epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Успамненні

Ой, за вёскаю за далёкаю

Ўсё стаяць лясы ды яловыя;

А над рэчкаю над глыбокаю

Сенажаць лягла з травой новаю.

 

А пад вёскамі, там за хатамі,

Нівы плямамі раскідаліся,—

Як у старцаву, усю з латамі,

Світу шарую зямля ўбралася.

 

А на горцы там па-над вёскаю

Стаіць цэркаўка, ад год шарая;

І ля цэркаўкі пад бярозкамі

Спяць у могілках людзі старыя.

 

Каб ўсё старыя, не такі бы жаль,

І не так маё сэрца б рвалася,—

Хоць і старых жаль і аб тых пячаль,

Што і з імі смерць прывіталася.

 

Але ж век яны пражылі даўгі,

Ў жыцці ўсякі смак імі бачаны.

Мо не раз із іх гаварыў другі:

«Нашто век такі мне прызначаны?»

 

А чаго ж ляжыць пад бярозкаю

Мая любачка — зорка ясная,

Што гуляў я з ёй па-за вёскаю,

Мая Ганначка — кветка красная.

 

Ці ж то я яе не кахаў, як мог,

Яе постаццю счараваўшыся?

Ці к сабе яе перавабіў Бог,

У красу яе закахаўшыся?..

1908 г.


1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан