epub
 
Падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Прывітанне ад вядзьмаркі

1
2
3


1

 

Косця, Пеця і Вадзім - выпускнікі адзінаццатага класа - на мяккіх крэслах сядзелі ў Пеці на дачы. Дача была цагляная, двухпавярховая. Пеця тут часта адпачываў разам са сваімі сябрамі, а цяпер, у пачатку лета, рыхтаваўся да чарговага выпускнога экзамена па гісторыі.

За адчыненым акном весела шчабяталі птушкі, цвілі яблыні.

- Ві-іка, ідзеш на возера купацца? - данёсся ў пакой гарэзлівы дзявочы галасок.

- Яны на возеры купаюцца, а мы сядзім, гісторыю вучым. Цьфу! - плюнуў Пеця і шпурнуў падручнік гісторыі на канапу.

- Ты ім зайздросціш, а яны, магчыма, табе зайздросцяць, - пазяхнуўшы, прамовіў Косця. - У цябе дача, можна сказаць, свая.

- А ў цябе прыватны дом на два канцы. І ты адзіны сынок у татулькі і матулькі. Табе дача не патрэбна, - не сцярпеў Пеця.

Косця чмыхнуў, як вожык.

- Ты ў канцы мая правы на легкавушку атрымаў, а першага чэрвеня бацька «мерседэс» з Германіі табе прыгнаў.

Ключы ад Пецевага «мерседэса» ляжалі на цёмным паліраваным стале. На гэтым «мерседэсе» Косця, Пеця і Вадзім нядаўна прыехалі на дачу.

Пеця далоняю выцер з ілба пот і зыркнуў на Косцю.

- Хлопцы, не сварыцеся. Вы, мабыць, ад экзаменаў ператаміліся, - заўважыў Вадзім.

- А ты не ператаміўся? - агрызнуўся Пеця.

- Ты экзамены здаеш толькі на пяцёркі. Пяцёркі нялёгка дастаюцца, - дадаў Косця.

Вадзім устаў з крэсла.

- Хлопцы, адкрыць вам адзін сакрэт?

- Давай, - крыва ўсміхнуўся Пеця.

- Ну! - нукнуў Косця.

- Хлопцы! - урачыста, як на святочным сходзе, пачаў Вадзім. - Я экзаменаў не баюся, бо загадзя ведаю, які білет выцягну.

- Ён ведае! - хмыкнуў Пеця.

- Дзе ж ты такога добрага падказчыка сабе знайшоў? - ухмыльнуўся Косця.

- Перад кожным экзаменам я ў цяжарнай жанчыны альбо ў п'янага мужчыны пытаюся: «Скажыце, які білет я заўтра выцягну?» Скажуць, што дзесяты - дзесяты выцягваю. Скажуць, што...

- Смяешся з нас! - перапыніў Вадзіма Пеця.

- Не верыце? Што ж, я не збіраюся вам даказваць, - развёў рукамі Вадзім.

- Хто ж табе адкрыў гэты сакрэт? - з'едліва прагаварыў Косця.

- Вядзьмарка.

Пеця ўстаў і ўзяў са стала ключы ад легкавушкі.

- Годзе агарод гарадзіць. Усё. Навучыліся мы. У горад паедзем.

 

2

 

Ён спыніўся каля невялікай драўлянай хаткі, перад якой раслі густыя кусты бэзу. Каля плота, пабеленага вапнай, узвышаліся вішні.

Ён паглядзеў на нумар хаты і накіраваўся на падворак. Да хаты вяла пратаптаная дарожка, роўная, як нітка.

Азірнуўшыся, як злодзей, ён увайшоў у нізенькія сенцы і ўбачыў дзверы, абабітыя цыратай у шашачкі. Ён стаў, чакаючы, пакуль супакоіцца дыханне.

- Заходзь, не тапчыся. Я цябе бачу, - з-за абабітых цыратай дзвярэй пачуўся старэчы голас.

У яго задрыжалі ногі.

- Заходзь! Каму сказала?

Узяўшыся за клямку, ён адчыніў дзверы і зайшоў на кухню. Ледзь не палову кухні займала вялізная печ, каля якой на доўгай жардзінцы віселі розныя зёлкі, звязаныя ў пучкі. Каля акна стаяў шырокі дашчаны стол. За сталом сядзела жанчына гадоў шасцідзесяці. Яе рэдкія чорныя валасы, кранутыя сівізною, былі акуратна прычэсаныя. На цемечку прасвечвалася лысінка.

Ён стаў у парозе, выцягнуўшыся, як вой на службе.

- Табе хто патрэбен? - жанчына маленькімі вострымі вочкамі прасвідравала яго наскрозь.

Ён каўтнуў сліну. Разгубіўшыся, сам не ведаў, з чаго пачаць.

- А-а-а! Табе патрэбна вядзьмарка! - усміхнулася жанчына, паказаўшы ўстаўныя металічныя зубы. - Я вядзьмарка. Ты думаў, што ў мяне клюка і нос кручком?

Яму раптам стала горача. На лбе, на скронях выступіў пот.

- Я хачу, каб вы зрабілі нагавор! - як у сне, прамовіў ён.

- На каго, галубок? - ласкава спытала вядзьмарка.

Яму чамусьці захацелася заплакаць. Ён усхліпнуў:

- На сябра.

- Зайздросціш яму?

Ён паглядзеў на ходзікі, якія віселі на сцяне, і махнуў галавою.

- Вельмі зайздрошчу.

- Сухоты нагнаць ці розум адняць? - пацікавілася вядзьмарка.

Яму здалося, што яе твар стаў падобны на кошчын. Ён хіснуўся, як п'яны.

- Розум адняць. Каб экзамен не здаў.

- Да мяне ўжо прыходзіў адзін, каб зрабіць нагавор на сябра, - здалося яму, не загаварыла, а завыла вядзьмарка. - Так і быць. Выканаю тваё жаданне. Вочы заплюшчы.

Ён заплюшчыў вочы. Баяўся маргнуць. Кухню, адчуў ён, завалакло дымам. У яго закружылася галава, па шчоках папаўзлі кропелькі поту. Ён спінай прытуліўся да дзвярэй, каб не ўпасці. Цік-цік, цік-цік - цікалі на сцяне ходзікі. Іх ціканне, як кувалдай, біла яму па галаве. Нарэшце пачуўся незвычайна ласкавы голас вядзьмаркі:

- Галубок, расплюшчы вочы.

Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што ў печ павольна, бы самалёт на парадзе, плыве клуб дыму. Ён міжволі разявіў рот. А вядзьмарка працягнула яму чорны, закопчаны дымам, канверт.

- Галубок, вазьмі гэты канверт. Ты зможаш непрыкметна пакласці яго свайму сябру ў кішэню пінжака?

- Змагу. Мой сябар перад экзаменам пінжак у класе на крэсла вешае, - не зводзячы вачэй з печы, прагаварыў ён.

- Вазьмі канверт. Не стой слупам.

Ён узяў у вядзьмаркі канверт, кінуў на стол некалькі скамечаных грашовых купюр і выскачыў з кухні ў сенцы, а з сенцаў - на двор.

 

3

 

Пасля экзамена Пеця, Косця і Вадзім зноў сабраліся на Пецевай дачы. За адчыненым акном весела шчабяталі птушкі, цвілі яблыні

- Віка, на дварэ так прыгожа! У мяне душа спявае! - данёсся ў пакой гарэзлівы дзявочы галасок.

- У яе душа спявае, а мне плакаць хочацца! - як пакрыўджанае дзіця, тупнуў нагою Пеця.

Косця тыцнуў пальцам, паказаўшы на Вадзіма:

- Пеця, і ў яго душа спявае. На экзамене ён атрымаў пяцёрку, а мы з табою на троечкі ледзь выцягнулі.

Вадзім праваю рукою дастаў з кішэні пінжака закопчаны дымам канверт і працягнуў яго Косцю.

- Косця, табе прывітанне ад вядзьмаркі. Вазьмі.

Косця заморгаў вачыма:

- Ты з мяне здзекуешся?

- Здзекуецца. Весела яму, - як іголкай, кальнуў Вадзіма Пеця.

Вадзім леваю рукою дастаў з кішэні пінжака яшчэ адзін закопчаны дымам канверт і працягнуў яго Пецю:

- І табе прывітанне ад вядзьмаркі. Вазьмі.

- Пеця, няўжо і ты хадзіў да вядзьмаркі? - не стрываў Косця.

Пеця кіўнуў галавою, паказаўшы на Вадзіма:

- Як ён пра гэта праведаў? Цікава!

- Тая вядзьмарка - мая бабуля, - паведаміў Вадзім.

- Родная? - разам усклікнулі Косця і Пеця.

- Родная, па маме. Я ўчора ў бабулі на ложку ляжаў і чуў, як вы прасілі яе, каб розум мне адняла. Бабуля ведала, што я з вамі сябрую. Хлопцы, не чырванейце. Я не злуюся на вас. Вы перавучыліся. Нервы ў вас здалі.

- Каб мне такую бабулю-вядзьмарку! - усклікнуў Пеця. - Я і дачу, і «мерседэс» аддаў бы.

- А я «Жыгулі» не пашкадаваў бы! - усклікнуў Косця.

- Не, хлопцы. З вамі, бачу, піва не зварыш. Хворыя вы, - сказаў Вадзім і, кінуўшы на падлогу чорныя, закопчаныя дымам канверты, выйшаў на двор. На двары весела шчабяталі птушкі і цвілі яблыні.




Беларуская Палічка: http://knihi.com