epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

З астрожных картак

І - Яму...
ІІ - Ёй


І - Яму...

...Любіла я без меры

Цябе, о, любы мой, каханы мой, ядыны!

І пломень той кахання не пагас —

Ў вясенні кожны дзень, як зацвітуць язміны,

Ледзь спусціцца з-пад неба сумерк шэры,

Я йду у наш садок і там праводжу час.

 

Праходжу сцежкамі, заросшымі травою,

Каторымі даўней хадзілі мы з табою...

 

Хаджу адна па іх,— а кожан кусцік рожы,

І дрэўца кожнае, пахучыя язміны,

І ўсё, што тут садзіла я сама,

Далёкі, любы мой, аплаканы, ядыны!

На болесць мне адно варожа:

Яго няма, няма!..

 

ІІ - Ёй

Сягоння ліст твой я узяў ў канторы, дарагая,

А з ім бязглуздую уразу атрымаў,

Бо той жандар, што ўсіх лісты чытае,

Ўсміхнуўся подла так, як мне перадаваў

Яго: «Любовное-с! Весьма...» Я не даслухаў,

А ён не даказаў за звонкай аплявухай...

(Жандар не скрыўджаны, бо ён не без атвету,

Надзелі там жа мне на рукі «бранзалеты».)

 

Найлюбшая!.. Не многа ёсць мінутаў,

Калі астрожніка святлее смутны твар,

Калі, запомніўшы на гэта, што закуты,

І ўвесь аддаўшыся уплывам пекных мар,

Ён пераносіцца ў палац із думак ўласных.

Вось ты адну з такіх хвілінак шчасных

Тваім лістом сягоння мне падаравала,—

Ты гэта ад мяне не раз ужо чытала...

Бывае, ведаеш, матыль часамі з волі

У клетку вязеня вясною заляціць,

Здзівіўшыся крыху, што тут не як на полі,

На гратах1, на стале, на ложку пасядзіць,

Пакруціцца па цэлі, абгледзіць суфіт2, сцены,

Зірне на каляндар, што кажа часу змены,

Абвее твар нявольніка, трапечучы крыламі,

Прылепіцца к руцэ махнатымі нагамі,

Заціхне, як суддзя, вусамі пашаволіць,

Часамі дык падняць сябе з рукой пазволіць

І лёгенька другой да крылляў дакрануцца,

Каторыя яму памогуць зноў вярнуцца

Туды, назад... Ах! З ім з палёў

Да вязеня ўлятае жыцце: слонца, лес,

І дворычак стары між стромкіх тапалёў,

І рэчка быстрая між лозаў вузкалістых,

І ранкі, й вечары ў туманах серабрыстых,

І ўсё, што бачыў ён, што знаў, пакуль не счэз,

Зачынены ў астрог, дзе сцены, граты й сцены!..

Як госць жаданы гэны,

Мне ліст твой быў сягоння...

Аднак... Прасіць хачу цябе я, дарагая,

Ты толькі суд рабіць над мною не спяшы —

Хачу прасіць... Найлюбшая, святая!

Пакінь пісаць ты мне... Забудзься... Не пішы!..

Каб знала ты, як мыслі аб няволі

Пасля тваіх лістоў яшчэ цяжэй гнятуць,

Як гэтае знаццё, што ты ужо ніколі

Не вырвешся адсюль, што ты навек...

Забудзь,

Забудзься ты аб тым, што некалі любіла,—

Не можаш? Пераплач адна ўсё у душы,

А толькі каб мая цяжэй яшчэ магіла

Мяне не мучыла,— забудзься, любая;

забудзься, не пішы.

1 Граты — старая мэбля, ламачына (польск.).

2 Суфіт — столь (польск.).


1919

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан