epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Бычок

1
2
3
4
5
6
7
8


1

 

Дождж ліў як з вядра. Бліскала маланка, раз-пораз, паўтараючыся, як рэха, грымеў гром. У агародчыку гнуліся ад ветру вішні і яблыні.

У доўгім, да самых пят, плашчы ён падышоў да хлява і адчыніў дзверы. Яны працяжна зарыпелі. Ён сцяўся, прыслухоўваючыся. Дзесьці зусім блізка бліснула маланка і грымнуў гром. Увагнуўшы галаву ў плечы, ён таропка ўвайшоў у хлеў і ўключыў ліхтарык.

У загарадзе ляжалі карова і лысенькі, з белай плямай на лобе, бычок. Карова павярнула да яго галаву і махнула ёю, як бы вітаючыся з ім, а бычок устаў і, наблізіўшыся да яго, тыцнуў пысай у мокры плашч.

Ён дастаў з-пад плашча вяроўку і, зрабіўшы пятлю, надзеў яе бычку на шыю. Бычок рэзка адступіўся назад і захроп: пятля здушыла яму горла. Гучна зарыкала карова.

- Хадзем, Лысенькі, хадзем! - ласкава прагаварыў ён, далоняю стукнуўшы бычку па боку. Бычок выскачыў на двор, пад дождж.

Ён зачыніў дзверы, падняў з зямлі дубец і, трымаючы ў руцэ вяроўку, пагнаў бычка перад сабою.

На яго нечакана напаў страх. Калі бліскала маланка і з трэскам грымеў гром, ён, хутка-хутка перабіраючы губамі, паціху прасіў Бога:

- Божа, дапамажы мне! Божа, не карай мяне!

Ён не маліўся, ён проста прасіў, бо ніводнай малітвы не ведаў.

За вёскай яго чакалі двое: высокі і каржакаваты.

- Прывёў? - зарагатаў высокі.

- Прывёў, - буркнуў ён.

- Вельмі не бядуй, - сказаў каржакаваты. - На наступны год карова другога бычка вам прывядзе.

Ён усунуў у руку каржакаватаму вяроўку і пальцам правёў па белай плямцы бычка.

- Бывай, Лысенькі.

Бычок стаяў, шырока расставіўшы ногі на коўзкай дарозе і апусціўшы галаву.

 

2

 

Аксана ўстала на досвітку. Сонца яшчэ не ўзышло. У хаце было ціха-ціха. Толькі на сцяне мерна цікалі ходзікі. «Сцяпан сёння раней за мяне ўстаў. Напэўна, на двор падаўся, каб праверыць, ці нарабіла навальніца бяды», - падумала пра мужа Аксана.

Ноччу доўга ліў дождж, шалеў вецер, бліскала маланка і грукатаў гром. Змораная за дзень, яна заснула пад гэтую незвычайную музыку навальніцы.

Аксана ўзяла даёнку і выйшла з хаты. На падворку дзе-нідзе стаялі калюжынкі. У агародчыку ляжалі лісткі і галінкі вішань, яблынь, адарваныя і адламаныя ветрам, а зямля пад яблынямі была ўсыпана зялёнымі, няспелымі яблыкамі.

- Божа! Пабіла-паламала, як перад канцом свету! - вырвалася ў Аксаны.

Яна пастаяла і, босымі нагамі ступаючы па цёплых калюжынках, накіравалася да хлява.

- Божа! - зноў вырвалася ў яе, калі яна адчыніла дзверы хлява.

У загарадзе, жуючы жуйку, стаяла карова. Бычка там не было. «Сцяпан бычка павёў на лужок, што за агародам, дзе бычок звычайна пасвіцца, на ланцугу прывязаны да калка!» - мільгнула думка. Аксана выглянула з-за хлява. На лужку хадзілі толькі суседавы куры.

- Віта-алі-ік! - гукнула Аксана, клічучы сына.

 

3

 

Віталік спаў на гарышчы на духмяным сене, якое нядаўна прывёз бацька, накасіўшы каля лесу.

Віталіку прыснілася, што ён прыйшоў на танцы ў свой старэнькі вясковы клуб. На ўвесь клуб гучыць музыка, драўляная падлога аж стогне пад нагамі хлопцаў і дзяўчат. Раптам музыка сціхла, а да яго, Віталіка, падскочыла дваццаціпяцігадовая чарнявая Галя, якая, як не раз і не два казалі жанчыны, засядзелася ў дзеўках. «Віталік, сёння будзе наша вяселле. Ты ажэнішся са мною!» - закрычала Галя. «Мне рана жаніцца. Я яшчэ вучуся ў ПТВ!» - сумеўся ён. «Жэнішся», - што ёсць моцы гукнула Галя.

Віталік расплюшчыў вочы і страсянуў галавою, праганяючы гэты непрыемны сон.

- Віталі-ік! - данёсся да яго голас маці.

Віталік на карачках падпоўз да дзверцаў, якія былі ў шчыце гарышча, і гукнуў нездаволена:

- Ча-го-о?

- Віталік, злезь. Наш бычок з хлява прапаў.

Віталік нагою штурхнуў дзверцы і па драўлянай лесвіцы стаў злазіць з гарышча.

 

4

 

- Маці, ты жартуеш? - пазяхнуўшы, распачаў размову Віталік.

«За ноч не выспаўся ты, сынок», - падумала Аксана і тыцнула рукою, паказаўшы на хлеў.

- У хляве няма Лысенькага. Адна карова стаіць. Сам паглядзі, калі мне не верыш.

Віталік паглядзеў на хлеў і махнуў рукою.

- Можа, вы яго ўчора з лужка не прывялі?

- Я сама прывяла. Ты ж не прывядзеш. Табе няма калі. Усё ў горад да сябрукоў ездзіш.

Віталік колам выгнуў грудзі.

- Маці, ты, можа, думаеш, што я Лысенькага ўкраў? Дык у міліцыю звані. Няхай мяне ў турму, за краты, на дзесяць гадоў пасадзяць.

- Сынок, не кажы абы-што! Ты ж у мяне адзін як палец, - жахнулася Аксана. - Я цябе паклікала, бо бацькі дома няма. І ён прапаў.

- Бацька, я думаю, сена пайшоў касіць, - разважыў Віталік.

- Не, - не пагадзілася з ім Аксана. - Калі б сена пайшоў касіць, то вечарам касу накляпаў бы. Сынок, што мне рабіць? Парай.

- У міліцыю пазвані. Няхай участковага прышлюць, - сказаў Віталік і, пазяхаючы, паплёўся ў хату.

 

5

 

Участковы - старшы лейтэнант Панцялей Міхайлавіч (у вёсцы яго звалі Міхайлавічам) - прыехаў у адзінаццаць гадзін. Міхайлавіч жыў у горадзе, у раённым цэнтры, дзе меў кватэру. Год засталося яму да пенсіі, а служыць стала вельмі цяжка. У апошні час ціхіх, спакойных вяскоўцаў як падмянілі. Напіваюцца, б'юцца, калгаснае дабро крадуць. А гэтай ноччу ўкралі бычка ў Сцяпана Гаўрусёва. Каб у людзей жывёлу кралі! Такога яшчэ не было.

Каля плота паставіўшы матацыкл, Міхайлавіч зайшоў на падворак. З хаты выбегла Аксана. Віталік, які быў на падворку, сеў на лаўку і закінуў нагу за нагу.

- Міхайлавіч, - са слязамі прамовіла Аксана, - нашага бычка ноччу з хлява ўкралі.

- Аксана, дзе твой Сцяпан? - запытаў Міхайлавіч. Вясковых мужчын і маладзіц ён звычайна называў па імені.

- Няма, - развяла рукамі Аксана.

- Бычок прапаў, і бацька прапаў, - засмяяўся Віталік.

- А ты не смейся, - звярнуўся да яго Міхайлавіч. - У вёсцы бачылі і мне паведамілі, што дзяцюк у доўгім плашчы ноччу вёў бычка па вуліцы. Гэты доўгі плашч называецца плашч-палаткай.

- Ого! - прамовіў Віталік.

Міхайлавіч звярнуўся да Аксаны:

- Аксана, у вас ёсць плашч-палатка?

- Такі плашч ёсць, - разгубілася Аксана. - У сенях ляжыць. Здаецца, яшчэ мокры.

Віталік ускочыў з лаўкі.

- Міхайлавіч, плашч-палатку бацька мог надзець.

- Сынок, ты думаеш, што твой бацька свайго бычка ўкраў? - разгубілася Аксана.

- Я нічога не думаю. А Міхайлавіч няхай падумае.

На твары ў Міхайлавіча захадзілі скулы.

- Вось што, хлопец. У горадзе з карцёжнікамі цябе часта бачаць.

- Гуляць у дурня яшчэ не забараняецца, - агрызнуўся Віталік.

- Але ж карты да дабра не даводзяць. І я гэта табе дакажу. - Міхайлавіч узяўся рукою за сумку, якая вісела ў яго на плячы.

 

6

 

Сцяпан стаяў за хлявом. Ён чуў усю гэтую размову. Убачыўшы, што Міхайлавіч узяўся рукою за сумку, ён выйшаў з-за хлява.

- Міхайлавіч, пачакай. Пратакол складзеш не на сына, а на мяне. Я ноччу вывеў з хлява Лысенькага, я яго прадаў.

- А я што казаў! - рагатнуў Віталік.

Міхайлавіч прыўзняў фуражку.

- Сцяпан, ты бычка прадаў? Навошта?

- Пагуляць захацелася. Цяпер шмат хто ў вёсцы гуляе. А я хіба горшы?

- Сцяпан, грошы дзе? - запытала Аксана.

Яна ніяк не магла зразумець, што адбываецца тут, на яе падворку.

- Згубіў грошы. Забірай мяне, Міхайлавіч.

Міхайлавіч зірнуў на Аксану.

- Аксана, забіраць твайго Сцяпана?

Аксана замахала рукамі.

- Міхайлавіч, Бог з табой! Бог з табой!

- Самі разбірайцеся, калі так, - прамовіў Міхайлавіч і накіраваўся да матацыкла.

 

7

 

Калі Міхайлавіч схаваўся за павароткай, Віталік сказаў:

- Бацька, не думай, што табе пашанцавала. Цяпер маці загрызе цябе.

Сцяпан з сілай правёў рукою па шчацэ, паморшчыўся.

- Сынок, давай у карты згуляем. У дурня.

- Бацька, ты не жартуеш?

- Не жартую, сынок.

Аксана села на лаўку. Яе рукі ўпалі на калені.

- Бычка прадаў, а цяпер з сынам у карты сабраўся гуляць!

Віталік з кішэні выняў новенькую калоду карт.

- Наш бацька арыгінал! Бацька, не перадумаў? Мне раздаваць?

- Сынок, палічы, колькі карт у калодзе.

Віталік усміхнуўся, спрытна палічыў карты і спахмурнеў.

- Сынок, колькі карт у тваёй калодзе? - парушыў маўчанне Сцяпан.

- З-здаецца... З-здаецца...

- Адной не хапае. Я ведаю. Вось яна. - Сцяпан расціснуў кулак і паказаў даму крэсці. - Яна з тваёй калоды, з новенькай. Я яе сёння раненька каля хлява знайшоў. Згубіў ты яе, выводзячы Лысенькага.

«Нездарма мне сёння прыснілася Галя - дама крэстовая», - падумаў Віталік. Працяўшы бацьку позіркам, ён усклікнуў:

- Я хлопцам грошы прайграў! Ты сам ведаеш, што цяпер робяць, калі грошы не аддасі! Я мусіў прадаць Лысенькага!

- Бычок ты! - працадзіў праз зубы Сцяпан.

- А! - махнуў рукою Віталік і пашнураваў у хату.

- Сынок, хіба ты гадаваў Лысенькага? - наўздагон яму крыкнула Аксана.

 

8

 

Аксана і Сцяпан сядзелі на лаўцы.

- Сцяпан, я цябе чакала, а ты ўсё не паказваўся. Дзе ж ты так доўга сёння хадзіў? - запытала Аксана.

- Па лузе, разам з сонцам, каб мае слёзы сушыла, - адказаў Сцяпан, выціраючы далоняю твар.




Беларуская Палічка: http://knihi.com