epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Завіруха

Завіруха скачэ ноччу

Патарочай, плачэ, вые;

Пухавыя сыпе у вочы

Сьнегавінкі мне; рагочэ.

Йду на вобмацк; ледзь жывы я,

Ніжывыя суну ногі

Без дарогі. Цело ные,

Калянее; верставы я

Прамінаю слуп убогі,

Троярогі крыж збутвелы,

Пасівелы, цемны, строгі.

Ні чакаю дапамогі...

Прыступае нехта белы.

Асьмялелы. Вот усьцігае,

Акаляе, скамянелы,

Пасінелы, — абнімае.

Завіруха —

Рагатуха сыпе сьнегу

І у прабегу шэпчэ у вухо:

«Заначуеш — ні пачуеш:

«Я завею, я угрэю,

«Зараз ляжаш, дзякуй скажаш,

«Мне ты скажаш». Завіруха —

Рагатуха шэпчэ у вухо.

 

Ажно чую: раптам злая

Улягае, уціхае

Завіруха. Замірае

Праясьняе у полі. Нікне.

А нізыкне вецяр-сватка.

Бачу—хатка.

Як тры зоркі, тры ваконцы

Пры гасьцінцу. Вераценцы

Дыму у небо уюцца, пнуцца.

Хатка, вокны, дым, сьмяюцца,

Клічуць, вабяць, сустрэчаюць,

Прывечаюць, запрашаюць.

Голас чую родных, мілых.

Узмацаваушыся на сілах,

Крыкнуць рады: «згінь ты, горо!»

А яно у атказ гаворэ:

— «Над табою

Сьнег гурбою.»


1907; 1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан