epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Трэны

З гадоў няволі

Беларускі мой радзімы краю,

Чым ты стаўся горшым перад светам —

Строгім гэтым...

Цяжкім лёсам ён за што цябе карае —

Забівае?

Скрозь пажэжа, пусткі і руіны,

Скрозь нядоля, голад і галота,

Скрозь стагнота.

Тут — што людзі! — ў полі кожная быліна —

Сіраціна.

Падрабнеўся твой народ на часці,

Зносіць ён благое ліхалецце

Па ўсім свеце,

Апынуўся дзе, раскіданы няшчасцем,

Злой напасцяй.

Перад гэтым быў ты, край, багаты,

Меў лясы, бязмежныя, як мора,—

Гора, гора!..

Павыгублена ўсё. Дзе людзі, дзе гарматы,

Спраўцы страты.

Дык прызнайся ж мне, радзімы краю!

Завініўся чым ты перад светам:

Гневам гэтым

На цябе нялюдскім ён за што палае,

Так карае?


1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан