epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Помста

1
2
3
4
5
6
7
8
9


1

 

Сямён і Галя сустрэліся каля пад'езда пяціпавярховага дома, у якім жыла Галя.

- Галінка, не едзь на гэтае вяселле, - сказаў Сямён.

Галя абняла Сямёна, шчакою прытулілася да ягонай шчакі і шапнула ў самае вуха:

- Чаму, мой любы?

- Я не хачу, каб ты была там, на вяселлі.

- Раўнівец! - з усмешкай сказала Галя.

Галі падабалася, што Сямён яе раўнуе. Гэта нагадвала ёй захапляльную гульню, якая закружвае, як у імклівым танцы.

Сямён сеў на лаўку і засоп пакрыўдзіўшыся. «Не, я не хачу з табой сварыцца, не хачу, каб гэтая гульня зайшла так далёка», - падумала Галя і села каля Сямёна.

- Мой любы, ты пакрыўдзіўся! Я ж толькі на адзін дзянёк еду ў вёску: заўтра, у суботу, а ў нядзелю вярнуся. Мая дваюрадная сястра замуж выходзіць! Зразумей!

- Не, - буркнуў Сямён.

Галя ўздыхнула:

- Ну, не паеду, калі табе так хочацца.

Сямён узняў галаву. Ён зноў як на свет нарадзіўся.

- Галя, мы хутка скончым адзінаццаць класаў. Я хачу, каб мы разам у адзін інстытут паступілі. Потым пажэнімся, паступім у аспірантуру. Я табе дапамагу. Мы ў інстытуце застанемся працаваць. Галя, у мяне ўсё распісана. Я па плану жыву. Галя, ты мне верыш?

- Веру. Ты ж у нас у класе самы разумны. Цябе ўсе настаўнікі хваляць.

Сямён прытуліўся да Галі.

- Галінка, я не магу жыць без цябе. Я хачу, каб ты заўжды была толькі са мною.

Галя зняла з шыі сярэбраны ланцужок і надзела яго на шыю Сямёну.

- Сямён, прымі ад мяне падарунак. Няхай ён і ў горы, і ў радасці напамінае табе пра мяне.

 

2

 

У суботу маці разбудзіла Галю ў дзевяць гадзін.

- Галя, уставай.

Галя расплюшчыла вочы і зірнула на маці.

- Мама, мне ў школу не трэба ісці. У мяне пачаліся вясновыя канікулы.

- Дачушка, сёння мы ў вёску паедзем. Хіба ты забылася? Бацька па машыну ў гараж пайшоў.

Галя пацягнулася і рукою затулілася ад сонца.

- Мама, я не паеду на вяселле.

Нафарбаваныя мацерыны бровы прыўзняліся ўгору.

- Чаму, дачушка?

- Сямён не пускае, - прызналася Галя.

Ёй, вядома, хацелася паехаць у вёску. Яна ні разу не была на вясковым вяселлі. Дый Таня - дваюрадная сястра - яе чакае. На днях яны размаўлялі з Таняй па тэлефоне. «Галя, прыязджай, - сказала Таня. - Пабачыш, які прыгожы ў мяне жаніх».

Маці прысела на краёчак ложка.

- Дачушка, Сямён не пускае, пакрыўдзіцца? Бяда вялікая! Сёння пакрыўдзіцца, а праз дзень-другі адпусціцца, калі па-сапраўднаму кахае цябе.

- Добра. Я паеду, - пагадзілася Галя.

 

3

 

Галі ўсё спадабалася на вяселлі: і багаты стол, і зычлівыя вясковыя мужчыны і кабеты, і незвычайны вясельны абрад з вянчаннем у царкве. Седзячы за сталом, яна не спускала вачэй з Тані, шчаслівай, прыгожай у белым вясельным уборы. Малады - танклявы хлапец з чорнымі вусікамі - ні на хвіліну не адыходзіўся ад Тані, ва ўсім стараўся ёй дагадзіць.

Потым распачаліся танцы ў невялікім старэнькім клубе. Галя танцавала з Дзімам і Колем. Апошні раз тут, у вёсцы, яна была пазалетась. Тады з Дзімам, Колем і іншымі вясковымі хлопцамі і дзяўчатамі яны хадзілі на рэчку купацца і загараць. Цяпер Дзіма і Коля выцягнуліся, узмужнелі.

- Запарылі вы мяне, хлопцы, - пасля чарговага танца жартам сказала Галя.

Шчокі ў яе расчырванеліся, галава кружылася. За сталом на вяселлі яна выпіла дзве стограмоўкі белага сухога віна.

- Давай на двор выйдзем, пагуляем, - прапанаваў Дзіма.

- Падыхаем свежым паветрам, - падхапіў Коля.

- Можна, - пагадзілася Галя.

Галя, Коля і Дзіма зайшлі за клуб. За клубам быў невялікі скверык. Там раслі стройныя маладзенькія бярозкі.

- Хлопцы, якая прыгажосць вакол! - усклікнула Галя.

Дзіма неспадзявана схапіў Галю за плечы і з сілай прытуліў да сябе.

- Дзіма, так не жартуй! - Галя, вырваўшыся, адштурхнула Дзіму. Яна яшчэ не адчула небяспекі.

- Я не жартую. - Дзіма, наставіўшы рукі, стаў набліжацца да Галі. - Моцна раздражніла ты нас, Галя!

- Чым раздражніла? - разгубілася Галя.

- Сваімі каленямі! - азваўся Коля і схапіў Галю за калена.

Галі і на гэты раз удалося вырвацца, адскочыць. Цяпер яна зразумела, чаго Дзіма і Коля дамагаюцца ад яе.

- Хлопцы, я закрычу, людзей паклічу, - папярэдзіла яна.

Дзіма па-баксёрску стукнуў Галі ў плячо.

- Не жыць табе, калі закрычыш. Зразумела?

Галя заплакала, а Дзіма схапіў яе за кофтачку. Тонкая кофтачка трэснула на грудзях.

- Ра-туй-це мя-не-э! - на ўвесь голас закрычала Галя.

Дзіма затуліў ёй рот далоняю.

- Замаўчы!

Галя заўважыла (на двары гарэў ліхтар), што з-за вугла клуба выбег бацька. За бацькам - яшчэ хтосьці...

- Дзіма, уцякайма! - крыкнуў Коля.

Дзіма адпусціў Галю і разам з Колем кінуўся наўцёкі.

Галя села на траву і абхапіла рукамі галаву. Ёй хацелася праваліцца скрозь зямлю і паляцець у бездань.

Да Галі падбег бацька, дапамог ёй устаць.

- Галя, яны на цябе напалі?

- Новую кофтачку парвалі, - паскардзілася Галя.

- Хто?

- Дзіма і Коля. Ты іх бачыў. Яны са мною ўвесь вечар танцавалі.

- Я ім не дарую. Я на іх у суд падам, - заявіў бацька.

 

4

 

Праз два дні Галі пазваніў Сямён.

- Усё-ткі не паслухалася мяне, паехала на вяселле, - не прывітаўшыся, пачаў ён.

У Галі на вочы навярнуліся слёзы.

- Сямён, ты ведаеш, што адбылося на вяселлі? - запыталася яна.

- Ведаю, - рэзка адказаў Сямён.

На тэлефонную трубку капнула сляза, але Галя гэтага не заўважыла.

- Сямён, ты мне даруеш?

Сямён не адказаў. У кватэры было ціха-ціха. Галі здалося, што зараз гэтая цішыня наваліцца на яе і задушыць.

- Сямён, ты мне даруеш? - набраўшыся сілы, гукнула Галя.

- Не хвалюйся. Я табе ўжо дараваў, - нарэшце сказаў Сямён.

Галя выцерла слёзы. Любы, добры Сямён! Ён дараваў. Гэта самае галоўнае. А той страшны вечар забудзецца. Яны з Сямёнам неўзабаве скончаць школу і паступяць у інстытут. Яны будуць шчаслівыя!

- Сямён, мой бацька на тых падонкаў падаў у суд.

- Галя, яны табе адпомсцяць. Такія на ўсё здольныя, - з трывогай у голасе прагаварыў Сямён.

- Сямён, я іх не баюся. Я ўжо перабаялася. Сямён, мы сёння сустрэнемся?

- Каля кінатэатра «Мір», у дваццаць адну гадзіну, - крыху падумаўшы, сказаў Сямён.

- Так позна?

- Раней не магу. У мяне ж распарадак. Я ўсё па плану раблю, сама ведаеш.

- Я прыйду. Да сустрэчы, мой любы, - прамовіла Галя і паклала тэлефонную трубку.

 

5

 

Ён вырашыў адпомсціць Галі. Ён надзеў на рукі чорныя пальчаткі, а ў кішэню паклаў панчоху. Ён яе надзене тады, калі пераканаецца, што менавіта Галя выходзіць з пад'езда. Яна абавязкова выйдзе, а ён яе абавязкова дачакаецца, каб знячэўку аглушыць кулаком. А потым, як гаворыцца, шукай ветру ў полі. Ніхто не дакажа, што ён пабіў яе.

 

6

 

Галя папярэдзіла бацьку і маці, што вечарам пойдзе на спатканне з Сямёнам.

- Сямён не крыўдуе на цябе, дараваў? - пацікавілася маці.

- Сам пазваніў, - пахвалілася Галя.

- Дачушка, доўга не затрымлівайся. Мы з мамай будзем чакаць цябе, - папярэдзіў бацька.

Галя надзела самую прыгожую сукенку, падфарбавала вочы і бровы, перакінула цераз плячо сумачку і выйшла з кватэры.

Зараз яна спусціцца з трэцяга паверха, дзе знаходзіцца іхняя кватэра.

Да кінатэатра «Мір» недалёка, метраў трыста, не болей. Гэтыя трыста метраў яна праляціць, як на крылах. Сямён, вядома ж, ужо чакае яе.

Цокаючы абцасікамі, Галя спусцілася на першы паверх і выйшла з пад'езда. Нечыя дужая рука схапіла яе за плячо. Галя павярнулася і ўбачыла перад сабою бандыта. Так, гэта быў сапраўдны бандыт. Нездарма на галаву нацягнуў панчоху. Падобных бандытаў Галя не раз і не два бачыла ў кінафільмах.

Бандыт моўчкі стукнуў Галі кулаком у твар. Галя, абараняючыся, схапіла яго за шыю. Бандыт пхнуў Галю і другі раз што ёсць сілы стукнуў ёй кулаком у твар. Галя ўпала на лаўку, якая стаяла каля пад'езда.

Бандыт патрос кулаком і пабег, азіраючыся.

 

7

 

Галя не закрычала, не паклікала на дапамогу. Яна ўстала і накіравалася ў пад'езд. У яе шумела ў галаве, балела разбітая губа, а яшчэ невыносна цяжка было на душы. Зараз яна вернецца дамоў. Дома яе з плачам сустрэне маці. Што ж, і гэта трэба перажыць. Потым яна, Галя, крыху супакоіцца, усё абдумае і прыме рашэнне.

 

8

 

Убачыўшы разбіты Галін твар, маці ўспляснула рукамі.

- Божачка мой!

- Галя, хто цябе так збіў? - выскачыў з пакоя бацька.

- Не ведаю. Нейкі бандыт накінуўся. Ён сабе на галаву панчоху надзеў.

Бацька ўхапіўся за ручку дзвярэй.

- Даганю і пакалечу гада!

- Тата, ён уцёк, - са стогнам прагаварыла Галя.

Маці ўзяла Галю за руку і завяла ў ванную. Вохкаючы і божкаючы, яна змыла кроў з Галінага твару. Галя глянула ў люстэрка і жахнулася: яе разбітая верхняя губа распухла, а пад правым вокам расплываўся вялізны цёмна-ліловы сіняк.

- Я здагадаўся! Цябе пабіў адзін з тых гадаў. Помсціць, што мы ў суд падалі. Я заяву напішу і заўтра ж занясу ў міліцыю, - данёсся з калідора бацькаў голас.

Галя выйшла на калідор.

- Тата, не пішы заяву.

- Чаму?

- Так трэба.

- Валодзечка, не пішы, бо зусім заб'юць яе, - заплакала маці.

 

9

 

Назаўтра, калі бацька і маці былі на рабоце, да Галі прыйшоў Сямён. Галя чакала яго.

- А мне твой бацька казаў, што ты захварэла. Не, цябе пабілі! - разявіў рот Сямён.

- Як бачыш, - кіўнула галавою Галя. Яна старалася быць спакойнай, хоць шчымела ў яе на душы.

Сямён уздыхнуў:

- Цябе пабілі вясковыя хлопцы? Помсцяць?

- Не, Сямён. Ты мяне падпільнаваў і пабіў. Спадзяваўся, што на вясковых хлопцаў спішацца.

Твар у Сямёна стаў белы як мел.

- Я? Галінка, адумайся!

- Мой любы, ты знарок так позна прызначыў спатканне. Ты ўсё разлічыў, але ланцужок цябе падвёў. - Галя расціснула пальцы і паказала Сямёну парваны сярэбраны ланцужок. - Гэта той самы ланцужок, які я ў суботу табе падарыла. Вечарам, абараняючыся, я яго з тваёй шыі сарвала.

- А! - акнуў Сямён.

- Я ведаю, за што ты мяне пабіў, - працягвала Галя. - Ты прывык, каб у цябе ўсё ішло па распарадку, па плану, а я парушыла твой план-распарадак, бо без твайго дазволу паехала на вяселле. Ты вырашыў адпомсціць мне, правучыць мяне.

Сямён апусціў галаву.

- Галя, я падумаў, што ты калі-небудзь назаўсёды можаш мяне пакінуць. Я хацеў зрабіць так, каб ты баялася хлопцаў і абмінала іх. Я перад табою вінаваты. Мне, відаць, не трэба было біць цябе кулакамі.

- Другі раз пастараешся збіць нагамі? - Галя пхнула Сямёна ў грудзі. - Ідзі адгэтуль, слізняк!

Сямён спінаю адчыніў дзверы і вываліўся з кватэры.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая