epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Відзенне

З гадоў няволі

Ідзець яна адна з адкрытай галавой,

Рызман расхрыстаны вісіць падзёрты на грудзях,

З вачэй яе глядзяць прыймглёныя слязой

Сардэчны боль нязмераны, а з ім бязглузды страх.

Праходзіць шлях яе між пушчаў і лясоў,

Засмечаны карчамі скрозь і дрэў сухіх вяццём,

З тых пушч ўсцяж чуюцца мільёны галасоў,

Якія гоняцца за ёй з праклёнамі, з выццём.

А дзе ж яе сям’я? Дзе кроўныя, сыны?

Куды усе падзеліся? Хаця б хто дапамог?

— Пакрыўдзіў род ліхі, і здрадзілі адны

З дзяцей. Другіх забраўшы, зноў ёй крыўду справіў

Бог.

Куды ж яна ідзець сірочаю ступой.

Ці ведае, куды той шлях, якім ідзець, ляжыць?

О, не! Яна ідзець, бо мусіць, хоць сляпой,

Хаця бы вобмацкам ісці, каб толькі жыць, каб жыць!


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан