epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Трохлінейка-магазынка

То не дудка мая,

Не жалейка,—

Гэта стрэльба мая —

Трохлінейка.

Бараніла мяне,

Даглядала,

На сваёй старане

Пільнавала.

Я ў астрозе сядзеў

Прад вайною,

Бо свабоды хацеў

Ды з зямлёю,

Сабіраўся ўцячы,—

Не ўдалося,—

Магазынак... сваіх

Не знайшлося.

Па астрозе папаў

Я у войска,

Навучалі мяне

Тут па-свойску:

Мала костак усіх

Не зламалі,

Трохлінейку за то

Даравалі.

З ёй цяпер я ужо

Не расстаўся

І свабоды пры ёй

Дачакаўся.

Ну, пацеха мая,

Журавінка,

Трохлінейка мая —

Магазынка.

Мы цяпер зажывём

Па-другому,—

Не падданы чарту

Ніякому;

Будзем мы ваяваць

Для народу,

Бараніці наш край

І свабоду...


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан