epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Сірочая песня

Цераз хвойнічак да поля

Сцежка цягнецца вузенька.

Тою сцежкаю паволі

Йшла дзяўчына маладзенька.

 

Белы твар і кары вочкі

Нечым былі засмучоны,

Броўкі ценкія — шнурочкі —

Долу былі апушчоны.

 

Слёзы, нібы-то з крышталю,

З воч каціліся, спадалі,

І уздохі, дзеці жалю,

Грудкі цяжка уздымалі.

 

«Дзе ж ты, дзе ты, мой міленькі? —

Ціха гэтак заспявала.—

Мой саколік даражэнькі,

Без цябе я тут прапала.

 

Жалю сэрца к сіраціне

Навакола ні у кога,

І няма к чужой дзяціне

Людзям дзела ніякога.

 

Толькі то адно і знаюць —

Цяжкай працаю душыці;

Як захочуць, патураюць.

Горка, любы, цяжка жыці!

 

Дзе ж ты, дзе ты, хлопча любы?

Можа, слышыш? Адгукніся!

Мой жаданы, мой галубы,

Ўзяць мяне з сабой вярніся!

 

Без цябе мне свет без сонца,

Ноччу месяц мне не свеце.

Ты ж не пройдзеш ля ваконца,

Як было у прошлым леце».

 

У кахання слоў нямала,

Песняў многа у дзяўчаці.

Але вёска відна стала,

Дзеўка кінула спяваці

 

З воч крышталі наастатку,

Слёзы хустачкай змахнула.

От і вёска напачатку,—

Дзеўка цяжка уздыхнула.

1910 г.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан