epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Спогадзь

Байка

Што ж, Мікалай быў бедны чалавек,

І з гора нам яго падшкеліваць не след;

Хутчэй пашкадаваць, што церпіць гэткі здзек...

Не праўда ж, мой сусед?

 

Падцяла Мікалая і горасці нагнала

Хвароба жончына. А потым — дзеці зноў

У ложу паляглі, і — рукі адабрала!

Хоць быў ён, Мікалай, як вол, маўляў, здароў,—

Здароўя тут замала!

Вазіць павінен быў ён к жонцы дахтароў,

А дзетак даглядаць — то мусіў ўзяць кабету.

І, падаўшы за тым і дзень і ноч да свету,

Экспенсаў1 шмат рабіў і скарб да ніткі звёў.

Ці ж трэба ўспамінаць, што ўсе закінуў справы,

А з імі разам, бач, забыўся і аб суд?

Ігнат жа скеміў ўсё — ой, быў на штукі жвавы! —

Дый... тут як тут!

Двух лаўнікаў злавіў, падсунуў «куку ў руку»,

Падсудку справіў баль, а віжа напаіў.

І, ўпэўніўшы сабе у спосаб той заруку,

Трах — скаргу ў суд! І про*цэс аднавіў.

А ён ужо даўно цягаўся з Мікалаем:

Хацеў, бач, у яго паўхаты адабраць

Па праву земскаму ці нейкім там звычаем,—

Хай іх не знаць!

Хоць ведаў Мікалай, як трэ даводзіць правы,

І добры меў язык яго умацаваны,—

Што ж? — гол, як мыш! А гэта смерць для справы.

І... процэс быў прайграны.

Цяжкая страта!

Прыйшлося адступіць паўхаты для Ігната,

Уціснуўшы і жонку і дзетак у куток...

«А мой каток,—

Ільсціцца да яго, ўвабраўшыся, Ігнат,

— Ах, як я рад,

Што, разам жывучы, часамі памагу!

Ці ж мо табе здаецца, што я не спачуваю

Тваёй бядзе? Я гэтак не магу,

Залішне мяккае, браток, я сэрца маю!

Як будзе трэба што — бяры і не прасі —

Хіба ж не аддасі?!»

Ты думаеш, Ігнат

І зробіў акурат?

Ого! Дык ты не знаў Ігната.

Заходзіць ён праз пару дзён у свята:

«Ты ведаеш, каток, аб чым хачу прасіць?

І грэх, і смех, і дзіў, а не магу знасіць,

Як стогнуць хворыя. Дык толькі ты не злуй,

Бо я к табе прыйшоў па-брацку і з прыязню:

На час у лазню

Ты жонку палажы і дзетак улякуй.

І цёпла будзе ім, і поўны там спакой...»

Ад прапазіцыі такой

Хоць Мікалай спачатку бараніўся,—

Не вытрымаў — згадзіўся!

Прайшло так пару дзён. І зноў Ігнат на вочы,

І просьбу новую услышаў Мікалай:

«Асэсар да мяне прыехаць ў госці хоча —

Падзець не маю гдзе. Змілуйся, вызваляй!

Як-небудзь з жонкаю — дзянькоў найболей пару,

Пакуль гасціціме — сяк-так перажывеш.

Ну, зробіш так? Ну, як? Зрабі ахвяру!

З мяне ты вінніка дасконнага знайдзеш...»

 

З манаткамі ўсіма і кодлам перабраўся

Асэсар праз два дні. Навёз рачэй на двор.

А потым... дом яму, няначай, спадабаўся,

Жыве сабе й жыве і нават ані хвор!

Прыйшла чарга хадзіць і Мікалаю...

Ідзець да Ігнася дый кажа: «Мой сусед!

Твой госць хацеў пражыць...» — «А, знаю, браце, знаю!

Маўчы, мой свет!

Я сам хацеў ісці к табе па просьбе госця:

Спыні ты дзетачак, каб так не рагаталі.

Мітрэжаць сон яны, трывожаць ягамосця...»

А што, пытаеш, далей?

Ігнат з асэсарам у хаце распанелі,

А Мікалай з дзяцьмі — згалелі.

Ну, ведама, яго не лёгка і судзіць:

З нядоляй — што рабіць?!

1 Выдаткаў.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан