epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Увагі да нацыянальнага руху

«У істоці ўсякі нацыянальны рух мае мяшчанскі (буржуазны) характар і заўсёды становіцца ў адпор сацыяльным надзеям і дамаганням работніцкага стану».

«Нацыянальнае пачуццё падтрымліваецца і шырыцца валадарнымі станамі, каторым трэба падзяліць работнікаў, каб потым лягчэй было разбіваць іх у борках за эканамічныя паляпшэнні».

 

 

Такія, цалкам хвальшывыя погляды пашыраюцца шмат кім з правадыроў сучаснага (з бальшавіцкім нахілам) сацыялістычнага руху, якія, добра запамятаваўшы сабе словы граматы камуністаў: «работнікі не маюць бацькаўшчыны. Нельга пазбавіць іх таго, чаго ў іх няма», забыліся саўсім аб правіле: «спосаб разумавання марксізму дыялектычны».

Заданнем нашым не ёсць спрэчка з такімі сацыялістамі, але залічаем не лішнім сказаць некалькі слоў аб прычыне, змушаючай іх адступаць ад здаровага спосабу разумавання і правідловых поглядаў.

Прычына гэтая — псіхалагічнага парадку і мае пачатак у характары той працы, якую прыходзіцца рабіць сацыялісту.

Сацыялістычны ўстрой — антытэза сучаснага ўстрою. Ён мае запанаваць толькі на грузах цяперашняга супольства1. Сацыялістычная ідэя — гэта брадзільны пачатак новых кшталтаў жыцця ў цяперашнім устрою, заўсёды яму варожы і не свой. Праца сацыяліста скірована да будавання гмаху новага жыцця сярод сучаснасці, каторую ён няўпынна намагаецца зруйнаваць, праз што заўсёды павінен быць на старожы, бо навокал яго непрыяцельскі кош2. Тысячы небеспячэнстваў пагражаюць яму — воіну за будучыну — у кожным мамэнце, а наперадзе свеціць вялікая «ваенная дабыча». І няма дзіва, што часамі ў ваяўнічым запале, а часам паддаўшыся слабасці, ён можа згубіць меру відочных рэчаў і часу. Бо і сацыліст мусіць прызнацца: «чалавек я, і ўсё чалавечае мной уладае». Тады яму здаецца, што мэта, да якой кіруецца ўсё яго духоўнае жыццё, ужо саўсім блізка і каб яе дастаць — досыць ступіць яшчэ адзін толькі крок ці выцягнуць руку. Тая грамадская сіла, на якую апіраючыся спадзяецца ён дасягнуць свае мэты,— пралетарыят, работнікі,— перацэніваецца3 ім у такі мамэнт, здаецца мажнейшай, чым ёсць напраўду, бо яму, каторы заглядзеўся ў будучыну, чакаючы найбарзджэйшага яе зьішчэння4, моцна хочацца ўзмацавання гэтай сілы, каб, калі можна, зараз жа пераскочыць з «панства прымусу ў панства свабоды».

Моцнае бажанне найхутчэйшага зьішчэння яго ідэалу, а часамі, у слабых людзей, і жаданне самому ўступіць у «зямлю абяцаную» — вось той псіхалагічны чыннік5, які часамі змушае сацыяліста адступаць і ад гістарычнай праўды і ад правідловага спосабу разумавання.

Чыннік гэты, здаралася, панаваў часова і над людзьмі вялікай разумовай сілы і здольнасцяў. Сацыялісты-брэдоўцы (утапісты), як Оўэн, Сен-Сімон, Фур’е, Курбэ,— людзі вялікай аналітычнай моцы, найлепей за ўсіх сваіх сучаснікаў бачыўшыя хібы акаляючага іх свету, рабіліся дзяцьмі, як толькі пачыналі думаць аб будучыні. Ім здавалася, што для шпаркай, феерычна простай перабудовы супольства, апрача трафна6 накрэсованага плану, трэба саўсім нямнога: толькі агульнай згоды, толькі паспалітай7 добрай (як у іх) волі.

І з вядомых сацыялістаў т. зв. «навуковай школы» не ўсе былі чужымі гэтаму граху. Напрыклад, калі ў 1898 г. германская сац.-дэм. партыя атрымала першы раз на выбарах у рэйхстаг каля 3-х мільёнаў галасоў за сваіх кандыдатаў, адзін з бацькоў гэтай школы, Энгельс, паддаўся самаашуканству і прарочыў, што ў хуткім часе, усяго праз некалькі гадоў, мусіць наступіць сацыялізм.

Гэты ж чыннік, здаецца нам, ляжаў у грунце моцнага процімілітарнага эрвэістскага руху ў Францыі, хаця жыццё зрабіла потым з Эрвэ8 заядлейшага мілітарыста.

Ён жа выклікае ў жыццё і анархізм, які ў сваім тэарэтычным засноўку і практычных праявах ёсць не больш як бяссільны пратэст проціў сучаснасці.

Калі з такога пункту паглядзець на праявы расійскага грамадскага жыцця, пачынаючы ад марца 1917 году, то шмат якія з іх зробяцца і яснейшымі і больш зразумелымі, а паміж імі і тая неспагаднасць, з якой расійскія «цэнтральныя» і «левыя» сацыялісты адносіліся к праявам нацыянальнай свядомасці і нацыянальна-палітычнага руху сярод невялікарускіх народаў імперыі. «Дзеля таго, што ім так бажалася — ім так і здавалася». Ім, расійскім сацыялістам, такі доўгі час у кляшчатках найцяжэйшага самаўладства марыўшым аб свабодзе і так раптоўна, неспадзявана для сябе пазбаўленым усякіх перашкод, выскачыўшым з падполля на шырокае поле дзяржаўнага будаўніцтва, уроілася, што «другі дзень пасля сацыяльнай рэвалюцыі» мае быць «заўтра», а «першы» ўжо настаў «сягоння». Колькасць гэтых тэрмінаў не ўсімі, канечне, лічылася аднаковай, што залежала толькі ад характараў і дасвядчэння асобных людзей, але ад ніякіх праграмаў і тэорыяў.

Людзі больш спакойнага характару і лепшага тэарэтычнага і жыццёвага дасведчання расцягвалі «сягоння» і аддалялі «заўтра» на няпэўна доўгі час; гарачэйшыя з натуры аблічалі «сягоння» ў 10—15 гадоў, а «заўтра» паказвалася ім ужо ў малюнку праўдзівага Эдэму9; а маласвядомыя і саўсім цёмныя навіцыушы10 сацыялізму, у якіх перарабілася большая часць салдацкай, работніцкай і сялянскай люднасці ў Расіі, думалі проста: што «сягоння» гэта зараз жа,— як сказаць, а «заўтра» мае быць праз 24 гадзіны і да такога разумення стараліся стасаваць свае ўчынкі.

І праявы нацыянальнага руху (які здаецца агульнанародным, але бывае такім вельмі рэдка) здаваліся большай часці з іх (расійскіх сацыялістаў) і непатрэбнымі і шкадлівымі для інтарэсаў неваладарных станаў, работніцкага і сялянскага. Нашто дзяліцца, калі наступіў час агульнага карыстання агульным дабром? Дзеля чаго драбіць свае сілы, калі патрэбна з’яднанне ўсіх для абароны «новага супольства»? Нашто гэтыя «мовы», «культуры» — забыткі старога свету, калі заступіла на зямлю святая вестка ўсясветнага брацтва? Няйначай — гэта «работа мяшчанства». А калі нават гэта рух і самога працоўнага люду, то гэта адсталасць, якой не павінна быць месца ў сучаснасці. І адсюль: вайна словам, агнём і мячом проці нацыянальнага адраджэння. Вось прычына, якая змушае некаторых правадыроў сацыялізму ў Расіі і іх вучняў шырыць сярод паспольства хвальшывыя погляды на нацыянальнае пытанне і нацыянальны рух.

Другой няма. Праўдзівы, не заражаны псіхозам сацыяльнага бунту сацыяліст ніколі не ашукаецца ў значэнні слоў граматы камуністаў: «работнікі не маюць бацькаўшчыны. Нельга пазбавіць іх таго, чаго ў іх няма».

1 Слова «супольства» азначае гэтта суму дзяржаўна- і прыватнапраўнічых, таксама гаспадарчых адносін, якія пануюць паміж людзьмі, т. е. тое, што ў расійскай тэрміналогіі разумеецца пад слоўмі «социальный порядок». (Заўвага Алеся Гаруна.)

2 У старыну так называўся ваенны лагер — казацкі або татарскі. Адсюль паходзіць прыметнік «кашавы» (атаман).

3 Перабольшваецца.

4 Здзяйснення.

5 Фактар.

6 Удала, дакладна.

7 Агульнай, усенароднай.

8 Эрвэ Гюстаў (1871 — 1944) палітычную дзейнасць пачынаў у Фран­цузскай сацыялістычнай партыі. У Французскай секцыі рабочага інтэрнацыянала ўзначальваў ультралевы антымілітарысцкі напрамак. У. І. Ленін пісаў пра «паўанархічныя недарэчнасці» эрвэізму (Поўн. зб. тв. Т. 16. С. 72. 86—87). Напярэдадні першай сусветнай ваймы Эрвэ пераходзіць на буржуазна-шавіністычныя пазіцыі. У 30-х гадах стаў прыхільнікам фашызму.

9 Эдэм — біблейскі рай.

10 Навічкі.


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан