epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

З навагодніх думак

Новы рочак ўжо настаў —

Ці канчатак ўбачым?

Дажывем? Хто б сказаў?

Сколькі раз заплачым?

Немаведама. Не знаны

Рочак з віхрам йдзе —

Ночкай цёмнай праваджаны;

Людцы спяць сабе...

Ой, не спіце, не ляжыце

Вы, людцы, у хаце,

На свет божы паглядзіце —

Што трэ працаваці!

Каб мець ў хаціне дастатак:

Хлеба і да хлеба,

Аплаціць жыцця падатак,

Заслужыці неба...

Не з замкнёнымі вачыма

Трэба йсці праз жыцце,

А ўзірацца «абаіма» —

Шклы яшчэ купіці:

Свет навукі ў гаспадарцы,

Як быці здаровым,

Не шукаць вяселля ў чарцы

Ды жыццё нанова

Распачаці з Новым рокам,

Працы, сілы, волі —

І спаткаці смелым вокам

Прышлу сваю долю!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан