epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Сцяпан Дзяўджук цяпер багаты...»

Сцяпан Дзяўджук цяпер багаты,

А быў бы ён саўсім без хаты,

Каб розум бог не даў такі.

(Усё ж радзімыя браткі...)

Малодшым ў бацькі быў Сцяпанка,

Апроч яго Язэп, Іванка.

У згодзе жылі ўсе яны,—

Старога слухалісь сыны.

Сам Дзяўга жыў даўно без бабы,

І быў стары здароўем слабы.

Ўва ўсё, аднак, уходзіў сам:

«Не дам, казаў, я волі вам;

Пакуль змагу яшчэ цягацца,

Сам буду ўсім распараджацца,

А як памру, тады канец,

Жыві, як хочаш, маладзец!

А толькі, дзеткі, ты, Іванка,

І ты, Язэп, за вас Сцяпанка

Жыве найменшыя гады

І розум мае малады.

За ім, малым, вы даглядайце,

Ніякай крыўды не ўчыняйце.

Як выйдзе з Сцёпкі чалавек,

То будзе дзякаваці век.

З таго дабра, што вам пакіну,

Адзначу я усім часціну,

Каб спрэчкі не было між вас,—

Бо мой ужо падходзіць час.

Табе, Язэп, з тваёй сям’ёю

Я воляй бацькаўскай сваёю

З усіх траіх найболі дам,

Каб не жылося дрэнна вам.

Жаніцца мусіш ты, Іванка,

І дзеўка ёсць— Рыгора Ганка.

Ужо схадзіў ты ў маскалі,—

Пара асесці на раллі.

Табе, як ты яшчэ без дзеці,

А толькі жонку будзеш меці,

Я мушу мені аддзяліць,—

Папраўдзе так павінна быць.

Малодшы ты за ўсіх, Сцяпанка,

Табе найменшая дзялянка.

Як бог пазволіць, будзеш жыць,—

Здалееш больш і сам здабыць.

А покуль што да Сцёпкі ўзросту

Жывіце з ім, сынкі, папросту.

За ім ўсё трэба даглядаць:

Карміць, вучыць і адзяваць.

Няхай качаецца між вамі,

Як узрасце [—], то вы самі

Яму аддайце, што яго,

Дзеля прыказу маяго».

Так навучаў дзяцей часамі,

А тыя слухалі і самі

Казалі бацьцы у адвет,

Што будуць слухаць той завет...


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан