epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

У выгнанню

Край чужы — за веру кара —

Сьнег, мароз, ды горы.

Белы сьвет, як чорна хмара,

Заступілі горы.

Край чужы... І ты чужынец

Усім, ні свой здаешся:

Ходзіш скрозь, як той адзінец

Старакостны у лесе.

Ходзіш ты, ніякай мэты,—

Так,—абы цягацца,

Знаць сабе: жывеш яшчэ ты...

Для чаго-ж, спытацца?

Хто цябе спагадным сэрцам

Да сябе прытуле?

Хіба с стрэльбы чужаверца,

Чужаніца—куля.

Хто цябе спаткае міла.

У дом папросіць гожа?

Хіба дол, адно магіла

Разгарнуцца можа.

Што с таго - часамі сьніцца

Край, у якім радзіуся?

Толькі мусяць сьлезы ліцца,—

Лепі-б і ні сьніуся!


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан