epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Згода

І
ІІ
ІІІ


І

 

Ваявалі поплеч брацця:

Баўтрамей з Гарвазым.

І ў магілу іх прыйшлося

Палажыці разам.

А дагэтуль жылі кепска,

Не як след, не ў згодзе,—

Аж гулялі прыгаворкі

Аб іх у народзе.

Як пачуюць было людзі

Лаянку ці спрэчку,—

«Як Баўтрук у нас з Гарвазым,

Кажуць, за авечку».

Як на торзе ці у шынку

Бойка завядзецца,—

«Як Баўтрук у нас з Гарвазым»,—

Не адзін смяецца.

Па судох сусед суседа

Кожны год цягае,—

«Як Гарвазы з Баўтрамеем»,—

Люд аб іх гукае.

Дарма пробашч1, спавядаўшы,

І не раз з амбоны

Выкараў ім: «Бог асудзе

Гнеў дурны, шалёны».

Дарма людзі па-суседску

Шмат разоў мірылі,—

Баўтрук з братам непапраўны:

Ворагамі былі.

 

1 Ксёндз.

ІІ

 

А з дурніцаў пачалося,

Як часцей бывае:

Ад парток і камізэлькі

Іх вайна трывае.

Як па бацьку йшчэ сукцэсы1,

Спадчыну дзялілі,

Дык з тых злыдняў крыві колькі

У той час пралілі.

Падзяліўшыся жывёлай,

Збожжам і будынкам,

Падзяліліся па-боску

І усім руштынкам.

І адзежу як і следна

Бацькавую брацця

Падзялілі, потым згоду

Селі паліваці.

Падпілі, як следна ў свята,

А было ў нядзельку;

Баўтрамей на лаўцы ўбачыў

Порткі й камізэльку;

«Пачакай, браток! А гэта

Хіба ж мы дзялілі?»

«Не, Гарвазы».— «Якім чынам?

Як мы прапусцілі?»

«Э, пустое,— кажа брату

Баўтрамей знянацку,—

Хай вісіць, а часам ўздзену

На ўспамін аб бацьку».

«Захацела свіння мёду»,—

Падкалоў Гарвазы.

Баўтрамей, такое счуўшы,

Закіпеў адразу.

Не сцярпеў, ударыў брата,

Сапсаваў паперы,—

І раз’юшыліся брацця

Без канца, без меры...

Ледзьве людзі іх разнялі,

Развялі па хатам.

Ось з чаго пачалась звада

У Баўтрамея з братам.

У людзей усіх прыкладам

Няувагі былі.

А вось раптам як жа стала?

Чым іх памірылі?

 

1 Спадчыну.

ІІІ

 

Памірыў іх бог ласкавы

Міласці абразам,

Як прыйшлося паміраці

Баўтруку з Гарвазым.

Як пайшлі у бой апошні,

Памалілісь богу,

Загаіўшы страх і болесць

І сваю трывогу.

Апыніўшыся у сэрцы

Віхравой атакі,

Што ён робіць, больш не ведаў

І не думаў ўсякі.

Коле, паліць наш Гарвазы,

Ціхамоўчкі б’ецца;

Перад ім, як прад адзінцам

Ў лесе, ўсё кладзецца.

Захапіўшы люфу1 моцна,

Баўтрамей малоціць;

Расшчапіў, згубіў ён кольбу2,

А ўсё далі коціць.

Ажно чуе: енкнуў нехта.

Зірк ў той бок,— што ж гэта?

Там Гарвазы, як снапочак,

Аж на трох багнэтах3.

Зарычэў, як звер, і брату

На ўспамогу прэцца.

Скуль бярэцца тая жвавасць,

Сіла скуль бярэцца?

Даляцеў... І тая люфа

Шмат бы нарабіла,

Каб не куля каля сэрца

Грудзі апаліла...

Пахіснуўся, пусціў люфу,

Галаву павесіў

І зваліўся, як сасонка

Пад сякерай ў лесе.

1 Люфа — ствол (вінтоўкі, карабіна).

2 Кольба — прыклад.

3 Багнэт — штык.


1907-1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан