epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Жэбрачка

Дайце кавалачак хлеба ей цьмянаго,

Дайце пуховаго, — дзе-ж ей узяць?

Што яна возьме з жыцця безталаннаго?

Дайце, што можыце даць!

 

Гора памела на сьвеці убогая!

Гляньце: згрыбела, згарбела у крук.

Доля занатта надалася строгая, —

Выбіла шчасьце усе з рук.

 

Была дзяучынаю, была красуняю,

Была вагонь, ні глядзі дзяцюкі!

Углянеш—і сэрцо праймецца, як куляю;

Мелі пацеху бацькі.

 

Час надышоу і была гаспадынею,

Быу гаспадар багатыр на сяле;

Была над мужам царыцай, княгіняю,.

— Бог калі шчасьце пашле!

 

Была і маткаю, была шчасьліваю,

Двох аднагодкау Вялікі ей дау:

Сына малойца, дачку урадлівую.

— Скуль дзе і сват пад‘ежджау.

 

Мела Нупрэіха, мела бездольная!

Дзе-ж гэта дзелося, як уплыло?

Што-ж, сірацінка, быліца ты польная,

Што учынілось, было?

 

—«Ой мае дзетачкі, Бог мяне грэшную

Пэуне за бацькаускі грэх пакарау.

Крыуду учыніу да згон-веку няуцешную.

Чым надарыу, адабрау.

 

Неяк асеннай парою а поуначы

Хатку ніведама хто падпаліу.

Я прахапілась, ускрычэла а помачы:

— Людзі! ратуйце, хто жыу!

 

С крыку майго і сямейка збудзілася.

Ледзьве пасьпелі на двор уцячы.

Доня за рукі мае учапілася,

Просіць: «матуля, маучы!»

 

Мужа я у гэтым пажары пазбылася:

Кінууся у хату па скарб, — ратаваць,—

Столь падгарэла у той час, абвалілася...

— Бог захацеу пакараць!

 

Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, —

Што ні рабі ты, а будзе дарма.

Толькі зьнядужаеш, сілаю страцішся.

Скуткау жа добрых німа.

 

Сын у Сыбір, ці ішчэ за Сыбірамі,

Недзе пайшоу на жыцце зарабляць,

Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі

На пагарэлых зьбіраць.

 

Дочка ад часу пажэжы праклятае

Чымсь захварэла, ніведама чым;

Сохла, бляднела, як зелейко сьцятае,

Покі ні умерла саусім.

 

З воласьці мела паперу пісаную:

Сына маскаль за нівошта забіу.

Нечым зграшыло дзіцятко рахманае,

Ціхі-ж, паважлівы быу...

 

От і жыву я на сьвеці зязюляю

Тэй сіратлівай, адна наусяды.

Сьмерць ніуздалечку, — свой век перамуляю,

Збудуся цяжкай нуды».

 

Змоукне,— і сьлезы па твару пакоцяцца,

Хусткай схісьне іх і далей брыдзе.

Ціха ступае, усім целам калоціцца...

Ах! пашкадуйце у бядзе!

 

Дайце кавалачак хлеба ей цьмянаго,

Дайце пуховаго! Дзе-ж ей узяць?

Што яна возьме з жыцця безталаннаго?

Дайце, што можыце даць!

 

Дайце куточак, а дайце-ж ей, мілыя!

З ласкай у хату прыміце яе

Хай адпачне гаратніца пахілая,

Раны пагоіць свае.


1907; 1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Матчын дар. Думы і песьні 1907 - 1914. Менск, 1918.
Крыніца: скан