epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Шчаслівы той

Шчаслівы той,

Каму здаецца,

Што з доляй злой

Ён размінецца...

Што шчасця мець

Хвіліну будзе,

Што будзе пець,

Што зло забудзе...

Шчаслівы той,

Каму надзея

Хаця парой

Ўдалі яснее

І за сабой

Яго вядзе...

Шчаслівы той,

Хто верыць-йдзе...

Шчаслівы ён,

Шчасліў-шчаслівы,

Хоць нават сон

Жыцця фальшывы

Пасля загіне

І расплывецца,—

Ён ў магіліне

Ужо апынецца,

Пражыўшы век

Ахвяр цярпення —

Адвечны здзек

Пад шчасця ценьмі...

І не зазнаўшы

Тых мук распачы,

Хто, ўсё згубіўшы,

Ужо й не плача...

Бо і не можа:

Згубіў надзею...

Азвацца — «Божа!»

Нават не смее...

 

Шчаслівы той,

Каму здаецца,

Што з доляй злой

Ён размінецца!..


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан