epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

У гары і доле

З нотаў аб Паўночы

Там, дзе зоры па-над горы

Ледзь вышэй ўначы мігцяць

І мільёнам іскр зялёных

Ў белым снезе бляскацяць;

Там, дзе хвоі, быццам воі,

На узвышках гэных гор

У дзіўным строі, ў поўнай зброі,

Сцерагуць нябескі двор,

Па каторым к вечным зорам

Млечным Шляхам душы йдуць,—

Там ў цясніне, дзе свет гіне,

Людзі ў камню міны1 б’юць,

Рыюць міны, плястры гліны

Прамінаюць і пяскі,

Ўглыб капаюць — ўсё шукаюць

Дно спрадвечнае ракі...

Ёсць прыметы, казкі зветы,

Што на дне тым шмат дабра —

Дробных зорак, як пацёрак,

Залатых і з серабра.

 

Так ў вышынях і ў нізінах

Зоркі вабяць ўзрок людскі:

Там — на Млечным Шляху вечным,

Тут — на дне старой ракі.

1 Міна — капальня.


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан