epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Скуль у мяне...

Скуль у мяне

Мора дум —

Дзіўны шум —

Болю мора,

Жалю, гора

Нахлыне?..

Што зрабіў

Я каму?

Не згану —

Што спакой

Святы мой

Загубіў...

Што удзень

Сяк і так —

Усяляк —

Я вось б’юся,

Валачуся,

Моў той цень...

А уночы

Нейка мара,

Думак хмара —

Так нясецца,

Аж вінецца,

Аж рачога —

Аж баюся...

Чую стон

Ды гамон,

Працы гукі —

Цяжкі мукі

Беларусі...

Далей бачу:

Народ мой

Возе гной...

Хоць маўчыць,

Стагнаціць,

Слёзна плача —

Наракае

На усё —

На жыццё,

Кепску волю,

Горку долю...

І не мае

Ён ўспамогі...

Цішына,

Цемната,

Не відаць,

Не згадаць —

Дарогі...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан