічае, колькі каштуюць пабітыя ім рэчы.)

Гальяш (каторы перад гэтым перайшоў да латака Гандляркі ласоткамі і, накупляўшы ў яе ўсяго, палез у кішэнь па грошы, выняў руку з кішэні і, убачыўшы зноў свой чырвонец замест дробных, атрыманых ім рэштай, кідаецца ад Гандляркі ласоткамі да Рускага). Дзядзька, ці я вам грошы аддаў?!

Рускі. Ты-та? Атдал, атдал, малой. Во он, твой золотой. (Адкрывае сваю калітку і глядзіць туды, вытарашчыўшы вочы, да сябе.) Фью!.. Вот так іголачка... А відь золотой-то был всяво одін, явонай... (Працершы вочы, заглядае зноў у каліту, да сябе.) Іш ты, все деньгі золотымі сделалісь! (Выняўшы з каліты адзін залаты, да сябе.) Золотой і с шчербінкай! (Вымае другі, трэці, яшчэ некалькі, і паглядзеўшы, кладзе іх назад.) І всё со шчербінкамі, как я на зуб пробовал! (Да Гальяша.) А... ты чаво?

Гальяш. Бо... бо вы ж мне давалі рэшты сярэбранымі рублямі, пяць, здаецца, далі, а ў мяне зноў адзін чырвонец у кішэні...

Рускі (не верачы). Врё?.. Покаж-ка! (Паглядзеўшы на Гальяшоў чырвонец, вымае з каліты адзін з сваіх і, палажыўшы іх адзін ля аднаго на далоні, кажа да сябе, здзівіўшыся.) Іш ты, как родныя братцы! (Кладзе яшчэ адзін чырвонец на далонь.) І ёнтат такой жа. (Аддае Гальяшу чырвонец.) Заплатіл, заплатіл, мілай, всё сполна. Можаш ідті! (Да сябе.) Вот дзіво-то. Нікогда такова со мной ешчо не бывала. Эх, уходіть надо! Довольно заработал, будет с меня. (Жвава збірае ўсё сваё, звязывае і, моўчкі міргаючы Гандлярцы ласоткамі, ідзе з торгу.)

Гальяш (паціскаючы плячыма). Як яго так? (Ідзе да Гандляркі ласоткамі.) Колькі вам трэба, цётачка?

Гандлярка ласоткамі. За пернікі рубель, за цукеркі гэтыя паўрубля, за гэтыя... (Далей гаворыць і лічыць нешта, але што — не чуваць.)

Жабрачка (да Габруся). Ну, ты ж тут шкоды нарабіў на ўсе твае грошы. Што цяпер будзе?

Габрусь. Я не ведаю што. Як жа так: я два чырвонцы аддаў і нічога не куплю... (Жабрачка далей нешта гаворыць: не то што шкадуе Габруся, не то яму выгаваруе.)

Гандлярка ласоткамі (да Гальяша, узяўшы ад яго чырвонец). Табе шэсць рублёў трэба рэшты. Толькі — ці не кепскі твой чырвонец, як у таго хлапца?

Гальяш. Не ведаю, глядзіце самі...

Гандлярка ласоткамі (кінуўшы чырвонец аб дошку). Добры, звініць. Знача, табе шэсць рублёў з палавінай. (Вымае з кішані на фартух грошы і дае Гальяшу.) На табе: рубель, два, тры, чатыры, пяць, шэсць... На табе паўрубля... Ой, не, гэта твой чырвонец! (Вымае другія грошы.) На табе... Што гэта — зноў твой чырвонец, чаго ён у рукі лезе? На табе... (Глядзіць у кішэню і рукой шукае тамака паўрубля; раптам кажа да сябе.) Братухны, тут жа адны чырвонцы! Самае золата! Вось дык дзіва! (Да Гальяша, жвава.) Я табе лепей гэты вялікі пернік за паўрубля дам! Возьмеш?

Гальяш (радасна). Вазьму, вазьму. Дзякуй, вазьму, цётачка.

Гандлярка ласоткамі. І табе дзякуй за добры гандаль. (Гальяш, абдзяляючы дзяцей пернікам і цукеркамі, ідзець з імі да Гандляркі вопраткамі. Гандлярка ласоткамі жвава збіраецца і вывозіць свой тавар; заглядаючы па дарозе ў кішаню, сціскае плячыма і гаворыць нямоцна.) Адзін чырвонец быў, а тут... Як яно зрабілася? Во дзіва!

 

З’ява VII

Тыя ж без Гандляркі ласоткамі, Рускага і Сляпога, каторы выйшаў яшчэ раней, апіраючыся на хлопчыка.

 

Габрусь (да Жабрачкі). Дык што ж, бабулька, вы нічога і не дасцё за мае грошы?

Жабрачка. Шкода цябе, дзеткі, што з табой зрабіць, і ты не саўсім вінаваты, што твае чырвонцы шчарбаты... Трэба табе цацку якую даць... На! (Дае Габрусю цацку.)

Габрусь. Што гэта за цацка? Нейкая кішка...

Жабрачка. А ты спрабуй надзьмі яе, дык і ўбачыш, якая гэта цацка.

Габрусь (дзьме ў кішку і выдзьмувае пузыр, на якім нарысована нейкая морда; як толькі скончыў дзьмуць, пузыр моршчыцца і з піскам робіцца зноў падобным да кішкі. Усе дзеці кругом смяюцца, смяецца і Габрусь). Ого, які чорт, з піскам! (Зноў надзьмувае цацку, каторая потым таксама з піскам змяншаецца. Да Жабрачкі.) Бабка, пазволь мне яшчэ на гэтай скрыпцы пайграць!

Жабрачка. Пайграць можна, толькі струны не парві.

Габрусь (з пэўнасцю). Ну, я не парву!

 

Бярэ скрыпку і пачынае іграць. Надзіў пальцы яго працуюць як след, смык ходзіць, як трэба, чуецца музыка, нотай падобная да «Лявоніхі». Усе кругом слухаюць. Да музыкі падыходзяць дзеці і ад Гальяша, каторы купіў сабе ў Гандляркі вопраткамі шапку белую, белую світку з сінімі аблямоўкамі, боты з падкоўкамі і ўсё гэта панадзяваў, завязаўшы старую вопратку і ўсё, што накупляў у Рускага і ў Гандляркі ласоткамі, у хустачку. Гальяш аддае свой чырвонец гандлярцы; тая дае рэшты, а потым, паглядзеўшы ў кісу, раптам дае Гальяшу дарагі паяс і, кіўнуўшы галавою, што плаціць больш не трэба, штомомант заглядаючы ў кісу і часам вымаючы з яе чырвонцы, паспешна збірае, складае ўсю сваю краму і мяркуецца ісці. У гэты момант моцны гук, як бы ад вялікага барабана альбо ад ружжа, пужае ўсіх. Габрусь, спалохаўшыся, кідае іграць і апушчае рукі са скрыпкай і смыком.

 

Жабрачка. Ой, што гэта?

Габрусь (глядзіць на скрыпку). Струна парвалася... апошняя...

Жабрачка (злосна). Давай сюды скрыпку! Казала табе — струны не парві, а ты такі парваў, давай скрыпку! (Забірае ў яго з рук скрыпку.) Ідзі сабе, досыць ты мне шкоды нарабіў!

Габрусь (таксама злуючы). Бяры сваю скрыпку! Я яе не з’еў, а што струна парвалася, дык я хіба вінен... (Убачыўшы Гальяша.) Ого, як выстраіўся, як павук перад калодай, бачыш, які пышны! (Праходзіць міма Гальяша, каторы, нічога яму не адказуючы, падыходзіць да Жабрачкі.)

Гальяш (падыходзячы да Жабрачкі і не пазнаўшы яе). Дзень добры, бабулька, ці не прадасце скрыпку?

Жабрачка. Прадаю, усё прадаю. Ты хіба іграць умееш?

Гальяш. Не, навучыўся б, можа.

Жабрачка. А-а! Добра, добра, можаш купіць.

Гальяш. А што вам за яе даць?

Жабрачка. Чырвонца, дзеткі, аднаго чырвонца! Хаця яна больш варта, але тут адзін бусайла на ёй струну парваў. Але струну я табе дам і сама нават начаплю. (Бярэцца начапляць струну.)

 

У часе гэтай Гальяшовай гутаркі з Жабрачкаю Габрусь, перайшоўшы на правы бок сцэны, астанаўляецца і надзьмувае свой пузыр, але той неспадзявана лопаецца, што выклікае дружны смех акаляючых Габруся дзяцей. Габрусь са злосцю кідае пузыр аб зямлю і ідзе саўсім з рынку, а дзеці абступаюць Жабрачку і Гальяша.

 

 

З’ява VIII

Тыя ж, без Габруся.

 

Тодар. Колькі ты заплаціў за боты?

Гальяш. За ўсё аддаў 12 рублёў, а пасак мне крамніца за пяць злоты аддала, бо не мела рэшты.

Жабрачка (падняўшы галаву). Дванаццаць рублёў? Скуль жа ты такі багаты, адкуль твае грошы?

Гальяш. Мне адна бабулька падаравала чырвонец.

Жабрачка. Цэлы чырвонец?.. За што?

Гальяш. Бо мы гулялі каля вёскі, і той хлопец, што струну парваў, знайшоў аднаго чырвонца, а я другога, а ён ) мяне ўзяў ды мой чырвонец і адабраў ды яшчэ мяне штурхануў, а сам уцёк. Я заплакаў ад крыўды, а мне бабулька... (Пазнаўшы Жабрачку.) Ды гэта ж вы былі, мусіць!

Жабрачка (удаючы, што не помніць). Я? Калі? Не! Я табе нічога...

Гальяш. А я думаў, што тая самая... Ну, дык другая, надта падобная да вас бабулька дала мне чырвонец, а калі я сягоння пайшоў сабе купляць, дык што ні куплю — той чырвонец назад да мяне варочаецца, вось і накупіў усяго, і цяпер ён у мяне ёсць — хачу ў вас скрыпку ўзяць.

Жабрачка. А-а, дзіва якое, пакажы ж, пакажы свой чырвонец!

Гальяш. Во ён, маеце. (Падае чырвонец.)

Жабрачка (трымаючы скрыпку ў руцэ, бярэ чырвонец і, паглядзеўшы на яго, кажа да сябе). Быў ён новы і гладкі, а паміж людзей пахадзіў — пашчарбаціўся. Кажуць, доля... доля... самі людзі шчасце шчарбатым робяць: не сваё, дык чужое. (Да Гальяша.) Ну, вазьмі, дзіцятка, скрыпку. Грай, сябе цеш ды людзям пацеху рабі... Яны часта самі сябе крыўдзяць, а потым на долю наракаюць... Спрабуй, зайграй...

 

 

Апошняя сцэна

Гальяш бярэ скрыпку і пачынае іграць, спачатку разануўшы не да ладу колькі разоў па струнах. Паволі з-пад яго рук выплывае пекная музыка, каторая ўсё мацнее і мацнее. Нота музыкі вясёлая, але спакойная, гаворыць аб ясным сонечным дні, спакоі на палёх і на ўсім свеце, аблітым радасцю жыцця. Усе дзеці слухаюць гэтай музыкі як зачараваныя. Жабрачка паціху збірае ўсё назад у свае клумкі і, непрыкметна выходзячы са сцэны, гаворыць, абарачываючыся да Гальяша: «Гэты будзе іграць, ён нікога не пакрыўдзіць, ён не парвець струнаў... ні сваіх, ні чыіх...» Пасля яе выхаду да музыкі Гальяша прылучаецца музыка звонаў. На сцэну выходзіць зноў Сляпец з лераю. На твары яго яснасць, як бы ён бачыў рай.

Заслона

1920?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан