epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«Сталася здарэнне дый каля крыніцы...»

Ja? konia poi?1.

 

Сталася здарэнне дый каля крыніцы

У хлопца-баламута, ў сіроткі дзявіцы.

Ясь спаткаў Марысю, што вадзіцу брала,

Ды і ну дурыці, каб памандравала.

«Забяры, Марыля, мамчына багацце,—

Разам у чужыне мы дазнаем шчасця».

«Што ж ты намаўляеш, як мне мандраваці,

Ў доме ўсё замкнута, а ключы у маці,

Ды і грэх вялікі мне за гэта будзе,

Пан бог пакарае, свет увесь асудзе».

«Ой, ключы нядоўга, дзевачка, дастаці,

Папрасіся толькі у камору спаці.

Людзі не пазнаюць і не будуць чуці,—

Мы з табой здалеем на край свет умкнуці».

Ну і збаламуціў хлопец той дзявіцу,

Покі гаманілі, стоя ля крыніцы.

Цёмнай ноччу ў вёсцы людзі моцна спалі,

Ясечка з Марыляй ў свет памандравалі.

Ведала ж Марыля ці сабе гадала,

Што праз тры дзянёчкі Ясю абрыдала?

Дзеўка ашуканца шчыра пакахала,

А што ён надумаў, дык не спрачувала.

Праз Дунай праз ціхі як пераплывалі,

Скінуў Ясь Марылю з коніка у хвалі.

Ускрыкнула дзяўчына ў страху, у распачы,—

Ясь не аглянецца, ад злачынства скача.

Нераты паблізу рыбакі стаўлялі,

От яны нябозе ды ратунак далі.

«Скуль, скажы, дзяўчынка, што каму зрабіла?»

Плакала Марыля: «Я яго любіла».

З свету баламуты каб усе спрагліся

От за тыя слёзкі, што тут праліліся.

1 Ясь паіў каня (польск.).


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан