epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Кілер

1
2
3
4


1

 

Нашыйнік з раменным павадком ён надзеў на ката Чарныша ў пад'ездзе. Чарныш, як відаць, адчуў небяспеку, бо напружыўся ўсім целам, імкнучыся вырвацца. Ён пагладзіў Чарныша па спіне раз, другі, трэці... Кот супакоіўся, замурлыкаў, заспяваўшы аднаму яму знаёмую песню.

- Чарныш малайчына! Чарныш разумнік! - пахваліў ён ката і выглянуў з пад'езда.

На двары ні душы. Летняя паўднёвая спёка нават старых і малых загнала ў кватэры шэрых пяціпавярховак, на сценах якіх віселі парваныя на краях улёткі - адзіны знак, які надоўга пакінулі свайму электарату кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

Аблізнуўшы перасмяглыя губы, ён выйшаў з пад'езда і паўз сцяну накіраваўся ў падвал. Дзверы падвала ён адамкнуў раней, а замок кінуў у бур'ян, каля сцяны. Замок яму быў не патрэбен.

«Ш-ш-ш-ш-ш», - залапатаўшы крыламі, з балкона, што на трэцім паверсе, узнялася чымсьці напалоханая чародка галубоў.

Ад неспадзеўкі ён уздрыгануў і незычліва падумаў пра цётку Вольку (гэты балкон быў яе): «Ненармальная, зноў галубоў карміла. Быццам не бачыць, што яны вокны і сцены пазагаджалі. Ну й людзі пайшлі!»

Галубы напалохалі не толькі яго, але і Чарныша, які выгнуў спіну, закруціўся, каб уцячы. Ён сціснуў ката так, што той аж вяўкнуў і, сагнуўшыся, ускочыў у падвал.

У падвале было сыра, патыхала цвіллю. Дзесьці ў цемры з праржавелай трубы цурчала вада.

Тут, у падвале, ён уздыхнуў з палёгкай. Тут ён быў адзін, адчуваў сябе гаспадаром. Ён сеў на скасабочаную металічную лаўку. Калісьці яна стаяла каля пад'езда. Яе спінка і сядзенне з роўных драўляных рэек былі памаляваны прыгожай блакітнай фарбай. Цяпер жа ад лаўкі застаўся толькі ржавы металічны каркас. Але яму на гэтай лаўцы было добра: ён ужо забыўся, не памятаў, якая яна была раней.

«Мяў», - жаласна мяўкнуў Чарныш.

- Чарныш, пацярпі, - лагодна сказаў ён і, прыціснуўшы ката вострымі каленямі, прывязаў раменны павадок да ржавага каркаса лаўкі.

Чарнышу нарэшце ўдалося вызваліцца. Ён саскочыў на цэментавую падлогу і, узняўшы хвост, ірвануўся, але павадок не пусціў яго.

- Кхе! - ён кхекнуў, як стары, і намацаў рукою бутэльку з бензінам, якую ўчора схаваў тут, пад лаўкай.

Узбуджаны кот знянацку ўскочыў яму на калені.

- Пысік! - моцна гукнуў ён і, штурхнуўшы ката, адкаркаваў бутэльку.

Кот чамусьці стаў на заднія лапы. Вочы ў яго былі вялікія-вялікія і зялёныя-зялёныя.

- Даруй мне, Чарныш. Я не хацеў цябе паліць, - таропка прамовіў ён, не шкадуючы, з бутэлькі плюхнуў бензін.

Чарныш падскочыў, потым упаў, пакаціўся, абхапіўшы лапамі галаву.

- Чарныш, ты ўжо аджыў сваё, - сказаў ён і, чыркнуўшы запалкай аб карабок, кінуў на Чарныша маленькі пякучы агеньчык.

 

2

 

Баба Настуся спадзявалася, што Чарныш прыйдзе дамоў пасля паўдня. Звычайна пасля паўдня ён ускокваў на падаконнік, абабіты памаляванай на белы колер бляхай, і чакаў, калі яна, Настуся, адчыніць яму фортку, каб упусціць у кватэру.

Сонца паплыло на захад, дзень праходзіў, а Чарныш усё не з'яўляўся.

- Ванька, - паклікала ўнука баба Настуся.

Унук тут як тут.

- Бабуля, навошта мяне клікала?

Баба Настуся са слязамі на вачах паглядзела на ўнука.

- Ванька, ты не бачыў нашага Чарныша?

- Бабуля, можа, ён пад ложкам сядзіць, схаваўся? - выказаў здагадку ўнук.

Баба Настуся цяжка ўздыхнула:

- Можа. Ванька, правер.

Ванька праверыў пад ложкам, і за канапай, адсунуўшы яе ад сцяны, але ні пад ложкам, ні за канапай ката не было.

- Ванька, Чарныша, напэўна, сабакі разарвалі! - усхліпнула баба Настуся. - А я ж яго з вёскі прывезла. І хату, і карову, і свіней, і курэй пакінула, калі да вас у горад пераязджала.

- Хату, карову, свіней вы не пакінулі. Іх мама прадала, - удакладніў Ванька і, крыху памаўчаўшы, дадаў, каб супакоіць бабу Настусю: - Я думаю, што Чарныш жывы. Гэткаю гарачынёю сабакі ў цяньку не ляжаць.

- Унучак, - пажвавела баба Настуся, - правер у падвале. Мо там ён сядзіць. Збегай, а я каля форткі пастаю, цябе пачакаю. Гукнеш мне, калі знойдзеш Чарныша.

- Бабуля, я хутка вярнуся. Адна нага тут, а другая нага там. - Ванька пацалаваў бабу Настусю ў шчаку і, адчыніўшы дзверы, пабег у падвал.

Ванька стрымаў сваё слова. Ён доўга не затрымаўся ў падвале.

- Там? - убачыўшы ўнука, з надзеяй запытала баба Настуся.

Ванька задраў галаву, гледзячы на бабу Настусю. На ягоным твары, заўважыла баба Настуся, былі пісягі ад слёз.

- Там, але нежывы.

- Здох? - вырвалася ў бабы Настусі, хоць яна і ведала, што Чарныш у гэты дзень быў здаровы, лашчыўся да яе і з'еў тры акунькі, якія Ванька для яго злавіў у возеры.

- Нейкі гад спаліў Чарныша! - гукнуў Ванька і затрос узнятымі кулакамі. - Бабуля, вы будзьце ў хаце, вам не трэба на яго глядзець! Я сам пахаваю Чарныша! Я на магілку курганок насыплю і крыжык пастаўлю!

- Пахавай, - бяскроўнымі вуснамі прашаптала баба Настуся і пасунулася з кухні.

 

3

 

Ванька ведаў, што будзе рабіць. Зараз ён пазаве Платона, якога ў іхнім мікрараёне клічуць кілерам. Платон займаецца ў секцыі ўсходніх адзінаборстваў. Яго нават старэйшыя хлопцы пабойваюцца. Да Платона заўжды звяртаюцца равеснікі, калі ў кагосьці трэба «выбіць» доўг. Праўда, з гэтага доўгу ён сабе бярэ працэнты. Што ж, так заведзена: за работу, як гаворыцца, трэба плаціць.

- Пла-то-он! - дрыготкім голасам крыкнуў Ванька.

- Спуска-аюся! - з пятага паверха азваўся Платон.

«Ён чуў, як я размаўляў з бабай Настусяй. Ведаў, што яго паклічу», - зайздросцячы Платону, падумаў Ванька.

Платон няспешна выйшаў з пад'езда, варухнуў шырокімі плячыма і вачыма колеру васілька ўставіўся на Ваньку.

Ванька чамусьці разгубіўся.

- Платон, ведаеш?.. Чарныша... Ведаеш?..

- Хто? - праз зубы працадзіў Платон, перапыніўшы Ваньку.

- Думаю, што Паўлік.

- Хочаш, каб ён табе заплаціў?

- Няхай заплаціць, гад! Смерці яму мала! Ня-хай за-пла-ціць! - Ванька не мог стрымаць хвалявання. - Два мільёны вазьму з яго, з гада печанага!

- Пяцьсот тысяч мне. - Платон бліснуў залатым зубам, які ўставіў на днях на кватэры ў знаёмага лекара, бо сапраўдны яму выбілі ў час трэніроўкі.

- Так і быць, - пагадзіўся Ванька.

- Дзе Паўлік? Не бачыў яго?

- Бачыў. У магазін падаўся... Вунь ён ідзе! - Ванька тыцнуў растапыранымі пальцамі, паказаўшы на Паўліка.

Паўлік ужо набліжаўся да іх. Ён нёс сетку, у якой былі дзве бутэлькі малака і дзве буханкі чорнага хлеба.

«Няшмат на шэсць чалавек сям'і», - адзначыў пра сябе Ванька, паглядзеўшы на сетку.

Паўлік здагадаўся, што Ванька і Платон пра яго вялі гаворку.

- Мяне чакаеце? - запытаў, падышоўшы бліжэй.

- Хадзем у падвал, - замест прывітання адказаў Платон.

Паўлік пераступіў з нагі на нагу.

- Сетку з прадуктамі дамоў занясу.

- Потым занясеш, - з выклікам прамовіў Ванька.

- Потым! Чуў? - сказаў Платон і штурхнуў Паўліка ў спіну.

У падвале было сыра, патыхала цвіллю, пахла бензінам і гарэлым мясам.

Чарныш ляжаў выцягнуўшыся. Ягоны абгарэлы хвост нагадваў пацучыны. Вочы вылезлі і, нібы незвычайныя акуляры, віселі на носе, які цяпер меў колер вугалю.

Убачыўшы Чарныша, Паўлік адхіснуўся. Платон узяў яго за руку.

- Куды? Спаліў Чарныша - плаці.Ваньку паўтара мільёна і мне пяцьсот тысяч.

Паўлік сцяўся. Твар у яго стаў як каменны.

- Я не паліў Чарныша!

- Я дакажу! - урачыста пачаў Ванька.

- Дакажы, - падахвоціў Ваньку Платон і адпусціў Паўлікаву руку.

- Пакажы свае рукі. Я ведаю, што яны бензінам пахнуць, - са злосцю звярнуўся да Паўліка Ванька.

Паўлік пусціў сетку. Яна ўпала на цэментаваную падлогу. Дзынькнулі бутэлькі. Малако пацякло ручайком, утварыўшы белую калюжынку каля абгарэлага Чарныша.

- Ванька, я мапед рамантаваў. Ты ж сам бачыў!

Ванька рвануў на грудзях Паўліка кашулю. Яна трэснула, у бакі паляцелі гузікі.

- А на грудзях у цябе драпіны! Чарныш не даваўся, грудзі абадраў.

- Кілера, выходзіць, наняў? - збянтэжаны, прамовіў Паўлік.

Ванька павярнуўся да Платона:

- Я даказаў. Няхай плаціць, гад!

- Я не гад! Я па маліны ездзіў. Я ў такія кусты залез! Я там абадраўся, - заплакаў Паўлік.

Ванька зірнуў на Платона і сказаў Паўліку як пераможца:

- Мы слязам не верым.

- А я табе не веру. Я веру галубам, - нечакана заявіў Платон.

- Якім? - разгубіўся Ванька.

- Тым, што ў Волькі на балконе кормяцца. Яны на тваім плячы свой памёт пакінулі, калі ты з Чарнышом у падвал прабіраўся. Тады пакінулі, бо цяпер іх на балконе не відаць.

Уваччу ў Ванькі пацямнела. Няўтульна стала яму ў падвале. «Галубы не толькі вокны і сцяну, але і мяне абгадзілі», - падумаў ён.

- Не, не Платон кілер, а ты, Ванька, кілер! Ты забойца! - тоненькім галаском крыкнуў Паўлік.

- Сваю бабулю не пашкадаваў! Яе ж падкосіць смерць Чарныша! - прамовіў Платон.

- Не падкосіць, змірыцца, як змірылася, калі мама яе хату і гаспадарку прадала, - вылазячы з падвала, сказаў Ванька.

 

4

 

- Хм, - хмыкнуў Платон. - Хутка Ванька здаўся. Галубіны памёт на плячы - не доказ яго віны. Галубы ў любы час кожнага могуць абгадзіць.

- Дык чаму ж ты сказаў, што верыш галубам? - запытаў Паўлік.

- Я ведаў, што Ванька спалохаецца, ведаў, што ён баязлівец.




Беларуская Палічка: http://knihi.com