epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Жураў і лісіца

Байка

Разумным добра быць. То праўда — не смяхом.

Усё каб ведаці, з усякім справіцца грахом,

То можна была б пажываць.

Але ж не трэба мудраваць,

Бо гэта добра, а не надт.

От знаю я таму прыклад.

 

Прыйшлося неяк жураўлю

У лесе ў дол папасць звярыны.

Чаго зляцеў ён на зямлю,

Аб тым я ведаць не павінны.

 

З такой бяды жураў крычаў,

Аб сценкі долу крыллем біўся,

А потым і сціхаць пачаў,

Бо надта бедны прытаміўся.

 

Сядзіць і думае бядак,

За што напасць найшла такая?

Жураў бо быў разумны птак,—

Што будзе далей, ён чакае.

 

Аж тут праз час які — глядзіць —

Галлё трашчыць над галавою:

Кума ліса к яму ляціць,—

Бяда страслась, відаць, і з ёю.

 

«Здароў, кумок! А як жа ты

Папаў сюды? Чы проста з неба

Сюды зваліўся праз кусты?

Ці, можа, тут табе што трэба?»

 

«Якога ліха тут шукаць?

Якой мне трэба тут напасці?

Упаў, прыйшлося паскакаць,—

От як наверх бы мне папасці?»

 

«Ну, гэта што! От зараз я

Нараю што-нібудзь такое...

Эх, думак роіцца сям’я,

Як бы вяселле ў іх якое.

 

От так зрабі... Чакай ты... не,

Здаецца, лепі будзе гэтак...

Эх, думак, думак у мяне,

Маўляў, у качкі дзікай дзетак».

 

Пакуль яна гадала так,

Жураў надумаў, як спасціся,—

Хацеў бы ён аднэю як

Хаця бы думкай запасціся.

 

Ліса ж вядзе саўсім не то,—

Мудруе, круціцца наўсякі:

«І гэтак добра бы, нішто,

А так найлепей — скажа ўсякі».

 

От гэтак дзень у іх прайшоў,—

Ляцяць ў бядзе дзянькі без знаку.

Мыслівы з стрэльбай падышоў,—

Лісе у гэтым мала смаку.

 

Сюды, туды яна глядзіць,

Рабіць жа што — сама не знае;

І ўсё адно сабе цвярдзіць,

Што думак надта многа мае.

 

Жураў жа бачыць: кепска так,—

Зваліўся з ног, ляжыць без духу,

Не зварухнецца аніяк,

Каб а сабе не даці слуху.

 

Галлё мыслівы разабраў,

Улез у дол і вось што бача:

Там нежывы ляжыць жураў,

Наўкол лісіца жвава скача.

 

«От нечысць дзе, каб ты прапаў,

Што за праклятая звярына:

Не годзе то, што сам папаў,—

Душыць другіх яму павінна!»

 

І, стрэльбу зняўшы з-за пляча,

Лісе у бок не доўга цэліў,—

Спусціў курок і згарача

На месцы тут яе застрэліў.

 

А потым, ўзяўшы жураўля

За ногі, ўгору яго кінуў;

Пад тым ўскружылася зямля,

Як на лам’ё бакамі рынуў.

 

Але праз момант ачуняў

І крыкнуў радасна і зычна,—

І, ўгору ўзняўшыся, жураў

Пайшоў лятаць, як лётаў звычна.

 

Ну во і ўвесь тут мой прыклад,—

З яго марал такі усім:

Мудруйся, браце, а не надт,

Бо замудруешся саўсім.

1910 г.


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан