epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Пажар

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

 

Ужо зусім сцямнела. Сямён сядзеў на лаўцы ў садзе і глядзеў на неба. Цяпер, у канцы кастрычніка, яно было цёмна-шэрае, нібы намаляванае незвычайным шэрым алоўкам.

Сямёну падабалася сядзець вось так, у цішыні, і глядзець на неба, асабліва ўлетку, калі паважна і спакойна плывуць удалеч хмары, упэўненыя ў сабе, абыякавыя да ўсяго.

Ён, Сямён, праз тры гады скончыць школу і, канешне, паедзе ў горад, туды, куды часта плывуць хмары. Там вывучыцца на мастака і калісьці напіша вялікую карціну, на якой будзе і гэты асенні сад, і гэтае недаступнае цёмна-шэрае неба.

Падзьмуў легкі ветрык, і пацягнула гарэлым адтуль, дзе стаяў іхні хлеў. Пазаўчора ён згарэў. Ад яго засталіся толькі галавешкі і задымлены каменны падмурак.

Ззаду, за спінай, прашалясцела апаўшае лісце. "Мабыць, мыш прабегла, спажывы шукае", — падумаў Сямён. У гэты момант нечыя дужыя пальцы сціснулі яго горла. Ён варухнуў плячыма, напяўся, імкнучыся вызваліцца. Пальцы, як жалезныя абцугі, сціскалі ўсё мацней. Сямёну здалося, што на цёмна-шэрым бяздонным небе раптам успыхнулі прыгожыя яркія зорачкі. Яны бегалі, мітусіліся, з трэскам гарэлі, як бенгальскія агні.

 

2

 

У той вечар, стаміўшыся за дзень, у пяць гадзін Сямён прылёг на ложак і заснуў не распрануўшыся. А ў восем гадзін яго разбудзіла маці. Цёплымі кончыкамі пальцаў яна дакранулася да ягонай шчакі:

— Сынок, уставай. Паесці табе прынесла.

Сямён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што на стале стаіць кубак гарбаты, а каля яго — талерка са свежымі булачкамі. Сямён пазяхнуў і пацягнуўся.

— Нядаўна спякла?

— Толькі што, — ласкава прамовіла маці.

З кухні данесліся прыглушаныя мужчынскія галасы. Сямён прыўстаў, прыслухоўваючыся.

— Мама, хто ў нас?

— Дзядзька Вадзім агарод нам пераараў, дык наш татка магарыч яму паставіў.

Вадзім (па-вулічнаму яго называюць Чырвонец) жыве на другім канцы вёскі. З бацькам ён не ладзіць. Неяк яны нават пабіліся на вясковым вяселлі, і Сямён пацікавіўся ў маці, чаму яны, аднавяскоўцы, так неўзлюбілі адзін аднаго. Тады маці прамаўчала, нахмурыўшыся.

Сямён устаў і звесіў з ложка ногі.

— У нас, здаецца, не толькі дзядька Вадзім.

— Іван прыцягнуўся. Ён за вярсту гарэлку чуе, — сказала маці.

Іван жыве па суседству. Ён заўжды прыходзіць у хату, калі збіраюцца госці. Бацька ўжо прывык да гэтага і запрашае яго за стол як блізкага, як сваяка:

— Сядай з намі, Іван. У нагах праўды няма.

Сямён узяў кубак і выпіў глыток духмянай, настоенай на зёлках, гарбаты.

— Мама, мне прыснілася зломаная шабля. Што б гэта азначала? Га?

Маці ўмее разгадваць сны. Ад бабулі ёй дастаўся даўні тоўсты соннік у скураной вокладцы.

— Сынок! — у голасе маці Сямён адчуў трывогу. — Беражыся. Ворагі цябе адолеюць.

Сямён глядзіць на маці, любуючыся ёю. Валасы у яе залацістыя, на круглаватых, ружовенькіх шчочках гэткія ж залацістыя вяснушкі. Нездарма бацька, бывае, называе яе золатцам.

Узяўшы з талеркі булачку, Сямён адкусіў кавалак і запіў гарбатай.

— У мяне няма ворагоў. Я нікому зла не зрабіў.

— Сынок, у жыцці ўсяк бывае. Беражыся! — папярэдзіла маці і, лёгка ступаючы, накіравалася на кухню.

 

3

 

Перад тым, як зноў легчы спаць, Сямён выйшаў на двор і сеў на лаўку ў садзе.

Ён не верыў, што праз дзень ці два нейкі невядомы вораг прычыніць яму зло, але на душы чамусьці было неспакойна. "У нашай вёсцы людзі даўно жывуць разам. Здараецца, і пасварацца, і паб'юцца, як бацька з дзядькам Вадзімам, але ж потым мірацца, у госці ходзяць. Не, у нас няма заклятых ворагаў", — думаў ён.

Адчыніўшыся, рыпнулі дзверы веранды, і на ганак выйшлі маці і дзяцька Вадзім. Маці, відаць, не чакала, што яе госць выйдзе за ёю, бо, азірнуўшыся, здзіўлена прамовіла:

— Вадзім, чаго ж так рана з-за стала вылез?

— Няхай п'юць, — махнуў рукою Чырвонец. — Мне з табою трэба пагаварыць.

— З маім Міколам гаварыў бы.

— Марынка! — гучна прашаптаў Чырвонец і, наблізіўшыся да маці, рукамі ўзяўся за яе плечы, стараючыся абняць. — Я ж кахаю цябе!

На зашклёнай верандзе гарэла святло, і Сямён бачыў, як перакасіўся твар маці.

— Вадзім! — спалохана ўсклікнула яна і адштурхнула Чырвонца. — У цябе ёсць жонка! Яе кахай!

Чырвонец пахіснуўся, але ўтрымаўся, не ўпаў з ганка.

— Марынка, мы ж з табою некалі сустракаліся, давідна гулялі.

— Ну і што? — адказала маці. — Гулялі, бо маладыя былі. Сямён прыціснуўся да лаўкі. Ён адчуваў сябе як злодзей, якога злавілі з крадзеным і вывелі на людзі, каб паказаць.

— Як што? — Чырвонец рукою палез у кішэню і дастаўшы адтуль фотаздымак, падняў яго ўгору. — У мяне застаўся твой фотаздымачак. Ты мне яго некалі падарыла і падпісала: "Дарагому Вадзіму ад Марыны на ўспамін".

— Аддай! — выдыхнула маці. Чырвонец руку з фотаздымкам адвёў назад.

— Ты мяне хоць калі-небудзь кахала?

— Калі б кахала, то замуж за цябе пайшла б. Ты ж мне прапаноўваў.

Чырвонец гучна засоп носам і гыгыкнуў, занерваваўшыся:

— Так, ты адмовіла мне. І сёння праганяеш. Ён наблізіўся да яе і ўсхвалявана прагаварыў:

— Марынка, я ж…

— Не трэба! — як спалоханая птушка, усклікнула маці, затуліўшыся рукамі.

— Прабач, Марынка, — сказаў Чырвонец і, спусціўшыся з ганка, закурыў, а потым па бетоннай дарожцы накіраваўся на вуліцу. Невысокага росту, грузны, амаль квадратны, ён ішоў няспешна, грукаючы падэшвамі ботаў па бетоне.

"Хутчэй ідзі! Хутчэй! Я ненавіджу цябе!" — хацелася крыкнуць Сямёну.

— Вадзім, дзякуй, што дапамог нам! — гукнула маці. "Вось чаму ты з бацькам на вяселлі пабіўся. Лепей я не ведаў бы пра гэта", — кусаючы губы, прашаптаў Сямён.

— Сынок! — паклікала маці. Сямён не азваўся.

 

4

 

А Іван у гэты вечар добра падпіў. Маці і бацька ледзь выправадзілі яго з хаты. Іван не адразу пайшоў дамоў. У садзе сеў на лаўку і заспяваў.

— Няхай спявае, — сказаў бацька. — Наспяваецца, пакурыць і пойдзе спаць.

 

5

 

Ноччу Сямёна разбудзіў тэлефонны званок. У пакоі насупраць на ложку заварушылася маці.

— Мікола, чуеш? Тэлефон звоніць.

— Каму гэта прыспічыла поначы званіць? — спрасонку хрыплым голасам прагаварыў бацька.

— Можа, Івану захацелася пахмяліцца, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз сказала маці.

Тэлефон званіў не пераставаючы.

Бацька штосьці буркнуў, устаў з ложка і па калідорчыку, не ўключыўшы святло, накіраваўся ў суседні пакой, дзе стаяў тэлефон.

— Марына, наш хлеў гарыць! — неўзабаве пачуўся ягоны адчайны крык.

Сямён ускочыў з ложка і, апярэдзіўшы маці, пабег па калідорчыку. Праз акно, што выходзіла ў сад, ён убачыў чырвонае полымя, якое ўзнімалася над хлявом, імкнучыся да цёмнага бяздоннага неба. У хаце было светла, амаль як днём.

— Марына, у пажарную пазвані! — гукнуў бацька і пабег на двор.

А маці разгубілася, глядзіць на Сямёна шырока расплюшчанымі вачыма.

— Сынок, які нумар пажарнай? Не памятаеш?

— 01,— падказаў Сямён.

Маці падняла тэлефонную трубку, набрала нумар і крыкнула:

— У нас, у Парэччы, хлеў гарыць! Хутчэй прыязджайце!

 

6

 

Пажарныя прыехалі, калі хлеў ужо згарэў. Шчасце, што з дапамогай суседзяў бацьку удалося вывесці з хлява карову і свіней.

Ён вельмі перажываў: за пару гадзін схуднеў, счарнеў, а цяпер сядзеў у хаце, моўчкі апусціўшы галаву.

— Мікола, не бяры так блізка да сэрца! — не вытрывала, накрычала маці.— Хіба свет клінам на хляве сышоўся?

Бацька падняў стрыжаную галаву:

— Хлеў пабудую. Страхоўку нам выплацяць. Сена шкада. Цэлае лета касою махаў… І ўсё згарэла!

— У сваякоў пазычым, — уздыхнула маці.

— Хлеў пабудую! — зноў пачаў бацька. — Але хочацца мне ведаць: хто падпаліў яго? Каму я дарогу перайшоў?

Маці села насупраць бацькі на табурэтку.

— Можа, ад праводкі загарэўся? Бацька крыва ўсміхнуўся:

— Ад якой праводкі? Следчы ж быў, казаў, што знарок хтосьці падпаліў. А потым яшчэ пазваніў, каб сказаць, што хлеў гарыць. Хіба забылася?

— Забылася! — усхліпнула маці.

У хату зайшоў Іван. Высокі, худы, няголены. Стаў у парозе, выцягнуўшыся, як жаўнер на варце. Бацька заварушыўся на табурэтцы.

— Што скажаш, Іван? Пахмяліцца захацелася? Іван нясмела кашлянуў у кулак.

— Мікола, я прыйшоў сказаць, што сена дам. Я накасіў, на дзве каровы хопіць.

Бацька рэзка падняў галаву і ўставіўся на суседа.

— Ты каля хлява не курыў?

— На лаўцы, як прыбіты, прасядзеў, праспаўся і дамоў пайшоў! Дальбог! — пабажыўся Іван. Ягоны няголены падбародак задрыжаў, а на вачах выступілі слёзы.

— Ідзі, Іван, — ужо мякчэй прагаварыў бацька.

Іван павярнуўся і пайшоў, асцярожна зачыніўшы за сабою дзверы.

Бацька стукнуў кулаком па стале.

— Хочацца мне ведаць, хто падпаліў!

— І мне хочацца, — прамовіў Сямён, з жалем паглядзеўшы на бацьку.

 

7

 

На другі дзень бацька і маці адправіліся ў суседнюю вёску да сваякоў пазычыць сена. Сямён дома застаўся адзін. Звечарэла, а бацькоў ўсё яшчэ не было.

Сямён прыйшоў у сад і сеў на лаўку.

— Сямёнка! — данеслася з-за плота.

Сямён азірнуўся і ўбачыў дзядзьку Івана. Сёння ён быў цвярозы.

— Сямёнка! — паўтарыў Іван. — Бацька і маці яшчэ гасцююць?

— Гасцююць, — кіўнуў галавою Сямён. Яму не хацелася заводзіць з суседам доўгую гаворку. Ён спадзяваўся, што Іван пойдзе далей, пакіне яго аднаго. Але, як было відаць, сусед спыніўся надоўга.

— Сямёнка, твой бацька думае, што я цыгарэтай хлеў незнарок падпаліў,— націснуўшы на словы "незнарок", прамовіў Іван. — Дальбог не я! Галава ў мяне была ясная!

— Дзядзька! — перапыніў Сямён.

— І ты на мяне злуешся! — паківаў галавою Іван і пацягнуўся далей.

 

8

 

Праз паўгадзіны за плотам пачуліся цяжкія крокі. Сямён устаў і ўбачыў квадратную постаць Чырвонца. Чырвонец, углядаючыся, спыніўся.

— Сямён, ты?

— Я! — з выклікам адказаў Сямён і падышоў да плота.

— Што тут робіш, Сямён?

— Вас чакаю. Вы каня на балота завялі. Я ведаў, што каля нас будзеце ісці,— Сямён ледзь стрымліваў хваляванне.

Вочы ў Чырвонца бліснулі ў цемры, як у ваўка.

— А яшчэ што ведаеш? Га?

— Наш хлеў падпалілі вы, а потым патэлефанавалі, каб тата на пажар паглядзеў! — Сямён увесь напружыўся і выцягнуўся, як лазінка.

— Гы-гы!.. — нядобра зарагатаў Чырвонец. — З глузду з'ехаў?

— Дзядзька Вадзім, я чуў, як вы прызнаваліся маме ў каханні!

— Чуў? Гы-гы…

— Мама вас не захацела слухаць, прагнала. Вы пайшлі дамоў, а потым вярнуліся і хлеў падпалілі, каб маме і тату адпомсціць, — твар у Сямёна гарэў, быццам хтосьці сцебануў крапівой-пякучкай.

— Дакажаш? Гы-гы…

— Дакажу! — Сямён выхапіў з-за пазухі фотаздымак і падняў яго перад сабой. — Вось фотаздымак, які вы маме паказвалі. Вы яго ў нашым садзе згубілі. Мабыць, тады, калі запалкі з кішэні даставалі.

— Хлопчык! — Чырвонец нечакана заплакаў. Слёзы пацяклі па ягоных тоўстых абвіслых шчаках. — Нікому не кажы пра гэта. Злосць мною кіравала. Ашалеў я. Не кажы! Мяне пасадзяць! Не скажаш? Га?

Сямён маўчаў. Вось і вывеў ён дзядзьку Вадзіма на чыстую ваду, ва ўсім прымусіў прызнацца, а радасці няма. Неяк трывожна на душы.

— Не скажаш?

Сямён наморшчыў лоб. Каму казаць? Бацьку? Але ж тады фотаздымак прыйдзецца паказаць. Не, няможна. Няма як. Бацьку будзе балюча.

Сямён з агідай паглядзеў на Чырвонца.

— Дзядзька Вадзім, вы заплаціце і за хлеў, і за сена.

— Каму?

— Мне. Я скажу татку, што гэтыя грошы ў латарэю выйграў.

— Хлопчык, ты вельмі добра прыдумаў! — вочы ў Чырвонца імгненна высахлі і зноў бліснулі, як у ваўка. — Я заплачу, а ты скажы, што выйграў! Гы-гы!..

Сямён павярнуўся, падышоў да лаўкі і стомлена апусціўся на яе.

 

9

 

Ужо зусім сцямнела. Сямён сядзеў на лаўцы і глядзеў на цёмна-шэрае неба.

Ззаду, за спінай, прашалясцела апаўшае лісце. "Мабыць, мыш прабегла", — падумаў Сямён. У гэты момант нечыя дужыя пальцы сціснулі яго за горла.

Ён варухнуў плячыма, напяўся, імкнучыся вызваліцца. Пальцы, як жалезныя абцугі, сціснуліся на горле мацней. Сямёну здалося, што на цёмна-шэрым бяздонным небе раптам успыхнулі прыгожыя яркія зорачкі. Яны бегалі, мітусіліся, з трэскам гарэлі, як бенгальскія агні.

— А-а-а! — закрычаў хлапчук, але не пачуў свайго крыку.

 

10

 

— Сынок! Сыночак! — як праз сон, пачуў Сямён. Ён з намаганнем расплюшчыў вочы і ўбачыў усхваляваны твар маці. Нахіліўшыся, яна з сілай страсянула яго.

— Сыночак, ачніся!

Сямён бездапаможна застагнаў.

— Сыночак, ты жывы? Жывы!

— Мамачка, што са мною? — лежачы на траве, усыпанай жоўтымі лісцямі, запытаўся Сямён.

— Я пачула, што ты крычыш, прыбегла і ўбачыла, што Чырвонец цябе душыць. Схапіла кій і стукнула яго…

— Дзе ён? Маці азірнулася.

— Побач ляжыць. Сынок, ён варушыцца! Уставай, уцякайма адгэтуль!

Сямён прыўстаў. На верандзе загарэлася святло.

— Мікола! — у адчаі закрычала маці.

— Марына, што там нарабілася? — азваўся з веранды бацька.

— Мікола, ідзі сюдзі! — паклікала маці і заплакала наўзрыд.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: Якімовіч, Алесь Мікалаевіч. Залатая дзіда : Аповесці,апавяданні: [Для дзяцей сярэд.шк.узросту] / Алесь Якімовіч. - Мн. : Юнацтва, 2001. - 268с. - ( Бібліятэка прыгод і фантастыкі).
Крыніца: http://lib.rus.ec/b/321021/read