epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Гадзіннік

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

 

Церушыў сняжок. З-за завуголля парывамі налятаў халодны вецер. Па вуліцы, уключыўшы сірэну, імчалася «хуткая дапамога». Сустрэчныя машыны запавольвалі хуткасць і з'язджалі ўбок. За «хуткай дапамогай» спяшаўся міліцэйскі «газік», бітком набілы людзьмі ў пагонах і ў цывільным.

«Бяда! Бяда-а-а!..» - аднатонна гудзела,крычала сірэна.

«Хуткая дапамога» павярнула направа і стала спускацца да замерзлай рэчкі. Там, на беразе, у купіну сабраліся людзі. Узбуджаныя, яны гучна перагаворваліся між сабою, а кабеты сталага ўзросту плакалі, не хаваючы слёз.

«Бяда! Бяда-а-а!..»- паведамляючы аб няшчасці, гудзела сірэна.

А пачыналася так.

 

2

 

Вечарам да Валянціны і Мікіты прыйшлі Іван, Сымон і Эдзік, якія разам з Мікітам працавалі слесарамі на мясцовым аўтарамонтным заводзе. Яны сядзелі на прасторнай кухні, абкладзенай белай пліткай. Валянціна стаяла каля акна і ўважліва глядзела на Мікіту, які ў кілішкі разліваў гарэлку. Бутэльку гарэлкі прынёс з сабою Іван - прыгожы кучаравы мужчына сарака гадоў. Паставіўшы на стол бутэльку, ён усміхнуўся Валянціне, паказаўшы белыя, роўныя, як у артыста, зубы.

- Валя, дазволь. Мы толькі па адным кілішку вып'ем.

Валянціна прамаўчала, хоць і ведала, што падобныя выпіўкі адным кілішкам не заканчваюцца.

Калі Мікіта стаў наліваць у Эдзікаў кілішак, напоўніўшы яго да паловы, Валянціна, страпянуўшыся, загадала мужу:

- Досыць!

Яна шкадавала Эдзіка, які прыходзіўся ёй стрыечным братам. У дзяцінстве ён часта хварэў, аднаго разу ледзь не памёр у бальніцы. І цяпер быў высокі, худы, нязграбны. Але яго цанілі ў брыгадзе за памяркоўнасць і залатыя рукі. Праўда, Эдзік жыў беднавата. Ён меў пяцёра дзяцей, а іх у наш час нялёгка пракарміць. Эдзік рана пасівеў, у трыццаць пяць гадоў стаў белы як лунь.

Мікітава рука з бутэлькай застыла ў паветры.

- Досыць! - паўтарыла Валянціна.

Мікіта зірнуў на Эдзіка, развёў рукамі і стаў наліваць у Сымонаў кілішак. Сымон, дзябёлы, круглатвары, сядзеў прама, паклаўшы рукі на жывот. Мужчыны стукнуліся кілішкамі, выпілі, закусілі. Мікіта звярнуўся да жонкі:

- Валя, бутэльку на стол трэба паставіць, гасцей пачаставаць.

Валянціна з дакорам паківала галавою.

- Вы мне паабяцалі, што вып'еце толькі па адным. Вам заўтра ў Германію трэба ехаць.

- Да мяжы на аўтобусе заедзем, а там на цягнік сядзем, паспім. Валя, будзь чалавекам, - падтакнуў Іван.

Так, заўтра мужчыны паедуць у Германію, каб купіць замежныя легкавушкі. Кожны з іх павязе па тры тысячы даляраў. І Эдзікаву жонку яна, Валянціна, угаварыла, каб адпусціла мужа ў Германію. Тысячу зялёненькіх дала, а дзве тысячы суседзі пазычылі. Эдзік аддасць грошы, калі дамоў вернецца і машыну прадасць. Дасць бог, і сабе заробіць некалькі соцень.

- Вазьмі ў халадзільніку, - уздыхнула Валянціна. - А Эдзіку поўны кілішак не налівай.

Мікіта дастаў з халадзільніка бутэльку, спрытна яе адкаркаваў і наліў гарэлку ў кілішкі.

Выпіўшы, мужчыны прыкметна павесялелі, разгаварыліся. Валянціна зноў уздыхнула:

- Вы там разам трымайцеся. З вялікімі грашыма едзеце. А сёння за капейку могуць забіць.

- Валя, не хвалюйся, - прагаварыў Іван. - Нас Сымон абароніць. Ён калісьці на мяжы служыў, імянны гадзіннік мае.

Валянціне не паверылася, што непаваротлівы, з жывоцікам, Сымон калісьці служыў на мяжы ды яшчэ вызначыўся там.

Яе падмаляваныя бровы прыўзняліся ўгору.

- Ну?

- Сымон, пакажы свой гадзіннік, - падахвоціў сябра Іван.

Сымон няспешна дастаў з нагруднай кішэні круглы гадзіннік жоўтага колеру і прагаварыў:

- Заслужыў.

- Твой гадзіннік залаты? - вырвалася ў Валянціны.

- Канешне! - з гонарам сказаў Сымон.

- Тут ёсць надпіс, не падкапаешся. - Іван узяў у Сымона гадзіннік і прачытаў выгравіраваны на накрыўцы надпіс: - За выдатную службу.

- Наш Сымон баявы хлопец, - пахваліў Мікіта.

І маўклівы Эдзік уставіў сваё слова:

- З Сымонам у Амерыку можна ехаць.

- І ў мяне ёсць чым абараніцца! - усклікнуў Іван і выбег з кухні. Неўзабаве вярнуўся... з рэвальверам у руцэ.

Валянціна перамянілася ў твары:

- Іван, дзе ты ўзяў рэвальвер?

- У маёй куртцы ляжаў, якая на калідоры вісіць, - сказаў Іван як нічога ніякага.

«Гаў! Гаў!» - данёсся са спальні брэх аўчаркі Лады. Валянціна ведала, што сёння ў іх будуць госці, і папрасіла сына Рамана (ён вучыўся ў дзесятым класе), каб завёў Ладу ў спальню і не выпускаў адтуль. Лада не любіла чужых. Толькі з Эдзікам яна сябравала і заўжды радавалася ягонаму прыходу.

Валянціна не спускала вачэй з рэвальвера. Ёй здавалася, што ён зараз выстраліць і хтосьці з іх ўпадзе як падкошаны.

- Валя, не бойся, - супакоіў Іван, задаволены сабою і сваім рэвальверам. - У абойме першы патрон газавы.

Валянціна замахала рукамі.

- Нясі, у куртку схавай! Хутчэй!

- Іван, схавай, - падтрымаў Валянціну Мікіта.

Іван выйшаў у калідор і, вярнуўшыся, коратка паведаміў:

- Схаваў.

- Хвалько! - буркнуў Эдзік.

- А мой гадзіннічак аддай, - звярнуўся да Івана Сымон.

- Бяры. Ведаю, што ты яго шкадуеш больш, чым жонку. - Іван працягнуў Сымону залаты імянны гадзіннік.

У кухні нейкі час панавала цішыня. Першым яе парушыў Іван:

- Значыць, заўтра сустракаемся ў шэсць гадзін раніцы каля прадуктовага магазіна, на беразе рэчкі.

- Так, - сказаў Мікіта.

- А потым праз рэчку і на вакзал, - падхапіў Сымон.

- Мама, - данёсся з калідора Раманаў голас, - я Ладу выведу пагуляць.

- Вядзі, сынок, - прамовіла Валянціна.

Яна ніяк не магла супакоіцца. У яе грудзях усё трымцела.

Стукнулі дзверы. Валянціна здагадалася, што Раман павёў Ладу на двор.

- Іван, - прагаварыла яна, - ты з рэвальверам у Германію паедзеш?

- Для самаабароны вазьму.

- А калі яго на мяжы знойдуць у цябе?

- Не першы раз вязу. Я чалавек бывалы, - адказаў Іван.

 

3

 

Правёўшы мужчын, Мікіта лёг спаць, а Валянціна прыйшла ў пакой да Рамана. Раман сядзеў за сталом і рашаў задачу па матэматыцы. Непадалёку ляжала Лада і аддана глядзела на яго. Валянціна прысела на краёчак ложка.

- Сынок, ты чуў як мы размаўлялі на кухні?

- Чуў.

Сагнуўшыся, Раман пісаў, не адрываючы рукі ад сшытка.

- Ведаеш, што ў дзядзькі Івана ёсць рэвальвер?

Лада, відаць, адчула трывогу ў голасе Валянціны. Яна ўзняла галаву і застрыгла вушамі. Супакойваючы, Раман пагладзіў яе па спіне.

- Мама, не бойся. Цяпер у многіх ёсць зброя.

- А калі іх са зброяй на мяжы затрымаюць?

- Не затрымаюць. Мама, не перашкаджай мне. Я думаю.

Валянціна ўстала і выйшла з пакоя. «Не пушчу з імі Мікіту, - прабегла ў яе галаве, але яна адразу ж адагнала гэтую думку. - Не, няхай едуць. Мікіта машыну потым прадасць, нешта заробіць. Грошы заўсёды патрэбны. Ды і Эдзіку там трэба дапамагчы».

 

4

 

Ноччу Мікіту стала кепска: яго раптам схапіў жывот. Ён ляжаў на ложку і, курчачыся, стагнаў:

- Ой! Так рэжа, што ў вачах цямнее!

Прачнуўшыся, Валянціна завіхалася каля Мікіты: напаіла яго цёплаю вадою з марганцоўкай, дала выпіць таблеткі. Але гэта не дапамагло. З кожнай хвілінай Мікіту станавілася ўсё горш.

- Мама, у «Хуткую дапамогу» пазвані, - параіў Раман.

- У бальніцу забяруць! А мне ж у Германію трэба ехаць! - застагнаў Мікіта.

- Трэба! Трэба! - перадражніла яго Валянціна. - Можа, у цябе апендыцыт! І апендыцыт у Германію павязеш?

- З апендыцытам у Германію яго не пусцяць, - ухмыльнуўся Раман і пайшоў званіць у «Хуткую дапамогу».

 

5

 

Мікіту забралі ў бальніцу, а ў пяць гадзін раніцы да іх пазваніў Эдзік.

- Мікіта ўстаў? - запытаўся ён.

- У бальніцу забралі. Мусіць, апендыцыт у яго, - паскардзілася Валянціна.

- Ён не паедзе з намі? - разгубіўся Эдзік.

- Не, Эдзічак. Глядзі там, беражыся. Грошы пад кашулю схавай, як дамовіліся мы.

- Схаваю, - паабяцаў Эдзік і паклаў тэлефонную трубку.

Толькі лягла спаць - зноў званок. На гэты раз ад Івана.

- Валя, я ў вас сваю цацку не пакінуў? - неяк незвычайна пачаў ён.

- Якую цацку? - не зразумела Валянціна.

- Тую,што на кухні паказваў, - хвалюючыся, прамовіў Іван.

«Рэвальвер згубіў! Дагуляўся! Пайшоўшы ад нас, яшчэ дзесьці выпіў», - падумала Валянціна і незвычайна сказала:

- Няма ў нас твае цацкі. Менш пі.

- Мікіту пакліч.

- Мікіту ў бальніцу забралі. Апендыцыт у яго, - стараючыся не паказваць раздражнення, якое ўсё нарастала ў яе душы, адказала Валянціна.

- Не так у нас складваецца, не так, - двойчы паўтарыў Іван.

Валянціна, зняможаная і перанерваваная, лягла на ложак і доўга не магла заснуць.

 

6

 

Раніцай, а палове восьмай, Валянціну разбудзіў электрычны званок. Радасна скуголячы, каля дзвярэй скакала Лада.

«Мікіта з бальніцы вярнуўся», - здагадалася Валянціна. Калі б за дзвярыма быў хтосьці чужы, то Лада яго сустрэла б злосным брэхам. Валянціна адчыніла дзверы. Сапраўды, на парозе стаяў Мікіта.

- Цябе адпусцілі? - запыталася Валянціна.

- Як бачыш. Аналізы паказалі, што ў мяне няма апендыцыту, - растлумачыў Мікіта.

- Жывот не баліць?

- Не баліць.

Валянціна заўважыла, што Мікіта збянтэжаны і пра хваробу, якая скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалася, яму не хочацца гаварыць.

На калідор выйшаў Раман з павадком у руцэ. Прыкрыўшы рот далоняю, ён пазяўнуў:

- Мама, я Ладу выведу.

- Я выведу, - нясмела прагаварыў Мікіта.

- Тата, ты адпачні, - сказаў Раман і, паклікаўшы Ладу, выйшаў з кватэры.

 

7

 

Да палонкі Рамана прывяла Лада. Каля рэчкі, дзе Раман звычайна з ёю гуляў, яна раптам тоненька заскуголіла і, упіраючыся лапамі, пацягнула Рамана за сабою.

- Лада, стаяць! - злуючыся, скамандаваў Раман.

Паслухмяная Лада ўпершыню не выканала ягонай каманды. Яна ўпарта цягнула за сабою. Быццам нейкае зацьменне найшло на яе.

- А, чорт з табою! - у адчаі ўсклікнуў Раман і трушком пабег за Ладай.

Каля берага, парослага абледзянелымі лазовымі кустамі, Раман убачыў шырокую палонку (яе тут высеклі маржы - мясцовыя аматары зімовага купання), у якой нерухома ляжалі трое мужчын, пакрытыя тонкім лядком. Адзін з іх, тоўсты, грузны, у карычневым паліто з каракулевым каўняром, ляжаў на спіне. На ягоным ілбе крывавела рана, а правая, сагнутая ў локці рука паказвала на Рамана.

- Дзядзька Сымон! - пабялеўшымі вуснамі прашаптаў Раман.

Непадалёку ад Сымона пасярод палонкі, абняўшыся, як перад развітаннем, ляжалі Іван і Эдзік.

«Дзядзька Іван і дзядзька Эдзік адразу не памерлі, былі яшчэ жывыя, пакуль не захлынуліся ў ледзяной вадзе», - адзначыў пра сябе Раман.

Лада цяжка задыхала, потым села на заднія лапы і завыла, як ваўчыца, у якой забралі ваўчанят.

«Я стаю як здань... Здань я... Не, я не здань. Здані там,у палонцы, у вадзе. Здані, якія ўжо нічога не адчуваюць», - падумаў Раман.

На яго напаў страх.

- Людзі-і! - на ўвесь голас закрычаў ён.

Сталі збягацца людзі. Некаторыя, убачыўшы ў палонцы мёртвых мужчын, затулялі твары рукамі і адыходзіліся, божкаючы. На палонку, зацягнутую лядком, падаў сняжок. Здавалася, сама прырода стараецца хутчэй схаваць загінуўшых, накрыўшы іх белай посцілкай, каб не раніць сэрцы жывых. Лада выла не сціхаючы. Да яе наблізіўся мужчына ў бухматай лісінай шапцы і тупнуў нагою.

- Сціхні!

Лада ашчэрылася на яго.

- Не лезьце, бо ўкусіць, - папярэдзіў Раман і, сеўшы на кукішкі, абняў Ладу, шчакою прытуліўшыся да яе. Ён так і сядзеў, пакуль не прыехала міліцыя.

Убачыўшы міліцыянераў, людскі натоўп загудзеў, як патрывожаны вулей:

- Прыехалі, як людзей пабілі!

- Сядзяць, пазачыняўшыся ў аддзеле!

- Раз'еліся на нашых харчах!

Наперад ступіў высокі падпалкоўнік.

- Супакойцеся, - гукнуў ён.

Людзі крыху супакоіліся, перасталі крычаць.

- Хто першым убачыў пацярпелых? - запытаўся падпалкоўнік.

- Я, - глуха азваўся Раман.

- Раскажыце, як было.

Раман расказаў міліцыянеру, як Лада прывяла яго да палонкі. А яшчэ паведаміў, што ў палонцы ляжаць бацькавы сябры: Сымон, Іван і Эдзік.

 

8

 

Праз два дні, калі Раман вярнуўся са школы, маці сустрэла яго ў слязах.

- Сыночак, нашага татку забралі і ў турму пасадзілі!

У апошнія дні на мацерыных шчоках слёзы не высыхалі. Яна аплаквала загінуўшага брата Эдзіка.

Раман заўважыў, што маці згорбілася, пастарэла, а яе каштанавыя валасы пасівелі.

На табе! Яшчэ адна навіна: бацька ў турме! Яшчэ гэтага ім не хапала.

Да Рамана падбегла Лада, пачала лашчыцца. Раман нагою адпіхнуў яе.

- За што яго пасадзілі?

- Абвінавачваюць, што забіў Сымона, Івана і Эдзіка! - Каб не ўпасці, Валянціна спінаю прытулілася да сцяны. - Эдзічак! Я цябе ўгаварыла ехаць у Германію! Калі б не ўгаварыла, жыў бы ты! Э-дзі-чак!

- Мама, не галасі, бо і так млосна, - папрасіў Раман.

- Не буду! - прагаварыла Валянціна і дрыжачай рукой выцерла слёзы. - Сыночак, іх застрэлілі. Мабыць, з таго рэвальвера, які Іван у нас паказваў.

- А пры чым тут бацька? Бацька знаходзіўся ў бальніцы.

- Іх, кажуць, застрэлілі раніцай, пасля шасці гадзін. Бацьку з бальніцы ў шэсць адпусцілі. Ён да сястры зайшоў, пасядзеў у яе. Катуюць яго: «Прызнавайся! Ты застрэліў!»

У Рамана тарганулася левае вока. Раней з ім такога не было. «Не толькі ў маці, але і ў мяне нервы разышліся. А мне яшчэ жыць і жыць», - падумаў ён і сказаў:

- Няхай сястра засведчыць, што ў яе быў.

- Сястру не хочуць слухаць.

- Мама, ім не ўдасца даказаць, што бацька сваіх сяброў застрэліў.

- Прызнаецца, калі добра палупцуюць.

- Няхай стаіць на сваім.

Валянціна выпрасталася, слёзы перасталі цячы з яе вачэй.

- Сыночак, ты не ведаеш, як у нас робіцца. Ім злачынства трэба раскрыць. Сыночак, сёння Эдзіка з морга прывезлі, заўтра будуць хаваць. Схадзі ў магазін, купі дзесяць калаў. Дзесяць, запомні. Грошы ў буфеце вазьмі.

- У мяне ёсць грошы! - крыкнуў Раман і, не надзеўшы шапку, выскачыў з кватэры.

Пакрыўджаная Лада, падтуліўшы хвост, пайшла па калідоры. Яна так і не зразумела, чаму малады гаспадар, вярнуўшыся са школы, не вывеў яе на прагулку.

 

9

 

Раман купіў дзесяць калаў, як і сказала яму маці. Усе яны былі прыгожыя: на тоўстых доўгіх ножках, белыя, як пялёсткі вішань вясною. Раман прынёс іх у зал і паклаў на стол.

Валянціна сядзела на канапе, скрыжаваўшы рукі на грудзях.

- Сынок, як ты думаеш: яны спадабаюцца дзядзьку Эдзіку?

Раман пацепнуў плячыма.

- Калы?

- Калы, сынок.

Раман спадылба зірнуў на маці.

- Мама, дзядзька Эдзік нежывы, зразумей ты. Яму ўсё роўна, якія кветкі прынясуць. Ён іх не ўбачыць. Мы нясём не дзеля яго, а дзеля людзей, каб не абгаварылі нас. Хіба не так я кажу?

- Не, сынок, - не пагадзілася Валянціна. - Я прынясу кветкі не суседзям і не сваякам, а твайму дзядзьку Эдзіку. Ён яшчэ прыйдзе да нас і пра ўсё, пра ўсё запытаецца. І пра гэтыя кветкі, і пра іншае.

Раман ніжэй апусціў галаву.

- У сне?

- Магчыма, у сне. Магчыма, на дарозе сустрэне. - Голас у Валянціны зрываўся. Ёй цяжка давалася кожнае слова.

Раман забарабаніў пальцамі па стале.

- Мама, вазьмі сябе ў рукі. Паберажы свае і мае нервы.

Валянціна перайшла на шэпт:

- Сынок, ты сёння пойдзеш са мною да дзядзькі Эдзіка?

- Пайду, - націснуўшы на літару «д», адказаў Раман.

Валянціна расшчаміла руку. На яе далоні ляжаў круглы залаты гадзіннік.

- Сынок, гэта імянны гадзіннік дзядзькі Сымона. Я яго знайшла ў тваім партфелі. Ты ўкраў у дзядзькі Івана рэвальвер, калі вечарам Ладу на прагулку выводзіў?

Шчокі ў Рамана сталі чырвоныя-чырвоныя. Здавалася, вось-вось кроў пырсне з іх.

- З курткі ўзяў.

- Я заснула, а ты іх пайшоў страляць, каб забраць грошы?

Раманавы пальцы дакрануліся да калаў. Раман адхапіў руку, як ад агню.

- Ну, забраў! Дзевяць тысяч забраў! Чорт паблытаў! Разумееш?

- Пастраляў і ў палонку спіхнуў? Спадзяваўся, што яны па рацэ паплывуць? А рака там плыткая. Затрымаліся, не паплылі. - Валянціна ўзяла гадзіннік за ланцужок і кінула на падлогу.

Цік-так, цік-так - незвычайна гучна пачулася ў цішыні.

- Ён цікае, не разбіўся, - здзіўлена прагаварыла Валянціна.

Вочы ў Рамана забегалі, як у злодзея, на якім шапка гарыць.

- Мама, я вырашыў камерцыяй заняцца. Мне патрэбен першапачатковы капітал.

Валянціна рукамі абхапіла галаву.

- Эдзік твой дзядзька. У яго пяцёра дзетак засталося. Ты падумаў пра іх?

Раман скрывіўся. Здавалася, вось-вось заплача. Не, не заплакаў, стрываў.

- Я вялікія грошы зараблю і на ногі гэтых дзетак пастаўлю.

- А калі б твой бацька быў там, то і яго застрэліў бы? - усё дапытвалася Валянціна, імкнучыся зразумець, як магло такое стацца.

- Мама, памаўчы ты! - закрычаў Раман.

На падлозе ляжаў залаты гадзіннік. Цік-так, цік-так - цікаў ён, адлічваючы час.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая