epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гарун

Жыццё

Элегія

Жыццё — гасцінец, гады — як вёрсты,

Канец жыццёвы — то небаспад.

Ідзеш паволі, што далей — болей

Тых вёрст жыццёвых цячэць назад.

Што далей — болей... Сціха, паволі

Старэеш, слабнеш, цяжэеш ты,

Аж ўрэшце ледзьве нагі абедзве

Дацягнеш неяк да тэй вярсты,

Дзе гэным знакам, што ўсім аднакаў,

Ці хто ялмужнік1, ці хто купец,

На страх выразна, для ўсіх паказна

Стаіць: «Спыніся, вось твой канец!»

1 Жабрак. Ялмужна — міласціна (польск.).


1917

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарун А. Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад. прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. - Мн.: Маст. літ., 1991, 359 с. [5] л. іл. партр.: іл. - (Спадчына).
Крыніца: скан