epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Гурло

Я вольна жыць хачу

Змагацца я прывык... Жыццё - мая стыхія,

І з ранніх дзён вядома мне турма,

І дні вядомы мне, няволяю ліхія,

А шчасце - вораг мой: яго ў мяне няма!

 

За ім ганяюсь я, лаўлю яго вачамі,

І насустрэч я мыслямі лячу,

Не сплю, чакаючы, я цэлымі начамі,

Бо, - даўні раб, - я вольна жыць хачу!

 

Я прабаваў усё: ахвяры і маленні;

Не чуў іх Бог, не чуў і чалавек:

Заместа хлебных луст мне кідалі каменні...

Я кляў сябе і свой злашчасны век.

 

Бурліла кроў мая, мацнелі мае сілы,

Пуцінай барацьбы я шчасце стаў шукаць;

І што ж перада мной? Вялікі рад магілаў...

І мушу я між іх, бы ўкопаны, стаяць.

 

Наўкол ліецца кроў, наўкол людскія цені...

Як бы сшалелы, я не знаю, што рабіць.

А сонца кідае крывавыя праменні:

Куды ісці? Я вольна хачу жыць!..

 

1915

 


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая