epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

«У чатырохлецце «Н-е Нівы...»

У чатырохлецце «Н-е Нівы.»

 

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,

Роднай мовы сваей ні цурайся;

Як ні зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер ні зракайся.

Ад дзядоу і ад прадзедау, браце,

Гэта скарб нам адзін захавауся,

У селянскай аграбленай хаце

Толькі ен нізабраны астауся.

У старыну Беларус, ні падданы,

Гаспадарыу, быу сам над сабою

І далека у сьвеці быу знаны

За літоускай і ляшской зямлею.

Але час прамінуу, і нядоля

На народ, як бы камень, звалілась,

Беларуская слава і воля

Адыйшла, адцьвіла, закацілась.

Ні зьменяючы шэрай апраткі,

Працавау ты, як вол, гаратліва,

А у хаці тваей нідастаткі,

А на ніве тваей ніурадліва.

А чаму? Ты ні здольны, ці хворы,

Ці благі гаспадар, ці пьяніца?

Мусіць не! Бо і іншым у пору

У цябе гаспадарыць научыцца.

Сьветлы розум твой, брат, але дзетак

Ад цябе, як і усе, адбіралі

І на бацькаускі родны палетак

Працаваць—памагаць ні пушчалі.

Хто хацеу, той і сьмеу рабаваці,

Без прыпросу з?ежджаліся госьці —

Абдзіраць, аб?едаць апіваці

І крышыць гаспадарскія косьці.

Можа-б ты і памер і загінуу,

Каб ні вешчая мова Бояна.

Хто ж быу, добры, яе хоць пакінуу?

Як жэ так, што яшчэ ні забрана?

Бо што бачылі госцікі-гэрцы

І зямлю, і лясы, і кілімы,—

Усе забралі. А мову у сэрцы.

У сваім сэрцы хавалі-нясьлі мы.

Дык шануй, Беларус, сваю мову—

Гэта скарб нам на вечныя годы;

За пашану радзімаму слову

Ушануюць нас брацця-народы!


1910?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан