epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

На Вялікдзень

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13


1

 

У пакоі пахла півам, самагонкай і цыгарэтным дымам. Дым паднімаўся да цёмнай, закопчанай, як у кузні, столі, слаўся на сценах, на якіх віселі абшарпаныя шпалеры.

На квадратным дашчаным стале ляжалі агрызкі хлеба, стаялі пустыя бутэлькі, дзве гранёныя шклянкі і пабітая талерка, заваленая недакуркамі.

У покуці, дзе вісела іконка Божай Маці (вочы ў яе былі сумныя, а твар стомлены, як пасля перажытага), на высокай, з тоўстымі ножкамі табурэтцы сядзеў Антон - гаспадар кватэры. Ягоныя валавяныя вочы на цёмным, спітым твары блішчалі, як у галоднага бадзячага ката. Антон не так даўно вярнуўся з папраўча-працоўчай калоніі, дзе адбываў трохгадовы тэрмін за крадзеж. Яму пашанцавала: трапіў пад амністыю. І цяпер гэтую радасную для яго падзею другі тыдзень запар адзначаў з сябрукамі.

- Налівай! - звярнуўся да Антона семнаццацігадовы Дзяніс, высокі, хударлявы, апрануты ў пярэсты світэр і трыко з чырвонымі лампасамі, якое амаль ніколі не знімаў: хадзіў у ім і зімою, і летам. Таму знаёмыя празвалі яго «Генералам». Гэтым ён вельмі ганарыўся.

Антон хіснуўся на табурэтцы і павольна, узважваючы кожнае слова, прагаварыў:

- Апошнюю бутэльку выпілі, кропелькі выціснулі, а ў людзей сталы ад гарэлкі ломяцца. Во блін!

- Не дзіва, што ў людзей сталы ад гарэлкі ломяцца. Сёння ж Вялікдзень, - страсянуў вялікаю лабастаю галавою Дзянісаў аднагодак Мікола.

- Міколка, сёння людзі на ўсяночную пайшлі, свечачкі запалілі, моляцца, - не пагадзілася Соня, высокая, тоўсценькая, як ляпёшачка.

- Людзі моляцца, а мы сядзім і п'ём! Сядзім і п'ём! - усклікнула бялявенькая, коратка пастрыжаная Люда, якая, як і Соня, вучылася ў мясцовым ПТВ. Сёння да Антона яе прывяла Соня.

- Пілі і будзем піць! - Антон валавянымі вачыма ўставіўся на Люду.

Яна апусціла галаву.

Антон перавёў позірк на Соню, потым на Дзяніса і Міколу. Ягоныя вочы, здавалася, фатаграфавалі сабутэльнікаў, каб надоўга захаваць іх, як на фотаздымку. У пакоі стала ціха-ціха.

Бом-бом, бом-бом - данёсся з вуліцы рытмічны, урачысты гук царкоўных званоў.

Плечы ў Люды ўздрыганулі, а Дзяніс і Мікола скрывіліся, быццам ім знячэўку па плячах крапівою сцебанулі.

- Пілі і будзем піць! - паўтарыў Антон і, шмаргануўшы носам, дадаў: - Калі пабагацеем.

Мікола ляпнуў рукою па кішэнях.

- Я пабагацею як рак свісне.

- Там наша багацце ляжыць, нас чакае! - тыцнуўшы растапыранымі пальцамі, Антон паказаў на пяціпавярховік, які ўзвышаўся насупраць. - У першым пад'ездзе на першым паверсе даўно няма святла. І ў другім пад'ездзе на трэцім паверсе няма святла. У трэцім пад'ездзе на другім і чацвёртым паверхах таксама няма святла. Дзе цяпер гаспадары гэтых кватэр? Га?

- Магчыма, на ўсяночнай, - выказаў здагадку Дзяніс.

Антон з пагардай зірнуў на яго:

- Да сваякоў у вёску паехалі, сынок. Каб разгавецца. Па сала, па кумпякі. Усёй сям'ёй на ўсяночную не ходзяць. Хоць хто-небудзь застаўся б дома.

- Значыць, украдзём і разбагацеем! Да Вялікадня людзі падрыхтавалі і выпіць, і закусіць, - павесялеў Дзяніс.

- Шэф, у якую кватэру нас накіруеш? - Як певень перад бойкай, натапырыўся Мікола.

Антон дастаў з кішэні новенькую калоду карт.

- Зараз выцягнеш адну карту. Валет - гэта кватэра на першым паверсе, дама - на другім, кароль - на трэцім, туз - на чацвёртым.

Міколавы губы скрывіліся ў п'янай ухмылцы.

- Цікава прыдумана.

Антон працягнуў яму калоду карт.

- Смялей, Міколка.

Бом-бом, бом-бом - гучней забілі званы. Мікола, павярнуўшыся да бажніцы, памахаў пальцам, як звычайна дарослыя махаюць, сварачыся на малога, які свавольнічае, а затым выцягнуў з калоды карту і, падняўшы яе ўгору, з жалем аб'явіў:

- Сямёрка!

- Шэф, давай я выцягну.Мне заўжды шанцуе, - падахвоціўся Дзяніс.

- Цягні, Генерал, - дазволіў Антон.

Дзяніс заплюшчыў вочы і выцягнуў з калоды вінёвага валета.

- Валет! - дрыготкім голасам прагаварыла Люда.

- А я што казаў! Мне шанцуе! - задаволены сабою, пахваліўся Дзяніс.

- Генерал, я вып'ю за твой поспех, - сказала Соня.

Нагнуўшыся, яна з-пад стала дастала шклянку, да паловы напоўненую гарэлкай, і кульнула ў шырока разяўлены рот.

Антон зыркнуў на яе і ўстаў з-за стала.

- Хадзем!

- І я? - азвалася Люда.

- І ты, Людок. Персанальна запрашаю.

- А я? - Соня падняла руку і адразу ж апусціла на стол, пульхнаю далоняю накрыўшы талерку з недакуркамі.

Антон плюнуў пад ногі і, хвіліну падумаўшы, сказаў:

- Софа, ты перапіла. У хаце застанешся. За гаспадыню цябе пакідаю.

 

2

 

На вокнах кватэры, якую сабутэльнікі вырашылі абрабаваць, вісеў прыгожы новы цюль, а самі вокны былі памаляваны бліскучай карычневай фарбай.

- Тут будзе чым пажывіцца. Гаспадарлівыя людзі жывуць у кватэры, - заўважыў Антон, спыніўшыся каля акна.

- Праз балкон у кватэру залезем? - пацікавіўся Мікола.

- Балкон з другога боку. Правер. Магчыма, ён зашклёны, - распарадзіўся Антон.

Мікола, як здань, знік за вуглом пяціпавярховіка.

- Курыць хачу, - падаў голас Дзяніс.

- Потым накурышся, - буркнуў Антон.

Люда стаяла воддаль ад хлопцаў. Ці то ад страху, ці то ад нервовага напружання яе раптам праняло дрыжыкамі. Спачатку сталі лекацець кончыкі пальцаў. А потым задрыжалі плечы.

Люда два гады назад пазнаёмілася, пасябравала з Соняй. Здаралася, разам выпівалі і на дыскатэцы, і ў гарадскім парку, схаваўшыся ад людзей, але ў такую кампанію, як сёння, яна трапіла ўпершыню.

«Праз некалькі хвілін я стану зладзейкай. Трэба ўцякаць, пакуль не позна», - прабегла ў яе галаве.

З-за вугла дома паказаўся Мікола.

- Зашклёны, - паведаміў ён.

- Дзверы будзем ламаць, - прамовіў Дзяніс.

- Фортка на кухні адчыненая. Стаяў каля акна, а не ўбачыў, - папракнуў Антон і, азірнуўшыся, загадаў: - Лезьце. Хутчэй. Я павартую.

Дзяніс падскочыў, ухапіўся рукамі за фортку і, падцягнуўшыся, імгненна, як вужака, залез у кватэру. За ім у кватэру гэтак жа спрытна залез Мікола.

Плечы ў Люды задрыжалі мацней, непрыемны халадок пабег у грудзях. Шырока расплюшчанымі вачыма яна глядзела на адчыненую фортку, якая здавалася ёй страшнай пасткай.

- Людок, чаго стаіш? - паціху, але выразна прашаптаў Антон.

Люда ўвагнула галаву ў плечы. Ёй хацелася стаць зусім маленькай, нябачнай.

- Я пайду дамоў, - прагаварыла яна.

Антон падышоў бліжэй.

- Не, Людок. У кватэру палезеш. Сама напрасілася.

Люда хацела сказаць, што яна не прасілася, але Антон, узяўшы яе за руку, падвёў да акна і, абхапіўшы за ногі, падняў.

- Лезь, бо засвецімся.

«Сапраўды, нас тут хутка заўважаць і пазвоняць у міліцыю», - падумала яна і палезла ў фортку.

Каля форткі стаялі Дзяніс і Мікола. Яны падхапілі яе, нібы куль саломы, і паставілі на падлогу.

 

3

 

Мікола, Дзяніс і Люда прайшлі ў залу, дзе была вялікая, на ўсю сцяну, секцыя колеру дуба. На паліцах секцыі стаяў крышталёвы посуд: вазы, графінчыкі, шклянкі, кілішкі, сподачкі.

Дзяніс прынёс з кухні сумку і няспешна, як гаспадар, пачаў вымаць з секцыі гэтае нажытае людзьмі багацце.

Люда моўчкі глядзела на яго. «Ён зусім не баіцца, - думала яна. - Відаць, не ўпершыню абірае чужую кватэру. Што, калі раптам гаспадары дамоў заявяцца? Мікола і Дзяніс вылезуць праз фортку, уцякуць, а я не паспею. Мне за ўсіх прыйдзецца адказваць. А я хіба вінаватая? Я не краду, я проста так стаю і пазіраю. Божа, выратуй мяне!»

Дзяніс, прысеўшы на кукішкі, адчыніў у секцыі шуфляду і...дастаў адтуль тоўсты пачак амерыканскіх даляраў. Вочы ў яго сталі круглыя-круглыя і вялікія-вялікія.

- Даляры! Мне заўжды шанцуе!

Мікола выпусціў з рук вазу. Яна ўпала на тоўсты дыван, засланы на падлозе, і пакацілася. Люда хуценька схапіла яе і паставіла на невялікі шкляны столік.

- Усе, як адна, сторублёвыя! - цешыўся Дзяніс.

Мікола працягнуў руку.

- Дай! Палічу.

- Сам палічу. - Дзяніс устаў і, слінячы пальцы, пачаў лічыць даляры.

На Люду чамусьці напала ікаўка.

- Ік! - ікнула яна.

- На кухню схадзі, халоднай вады напіся, - скрывіўся Мікола.

Люда як заварожаная глядзела на тоўсты пачак даляраў. Не раз і не два яна ўяўляла, як аднаго разу знойдзе шмат даляраў, пасля чаго ні ў бацькі, ні ў маці не будзе пытаць грошай ні на модныя туфелькі, ні на дарагое паліто, ні на дыскатэку. Хоць год, хоць два, а пажыве, як жывуць некаторыя багаценькія шчасліўчыкі.

- Тры тысячы ў пачку! - нарэшце паведаміў Дзяніс.

Мікола падняў сумку, напакаваную крышталёвым посудам.

- Разжыліся. Хопіць. Хадзем.

 

4

 

Даляры ў Дзяніса на вуліцы забраў Антон. «Цяпер іх у яго і кіпцюрамі не вырвеш. Усе прап'е», - падумала Люда. На душы ў яе стала пуста, як пасля нікчэмнай, знясільваючай працы. Яна ведала, што будзе далей. Хлопцы неўзабаве раздабудуць гарэлкі і распачнуць перапыненую п'янку. Мікола будзе ўвесь час падліваць у яе шклянку, патрабуючы, каб выпіла да донца, быццам яна не дзяўчына, а нейкая драўляная бяздонная бочка. Антон будзе глядзець на яе валавянымі вачыма, а Дзяніс стане расхвальваць сам сябе.

- Ік! - ікнула яна, уявіўшы іхнія п'яныя твары і запляваны, закіданы недакуркамі пакой.

- Людок, ты перанервавалася, - заўважыў Антон.

- Я пайду дамоў, - з выклікам сказала Люда. Няхай без яе прапіваюць даляры, няхай пускаюць іх на вецер.

Мікола ўзяў Люду пад руку.

- Людок, не фанабэрся. Пагуляем як белыя людзі!

Люда вырвала руку і адскочыла ўбок.

- Не лезь да мяне!

- Ідзі, - дазволіў Антон. - Але запомні: рот на замку трымай.

- Калі што, на тым свеце дастанем, - дадаў Дзяніс.

 

5

 

Людзе ўсю ноч сніўся міліцыянер, падобны на Антона: з азызлым ад п'янкі тварам і валавянымі вачыма. Ён ціхенька садзіўся на край ложка і настойліва клікаў:

- Лю-док! Лю-док!

Затуляючы рукамі голыя плечы, яна крычала:

- Адчапіся ад мяне! Я хачу пабыць адна!

Міліцыянер даставаў з кішэняў тоўстыя пачкі амерыканскіх даляраў і працягваў іх Людзе.

- Вазьмі, Людок. Гэта твая доля.

Яна рукамі ўпіралася ў грудзі міліцыянеру, імкнучыся сапхнуць яго з ложка.

- Не хачу такой долі! Не хачу!

Міліцыянер нахабна ўсміхаўся:

- А ў чужую кватэру залезла.

- Я не хацела. Мяне Антон сілком у фортку падсадзіў, - у бяссіллі кусаючы губы, адказвала Люда.

- На чужыя даляры з прагнасцю глядзела, - напамінаў міліцыянер. - Калі б хлопцы табе іх аддалі, то не пасаромелася б, забрала б.

- Забрала б, - паціху адказала Люда.

Прачнуўшыся, яна расплюшчыла вочы і доўга глядзела на павучка, які на белай столі, у куце, звіў сваю павуцінку. Ні аб чым не хацелася думаць, але думкі сталі наплываць адна за адной, як хвалі, падганяемыя дужым ветрам: «Нездарма мне прысніўся міліцыянер. Міліцыя, відаць, ужо шукае нас, злодзеяў. Пасадзяць. І Антона, і Міколу, і Дзяніса, і мяне як саўдзельніцу. Дагулялася. Дапілася. Не, гэтай ганьбы я не вынесу».

На калідорчыку стукнулі ўваходныя дзверы. Люда прыўзнялася. Няўжо за ёю прыйшлі? Няўжо так хутка?

- Люда яшчэ спіць, не ўстала? - пачуўся бацькаў голас.

- Спіць, - адказала маці, якая на кухні, уключыўшы кран, мыла посуд.

З Людзіных вачэй выплылі дзве слязінкі. Не ведае бацька, што ягоная адзіная дачушка на чужыя даляры паквапілася. Глядзела на іх, нібы на свае.

Люда спусціла з ложка ногі і прашаптала:

- Мне цяжка. Я болей не магу цярпець. Пайду ў міліцыю. Што будзе, то будзе.

 

6

 

На трэці дзень Вялікадня, у аўторак, Люда сустрэла ў горадзе Соню.

- Учора Міколу забралі, - паведаміла Соня.

- Я так і ведала! - усклікнула Люда.

Соня дапытліва паглядзела на яе:

- Ты не была ў міліцыі?

Люда пачырванела і сцялася, як кузурка, якая адчула небяспеку.

- Мне сон прысніўся, што міліцыянер прыходзіў і даляры прапаноўваў.

- За ноч усяго насніш. Вось што скажу табе, сяброўка, - Соня двума пальцамі ўзяла Люду за гузік і крутнула яго так, што ледзь не адарвала. - Міколу я добра ведаю. Ён не прызнаецца, што вы ў чужую кватэру залезлі і даляры ўкралі.

- Я не крала, - апраўдваючыся, пачала Люда.

Соня перапыніла яе:

- Язык не распускай, калі раптам на допыт цябе выклічуць. Мікола, Дзяніс і Антон добрыя, калі з імі па-добраму. А калі ўгневаеш каторага, то ўсе, як восы, нападуць.

- А ты хітрая. Напілася знарок, каб у чужую кватэру не ісці, - сказала Люда.

- На дурнях ваду возяць! - Соня зарагатала і пайшла, калышучы бёдрамі.

 

7

 

У сераду разам з газетамі Люда дастала з паштовай скрынкі згорнуты лісток паперы ў клетачку.

Зайшоўшы ў кватэру, Люда разгарнула яго. На лістку няроўнымі друкаванымі літарамі было напісана: «Ты мяне здала. Не дарую.М.».

Пульхненькія Людзіны губкі задрыжалі. Яна моўчкі села на канапу. Гэтую запіску, вядома ж, напісаў Мікола, які цяпер сядзіць у турме. Выходзіць, хтосьці з ягоных сябрукоў вынес са следчага ізалятара запіску і кінуў у паштовую скрынку. Добра, што бацькі і маці дома няма. Жахнуліся б, калі б дасталі і прачыталі Міколава пасланне.

«А калі ўгневаеш каторага, то ўсе, як восы, нападуць», - успомніла Люда Соніны словы і горка заплакала. Адна аса дала знаць аб сабе. Вось-вось уджаліць. На дарэмную выпіўку паквапілася, разам з Соняй прыйшоўшы да Антона, весялосці захацелася. Чаму ж яна, дурніца, не падумала, што за ўсё трэба плаціць?

Працягла зазваніў электрычны званок. Люда ўскочыла і выцягнулася, як лазінка. Магчыма, там, за дзвярыма, стаіць Міколаў сябрук, які прыйшоў па яе душу.

Электрычны званок зноў зазваніў працягла і патрабавальна. Люда на дыбачках наблізілася да дзвярэй, глянула ў вочка і ўбачыла лагодны Сонін твар. Павярнуўшы ў замку ключ, Люда адчыніла дзверы.

- Люда, ты плакала? - запыталася Соня, зайшоўшы ў кватэру.

Люда паказала ёй запіску.

- Вось што ад Міколы я атрымала.

Прачытаўшы запіску, Соня ўздыхнула. Яе грудзі пад тонкай кофтачкай калыхнуліся, як дзве важкія гіры.

- Ты сапраўды невінаватая?

Людзін твар перакасіўся ад болю. Даўкія слёзы падступілі да горла.

- Перад бажніцай на калені стану і прысягну, што невінаватая!

- Не трэба. Мы і так шмат награшылі, - прамовіла Соня.

Люда сцяла кулачкі.

- Я пайду да Антона і ўсё яму раскажу, каб ведаў, што невінаватая.

Соня села на табурэтку і выцягнула ногі.

- Думаеш, што Антон табе паверыць? Не будзі звера ў ягонай бярлозе. Запомні гэта, Людачка.

- А што ж мне рабіць? - у адчаі ўсклікнула Люда.

- Чакаць. Прыйдзе час, і ўсё само сабою выплыве наверх, як бруд выплывае ў віры. Усё стане зразумела.

Па Людзіным твары прабегла хмурынка.

- Мне доўга прыйдзецца чакаць?

- Колькі трэба, столькі і прыйдзецца.

- На дурнях ваду возяць? - напомніла Люда Соні яе словы.

Соня кіўнула галавою:

- Так, так.

 

8

 

У чацвер Люда сядзела на лаўцы каля дзіцячай пляцоўкі. Вакол бегалі, весела гаманілі дзеці, а на яе душы кошкі скраблі.

За гэтыя апошнія дні яна пастарэла. Каля рота з'явіліся дзве вузенькія складачкі. Ад куточкаў вуснаў яны цягнуліся да яе прыгожага кірпатага носіка. Люда жыла ў чаканні самага горшага. Яна баялася ўсяго: адзіноты, цемры, незнаёмых мужчын і хлопцаў. На добрае яна не спадзявалася, перастала спадзявацца.

- Божа! - вырвалася ў яе.

У гэты момант хтосьці мяккімі рукамі, якія пахлі цыгарэтным дымам і дэзадарантам, затуліў ёй вочы. Яе сэрца зайшлося ад жаху. Яна адкрыла рот, каб закрычаць, але пачула ласкавы Сонін голас:

- Гэта я, Людок!

Люда рукою схапілася за сэрца, якое ўсё яшчэ трымцела.

- Ну й напалохала ты мяне, сяброўка!

- Даруй мне. Я зусім забылася, што ты чакаеш, - апраўдваючыся, прагаварыла Соня.

Люда ўстала з лаўкі. Галава ў яе закружылася.

- Чакаю. Не толькі днём, але і ноччу. У мяне сон прапаў.

- Вузялок мацней сціскаецца. Дзяніса забралі, - сказала Соня.

Людзе здалося, што ляціць у бездань.

- І яго?

- І яго, - паўтарыла Соня.

Люда рукамі абхапіла галаву.

- Я ўцяку адгэтуль, паеду куды вочы глядзяць!

Соня дастала з сумачкі цыгарэту, чыркнула запальнічкай і закурыла.

- Паедзеш і на ўсе сто зажывеш? Ты хто? Мільянерша?

- А што мне рабіць? - з роспаччу прамовіла Люда.

- Чакаць.

- Зноў чакаць?

- Зноў чакаць, - сказала Соня.

Люда апусціла галаву і, спатыкаючыся, нібы п'яная, пасунулася дамоў.

 

9

 

У пятніцу разам з газетамі Люда дастала з паштовай скрынкі згорнуты лісток паперы ў клетачку, на якім няроўнымі друкаванымі літарамі было напісана: «Ты мяне здала. Не дарую. Д.».

Скамечыўшы запіску, Люда забегла ў кватэру, схапіла тэлефонную трубку і, набраўшы нумар Сонінага тэлефона, гукнула:

- Со-ня!

- Што здарылася? - пачуўся спакойны Сонін голас.

- Я ад Дзяніса пасланне атрымала, - паскардзілася Люда.

- Пагражае табе? - пацікавілася Соня.

- Пагражае, як і Мікола! Я болей не магу чакаць!

Соня цяжка ўздыхнула:

- Прыйдзі ў парк. Там сустрэнемся і пагаворым. Зразумела?

- Зразумела, - адказала Люда і паклала тэлефонную трубку.

 

10

 

У іхнім горадзе парк быў стары, запушчаны, парослы здзічэлымі кустамі. На высокіх таполях звілі свае гнёзды вароны, якія з карканнем кружыліся над паркам, здавалася, днём і ноччу. Каля паламаных лавак у засені кустоў збіраліся аматары спіртнога. Як і вароны, яны гаспадарылі ў парку.

Люда і Соня сустрэліся каля танцпляцоўкі, якая ў гэты час не працавала, была зачынена на рамонт.

- Пакажы запіску, - звярнулася да Люды Соня.

Люда дастала з сумачкі скамечаную запіску. Соня ўзяла яе, разгарнула і прачытала ўголас:

- «Ты мяне здала. Не дарую. Д.».

- Соня, што будзем рабіць? - хрыплым голасам прамовіла Люда.

- Пойдзем да Антона.

- Цяпер?

- Цяпер.

 

11

 

Антон у гэты дзень ужо паспеў напіцца. Расцягнуўшыся, ён у адных трусах ляжаў на падлозе і хроп на ўвесь пакой. На стале ляжалі сшытак у клетачку і шарыкавая ручка.

Соня ўзяла сшытак і працягнула яго Людзе.

- Так я і думала! Бачыш, першыя два лісткі ў сшытку вырваны.

- Лічыш, што Антон гэтыя запіскі напісаў? - запыталася Люда, спалохана зірнуўшы на Антона, які хроп, як нічога ніякага.

- Зараз праверым. - Соня кінула сшытак на стол і адчыніла шуфляду невялікай тумбачкі, што стаяла ў куце, пад бажніцай. У шуфлядзе ляжалі блішчастыя наручнікі і пачак даляраў.

Люда тыцнула пальцам, паказаўшы на Антона.

- Соня, ён зараз прачнецца!

- Не прачнецца, пакуль не праспіцца. Я ведаю. - Соня дастала з шуфляды даляры і, палічыўшы іх, паведаміла: - Дзве тысячы семсот засталося. Трыста прапіў.

- Што ты хочаш зрабіць? Я анічога не разумею, - прагаварыла Люда.

Соня схавала даляры за пазуху і зашпіліла верхні гузік кофтачкі.

- Хутка зразумееш. Хутка твае пакуты скончацца. Я цябе сюды прывяла - я табе і дапамагу.

- Мне ўжо ніхто не дапаможа, - прашаптала Люда.

Соня паківала галавою.

- Прыйдзецца разжаваць і ў рот табе пакласці. Няўжо да цябе не дайшло, што Антон Міколу і Дзяніса ў міліцыю здаў, каб далярамі з імі не дзяліцца?

- Гэта ж такая рызыка! Мікола і Дзяніс могуць выдаць яго, - не пагадзілася Люда.

- Хто не рызыкуе, той не п'е шампанскага, - адказала Соня, а потым дадала: - Мікола і Дзяніс паважаюць Антона. Самі сядуць у турму, а яго нізашто не выдадуць. Ён для іх і цар, і бог.

- Навошта ён запіскі мне пісаў? - усё дапытвалася Люда, каб зразумець, чаго хоча ад яе Антон.

- Зараз праведаем. - Соня ўзяла з шуфляды наручнікі і спрытна, як дэтэктыў у баевіку, адзін канец іх зашчоўкнула на руцэ Антона, а другі - на батарэі ацяплення, такім чынам прыкаваўшы Антона да батарэі.

Антон павярнуўся на бок і зноў захроп.

Людзе стала горача. На яе лбе выступілі кропелькі поту.

- Ты яго здасі ў міліцыю?

Штосьці драпежнае з'явілася на Соніным лагодным твары.

- Сяброўка, без міліцыі разбярэмся.

 

12

 

Соня прынесла з кухні вядро з вадою і заржавелую вышчарбленую сякеру з пашчапаным тапарышчам.

- Ты яго хочаш забіць? - зніякавела Люда.

- Не перашкаджай мне. Сядзь і памаўчы, - папярэдзіла Соня.

Люда села на канапу і ўвагнула галаву ў плечы. Няўжо Соня засячэ Антона, з якім нядаўна піла за адным сталом? Няўжо ў яе такое бязлітаснае сэрца? Антон п'яніца, нягоднік. Але ён чалавек, нарадзіўся чалавекам.

Соня як бы прачытала Людзіны думкі.

- Лічыш, што я бязлітасная? А што мне застаецца рабіць, калі ты, як авечка, якая адбілася ад чарады, абараніць сябе не можаш? Запомні, міленькая: ёсць рыса, якую без страху трэба пераступіць, - сказала яна і, падняўшы вядро з вадою, плюхнула на Антона.

Пырскі вады паляцелі на сцяну, ручайкамі расцякліся па падлозе. Антон расплюшчыў вочы і рвануўся, каб устаць, але наручнікі яго не пусцілі.

Соня кінула вядро, якое, дзынькаючы, пакацілася па падлозе, затым схапіла сякеру і ўзняла яе над галавой.

- Ты напісаў запіскі і кінуў іх у Людзіну паштовую скрынку?

Антон лыпаў вачыма і моршчыў мокры лоб.

- Прызнавайся, бо засяку! - крыкнула Соня. Яе твар пачырванеў, стаў жорсткі, непрыступны.

- Я, - глуха прагаварыў Антон.

- Ой! - міжволі вырвалася ў Люды.

Антон скоса зірнуў на яе валавянымі вачыма і звярнуўся да Соні:

- Заступаешся за яе? А яна табе кім прыходзіцца? Сястрой?

Соня апусціла сякеру, дастала з-за пазухі пачак даляраў і кінула на стол.

- Ты Міколу і Дзяніса, каб прысвоіць гэтыя даляры, здаў у міліцыю?

Антон крыва ўсміхнуўся:

- Софа, давай па-добраму разыдземся. Палова даляраў - твая.

Соня зноў над галавой узняла сякеру.

- Засяку гада!

«Яна не жартуе. Засячэ. Са зладзейства пачалі, а забойствам закончым», - падумала Люда і крыкнула:

- Соня, не трэба!

Сонін твар яшчэ больш перакасіўся ад злосці.

- Маўчы, табе сказала!

Антон, чаго Люда ніяк не чакала, заплакаў. Вялікія, як бобіны, слёзы пацяклі па ягоных няголеных шчоках.

- Ну, здаў. Задаволілася цяпер?

- Не, не задаволілася. - Соня ўзяла са стала сшытак і ручку і кінула Антону: - Напішы, што здаў, каб прысвоіць даляры.

Антон замахаў галавою.

- Не, не!..

- Напішаш. Табе ж жыць хочацца. Лічу да трох.

Антон усхліпнуў і ўзяў ручку.

- Пішы так: я, Антон Карачун, здаў у міліцыю Міколу і Дзяніса, каб прысвоіць тры тысячы даляраў. Пастаў сённяшнюю дату і распішыся.

Антон пачаў пісаць. Ягоная рука дрыжала, выводзячы на паперы няроўныя літары, а па шчоках усё цяклі слёзы.

Люда глядзела на яго са страхам і з агідай, як малыя дзеці глядзяць на вялікага вусеня, які неспадзявана ўпаў на асфальт з зялёнага дрэва, дзе яму было так утульна, так добра. Ёй хацелася хутчэй пакінуць гэты пакой і ўцячы на вуліцу: да людзей, да святла. Даляры, што ляжалі на стале, яе больш не вабілі. Яны палохалі, як палохае дынаміт, які вось-вось узарвецца.

- Напісаў, - праз плач прамовіў Антон.

Соня ўзяла ў яго сшытак, зграбла са стала даляры і прагаварыла:

- А цяпер скажы, навошта ты запіскі ў Людзіну паштовую скрынку кідаў?

Антон у бяссіллі стукнуў кулаком па падлозе.

- Каб з горада яе выжыць! Каб знікла! Каб не было яе тут!

- Потым усім казаў бы, што яна даляры ў цябе ўкрала і ўцякла, - працяжна прамовіла Соня і звярнулася да Люды: - Сяброўка, хадзем.

 

13

 

На двары Люда пацікавілася ў Соні:

- Ты Антонаву запіску занясеш у міліцыю?

Зноў штосьці драпежнае з'явілася на Соніным твары.

- Ёсць хлопцы, якія без міліцыі з Антонам разбяруцца. Сёння ж яго наведаюць.

- Значыць, ты не жартавала, ты сапраўды яго засекла б?

- Ненавіджу такіх гадаў, як Антон. Яны заўжды прыносяць бяду, - прагаварыла Соня.

«А мы з табою хіба лепшыя?» - хацела сказаць Люда, але прамаўчала.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая