epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Ветру

Ветрэ, ветрэ вольны,

Стой, зрабі паслугу!

Буду спосаб меці,

Аддзякую, другу.

Зьлетай, легкі, борзда

У край, адкуль я родам,—

Бацьку, матку убачыш,

Мілую заходам:

Убачыш гэнам, ворле,

У краю тым—старонцэ:

Брат мой беларусін

Гібее без слонца.

Ім усім паклонам

Нізкім ты скланіся,

Хай жывуць, красуюць..

А потым вярніся.

Гэтта скажаш, браце,

Мне, што там убачыу

Буду спосаб меці,

Паглядзіш, аддзячу!


1907; 1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан