epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Шлюб

Год за годам, дзень за днём,

Ўсцяж — гадзіну за гадзінай,

Паміж песняй салаўінай

І агідных жабаў крэктам,

Выццем буры, ветра шэптам

І касы смяртэльнай свістам,

Ў бляску полымя агністым

Мы да шлюбу свайго йдзём...

 

Мусіць, скора... Пэўне, блізка,

Чую я ўжо гэты час,

Поўны шчасця і пакрас,—

Дзён парвецца нашых нізка,

Дзён, затрутых соллю згуб,—

І, няпомныя былога,

Ўчуўшы голас горных труб,

Пойдзем, люба, мы да Бога

Браць апошні, вечны шлюб.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан