epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Варожба

(Засьцянковая аповесьць).

 

Бліжыцца поунач. У гэтай парэ

Сон пахаджае па панскім дварэ.

Сьпяць, паканчаушы звычайную працу,

Чэлядзь у пекарні, паны у палацу;

Толькі стары вартаунічы Ігнацы

Ходзіць с клякоткай і піпкай сваей:

Двор сьцяражэ ад людзіны ліхой.

 

Ходзіць стары і мурмочэ пад нос:

— «Ну і пракляты-ж сягоння мароз!

—Новы кажух прабірае, пся вера,

Бытцам кажух- ні кажух, а папера!

Брэшэ, ні зломіць старога жаунера,—

Панна Эмілья, хай Бог ей аддасьць,

Вызваліць з гора ні пусьціць прапасьць.

 

Ценгля, як толькі пачнецца цямнець,

Зараз палынаукі с кухні нясець,

Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:

— Хочаце можа, Ігнацы, пагрэцца?—

—Гэткі парадак ні усюды вядзецца!

Добрае сэрцо! Павет абыйсьці,

Роуную панні бадай, каб знайсьці...»

 

Адвэнт на сходзі. Яшчэ да Каляд

Тыдзень астауся адзін акурат.

Небо у зорках і кожна з іх зьяе,

Месяц зялены свой сьвет пасылае,

Легкі марозік за шчокі хапае,

Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —

Ведае варту Ігнацы, — ні сьпіць.

 

Панна Эмілья, тым часам сабе

Вечар праводзіць у нейкай журбе:

Нейкія брэдні плятуцца дзяучыні, —

Бытцам яна ні у дварэ ахмістрыня,

Бытцам яна ні жывець у ахвіцыні,

Бытцам яна німа ведама хто,

Хочацца сэрцу ніведама што.

 

Успомніць мамульку, татульку, свой дом,

Успомніць сябе нівялічкую у ем,

Старшаго брата і няньку-бабульку,

Тэклю, Агатку, Ганульку. Аршульку,

Дауных равесьніц... кароуку Рабульку...

Дзе яно усе? І ні вернеш тых дзен,

Зьнікло, як дым, расплылося, як сон!...

 

Страшна і успомніць далекі той год,

(Чорным яго называе народ) —

Пошэсьць с касою па сьвеці хадзіла,

Панну Эмілью сіроткай зрабіла.

Родных, сямейку зямлею пакрыла

Доля, нійначай, — у яе усе руццэ:

Узялі паны гадаваць пры дачцэ.

 

Устане, паходзіць і сядзе ізноу,

Бьець у галоуку гарачая кроу;

Нейкія у сэрцы парваліся тамы,

Твар то збляднее, то зробіцца у плямы. .

Стане прад Маткай Сьвятой з Вострай Брамы

Просіць: „Прачыстая, згінуць ні дай.

Горо адкінь, ад бяды захавай!"

 

Ручкі заломіць і сьлезы цякуць...

Новыя думкі ізноу набягуць,

Жыцце у людзях сабе выкладае.

Цяжкае жыцце! Хаця спагадае

Маткі заступніца, — пані старая,

Пан, як бы родны, — нівесяла жыць!

Час у жалобі, у маркоц бяжыць.

 

Хочацца сэрцайку ласкі ні той,—

Хочацца спогадзі панне другой...

Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі,

Шлюбныя носяць на пальцах пярсьценкі...

Моліцца панна да уласнай патронкі:

— Панна сьвятая, ты небо умалі,

Вернаго друга мне у жыцці пашлі!—

 

Потым усьміхнецца прыгожа... Каму?

Ведама, — пэуне, яму аднаму...

Рожы цьвітуць на бялюсінькім твары.

Што-ж тут за цуд і чые ж гэта чары?

Прауду сказаць?.. — Вінаваты гусары.

Ну, хоць ні усе, дык прынамсі адзін

Панні прычынай маркотных гадзін.

 

Статны, прыгожы, — праудзівы жаунер,—

Гляне—як сокал! Які ж кавалер!

Майстар на жарты які, на хіхоты.

Як удаецца у шабунькі, у залеты,

Лесткі пушчаць,—навучыся у яго ты!

Як ен часамі умее глядзець;

У танцу які!—ні пазволе сядзець!

 

Ручку як сьцісьне, на вухо шапне

Слоуцо такое, што й сэрцо замрэ!

Шкода, нідоуга яны пастаялі...

Толькі тры дні усяго балявалі

Гэтта, у дварэ, і паехалі далей.

Рушылі у Вязьму, а стуль пад Маскву.

Чуіць паненка, мауляу, на яву.

 

Як прад ад'ездам ен цяжка уздыхау;

Помніць—навекі аб ей прысягау,

Як ад'ежджаючы, бачыць, скланіуся...

Прауда-ж? Ці помніць? Ці можа забыуся?

Любіць? Ні любіць?... У другую улюбіуся?

Можа удавау закаханне на жарт?

Трэба аб гэтым спытацца у карт!

 

Прауда, што адвэнт, і грэх варажба,

Што-ж — калі гоніць у сухоты журба!

Бог міласэрдны ніхай выбачае...

Панна Эмілья у красэлко сядае,

Талью картуе, шэсць карт выкладае,

Семая карта кладзецца пад ніз.

Хітры пасьянс пачынае: „Маркіз".

 

—Любіць? ні любіць? Любіу? ні любіу?...

Верным астауся?... Ці верным ні быу? —

Шэпчэ паненка. Пасьянс збунтавауся.

Дзе ж той чырвовы кароль падзевауся?

Мусіць ні любіць!... не, гэты ні удауся! ..

Іншы спрабую цяпер разлажыць—...

Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.

 

Поунач прайшла. У дварэ пятухі

Раз прапеялі с-пад цеплай страхі.

Крайчыкам месяц з-за туч выглядае.

Панна Эмілья варожб ні кідае,

Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае:

—Любіць, ні любіць, любіу, ашукау.

Верным астауся, ці ім ні бывау?

 

Рыпнулі дзьверы... І вось на парог...

Панначка — зірк! — гэта ж ен, далі Бог!

Палец да губ прылажыу, усьміхнууся,

Дзьверы прымкнуу за сабой, азірнууся.

— Панна чакала, каб я ды-й вярнууся?

Ціха на пальчыках к ей падыйшоу.

Дзеуча адразу ні знойдзе і слоу.

 

Потым зьдзіуленне крыху адыйшло.

— „Скуль пан узяуся,і што прывяло?—“

Гэтак пытае. Урода асанны.

Сам, як ягнятко, ласкавы, рахманы.

—Жыць ні магу без каханае панны!

Мусіць нігдзе ні спаткаю такой...

Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой! —

 

Рукі злажыу і на коленкі стау,

К ножкам дзеучаці галоукай упау.

Панна Эмілья, смуціушыся гэтым,

Хочэ устаць, адхіснуцца, а дзе там!

Ен ні пушчае і моліць усім сьветам:

„Будзь гаспадыняй, царыцай маей,

Сэрцо зьлячы мне, душу заспакой".

 

Што тут рабіць? Гэта-ж могуць пачуць,

Потым у вочы усе засьмяюць:

Панна у ночы госьцяу прымае!

Ручкай гусара с кален падымае;

Просіць устаць, ні крычэць, сунімае,

Сядзіць у крэсло, прыносіць вады...

—Ціха, мой пане, наробіш бяды!

 

Людзі пачуюць, — нічога табе, —

Сеу дый паехау, і сам па сабе.

Я-ж і на заутра тут мушу астацца;

Будзе ад сораму недзе схавацца,

Людзі пачнуць як навокал сьмеяцца:

«У панны Эмілі есьць кавалер.» —

—Хай ні сьмяюцца! Бо плакаць, павер,

 

Будуць, паненка, яны над сабой,

Покуль гуляю яшчэ з галавой,

Покуль ні судзіць мне доля прапасьці.

Хіба сама ты захочаш напасьці,

Думкі ні споуніш маеі аб шчасьці.

Ведай: прыехау забраць я цябе,

У разе-ж нізгоды — застрэліць сябе.

 

Бачыш, кладу я на стол пісталет:

Коркі падняты, набоі, як сьлед.

Добрая гэта турэцкая штука!

Дзед адабрау на вайне у мамэлюка;

Можа сягоння прыдасца на унука.

Воля твая: разсудзі, выбірай, —

Шчасьцем дары, ці на сьмерць пакарай. —

 

— Пан ні даеш мне с чаго выбіраць.

Я ні хачу ні судзіць, ні караць!

Як-жа так раптам... ці ж можна, скажэце

То ж ні гульня, а мы с панам ні дзеці, —

Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці—...

— Панна Эмілія, мне ні пярэч!

Хіба ні любіш?... — Ні панская рэч!

 

Пану да гэтаго дзела німа,

Ведаю думкі свае я сама.

Можа-б любіла, каб гэтак ні ягліу,

Так ні пужау і з адказам ні нагліу.

Быу да паненак ні гэтак павадліу,

Можа-б тагды і пайшла... А цяпер?!—

Панна збляднела, мауляу бы папер;

 

Хочэ сказаць і баіцца сказаць,

Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць...

Той жа гусар, як смала прычапіуся,

Ручку цалуе і с крэсла усхапіуся,

Зноу на каленях у ног апынуся.

— Слонейко,— просіць, — кажы, ні чакай:

У пекло мне судзіш, ці разам у рай?

 

Любіш — ні любіш, шкадуеш, ці не, —

Дай жа спакою, ні мучай мяне! —

Сэрцо паненскае, ведама, з воску.

Возьмем мы место, ці зьвернемся у веску

Толькі б агоньчык і зараз-жа сьлезку,

Ясную сьлезку на вочко пашле.

Хоча, ні хоча ды й скажэ «але.»

 

Гэтак і с паннай Эмільяй было.

Нешта ад сэрца к грудзям падыйшло,

Потым у горле клубком перасело,

Бытцам-бы выскачыць сэрцо хацело;

З вочак сьлязінка скацілась нісьмела,

Сьледам другія сьпешаюць ісьці.

— Люблю, — кажа панна: — люблю... адпусьці!

 

Ускочыу, падскочыу гусар малады

Так, як бы чорт ад сьвянцонай вады.

Рады, сьмяецца і ручкі цалуе.

Пусьціць, абніме, ізноу прымілуе.

Ну, ні раунуючы, моро хвалюе!

Нават апомніцца ей ні дае,

Рупіць зьбірацца, капоцік узьдзяе.

 

Гасіць лаеуку, вядзець на парог,

Клямку шукае... Ды Бог засьцярог:

Панна зірнула каханку у вочы,—

Так як вуголлі гараць сярод ночы...

Верыць — баіцца, ні верыць — ні хочэ.

— Хто тут? — пытае. Ен цягне, маучыць .

Панна у трывозе тады як ускрычыць:

 

— Маці Прачыстая! У помач прыдзі!

Згінь ты, шатане, — мара, прападзі!

Згінь, прападзі ты, нічыстая сіла! —

Правай рукою яго ахрысьціла.

Чуе: рука, што трымала, пусьціла.

Прывід той страшны прапау у цемнаце:

—Кінь варажыць у адвэнтовым пасьце! —

 

Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеу.

Панна. прачнулась Ліхтар абгарэу,

Мусіць дауно дагарэла лаеука,

Смрод у сьвятліцы... балела галоука

Ціха праз сені прайшла пакаеука.

Стары гадзіннік паказвае пяць...

—Ах, як заспалася!... Трэба-ж так спаць!


1907; 1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан