epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

У чужыне

Думы

Якія жальбы?! Нашто мне плакаць?

Прад кім, з чаго?

— Свет людскі крывёю зліты,

Цяжкім болем твар парыты,—

Твар яго!

 

Ну, што ж, няволя? Няхай, нядоля?

Сцярплю я сам.

Там, у вайне абнятым краі,

Смерць збірае ураджаі,—

Косіць там!

 

Няхай памру я... адзін... ў чужыне...

— Няхай! гатоў.

Там, дзе гром, дзе свішчуць кулі,

Сном апошнім шмат паснулі,

— Шмат братоў!..

 

Пакінь жа, сэрца, тужыць аб волі

Цяпер, пакінь!

Злійся з горам бедных матак,

Жонак, дзетак, ніваў, хатак

Ці загінь.


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан