epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Рэцэпт

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14


1

 

З Нінай Ён вучыўся ў дзесятым класе і сядзеў за адной партай. Не таму, што пульхненькая чарнявая Ніна яму вельмі падабалася. Так склалася. Яшчэ ў трэцім класе настаўніца пасадзіла іх разам. З таго часу кожны год першага верасня яны з Нінай, зайшоўшы ў клас, моўчкі садзіліся за адну парту: Ніна - злева, а Ён - справа.З хлапчукамі Ён не сябраваў. Ён любіў адзіноту.

На перапынку Ён пачуў, як Ніна пахвалілася сяброўкам, што бабуля купіла ёй прыгожую норкавую шапку, а на ўроку матэматыкі напісаў запіску: «Нінка, сёння ў кінатэатры «Раніца» паказваюць цікавы фільм. Запрашаю цябе на апошні сеанс, які пачнецца ў дваццаць адну гадзіну». Калі Ніна прачытала запіску, яе чорныя падкоўкі-бровы прыўзняліся, а смуглявыя шчокі пачырванелі. Затым яна ўзяла ручку і на гэтай жа паперцы вывела прыгожымі літарамі: «Я прыйду!»

Ён усміхнуўся, задаволены.

 

2

 

Першую шапку Ён сарваў з галавы жанчыны выпадкова. Гэта здарылася мінулай зімою, калі Ён вяртаўся ад рэпетытара, з якім паглыблена вывучаў матэматыку.

Быў марозны вечар. З неба падаў мяккі сняжок. На аўтобусным прыпынку стаяла жанчына гадоў трыццаці.

- Хлопчык, у цябе ёсць закурыць? - аклікнула яна яго.

- Няма! - адказаў Ён, паслізнуўшыся на лядку. Слова «хлопчык» балюча кальнула яго. Два гады назад яму далі мянушку «Хлопчык», бо Ён быў самым малым ў класе. Аднакласнікі падрасталі, мужнелі, а Ён чамусьці не рос, хоць і ранішняй гімнастыкай займаўся, і гантэлямі сваё цела трэніраваў. Часта Яму прыходзілася чуць на перапынках:

- Хлопчык, дай спісаць матэматыку.

- Хлопчык, пазыч сшытак.

- Хлопчык, дай аловак.

Кіпела ў яго на душы, але Ён і матэматыку даваў спісаць, і сшыткі пазычаў, і алоўкі ахвяраваў, каб толькі адчапіліся ад яго.

- Хлопчык, ты не курыш? - п'яным смехам залілася жанчына.

«Напілася і смяешся з мяне!» - з нянавісцю падумаў Ён і, падскочыўшы да жанчыны, сарваў з яе галавы рыжую лісіную шапку.

- Злодзея лавіце! - апамятаўшыся, закрычала жанчына, але Ён быў ужо далёка.

Ён бег, трымаючы шапку пад курткай. Снег рыпеў пад нагамі, сняжынкі-пушынкі падалі на разагрэты бегам твар, а на душы было прыемна. Упершыню Ён даў здачы, упершыню пакараў таго, хто Яго пакрыўдзіў. Ён адчуваў сябе пераможцам.

Шапку Ён схаваў на ложку, пад матрацам. Цэлы тыдзень яго мучыў страх. Ён чакаў, што вось-вось прыедзе міліцыя. Кожны нечаканы рух Яго палохаў. За гэты тыдзень Ён зненавідзеў нават тэлефонны званок.

Дні праходзілі, а міліцыя ўсё не з'яўлялася. І Ён пасмялеў. Страх адступіў, згінуў, як гіне надакучлівы восеньскі туман.

Яму спатрэбіліся грошы, каб купіць запчасткі для ровара, і Ён панёс лісіную шапку на рынак. На рынку страх зноў падкраўся да Яго. Абедзвюма рукамі Ён прыціскаў да грудзей шапку, якую схаваў пад курткай. Да яго падышла жанчына гадоў пяцідзесяці пяці. Твар у яе быў маладжавы, дагледжаны, а над верхняй губой прабіваліся чорныя вусікі. Жанчына пахла дарагімі духамі.

- Крадзенае прадаеш? - сказала, нібы праспявала, яна.

Яму здалося, што Ён ляціць у прорву. Ногі сталі быццам каменныя.

- Не бойся. Я ўсё куплю. - Жанчына бліснула залатымі зубамі і ўзяла Яго за рукаў.

Ён дастаў шапку з-пад курткі і аддаў жанчыне.

- Бяры і яшчэ прынось, - прашаптала жанчына і амаль што сілком усунула Яму ў руку грошы.

З рынку Ён накіраваўся ў магазін. Грошы прыемна грэлі далоню.

 

3

 

Праз тры дні Ён сарваў шапку з галавы дзяўчыны непадалёку ад кінатэатра «Раніца». А потым, што называецца, і пайшло і паехала. Ён ужо і сумачкі вырываў з рук адзінокіх прахожых. Сумачкі і дакументы выкідаў, а грошы забіраў. Шапкі прадаваў на рынку. На рынку круцілася нямала скупшчыц і скупшчыкаў крадзенага. Ён здалёку іх пазнаваў, навучыўся пазнаваць. Іншы раз Ён таргаваўся. Яму вельмі падабалася, калі Яго прасілі, каб збавіў цану. Яго крок стаў пругкі, а погляд вачэй жорсткі, калючы.

Ён палюбіў вечар і ноч. Калі пачынала цямнець, нейкая невядомая сіла цягнула Яго на двор. І тады распачыналася цяжкая размова з бацькам ці маці.

- Зноў на ноч сабраўся? Не надакучыла табе бадзяцца разам з сабакамі? - звычайна чуў ад іх.

Ён падманваў, казаў, што ідзе да сябра ці на трэніроўку. У час такой размовы, якая нагадвала зацятую сварку, на бацькоў Ён стараўся не глядзець.

- Сынок, куды ты ўсё ходзіш? Прызнайся! - аднаго разу са слязамі на вачах папрасіла маці.

Не, Ён не прызнаўся ёй, што ідзе «на паляванне». Гэта быў Яго вялікі сакрэт.

І аднакласнікі адчулі, што Ён змяніўся. Яны больш не абзывалі яго Хлопчыкам, першымі падавалі руку, каб прывітацца. Гэта Яго вельмі цешыла.

За выручаныя грошы Ён купляў амерыканскія даляры і хаваў іх у шкляным слоіку.

 

4

 

У гэты вечар Ён узяў з сабою панчоху. Вядома, Ён не хацеў, каб Ніна Яго пазнала.

- Сынок, куды ты? - каля дзвярэй запыніла Яго маці.

Бацька ляжаў на канапе і чытаў газету. Бацьку надакучыла з ім спрачацца.

- Крыху пагуляю, марозным паветрам падыхаю.

- Фортку адчыні і дыхай марозным паветрам, пакуль не надакучыць, - не сцярпела маці.

- Я не дурань, каб стаяць, галаву з форткі высунуўшы, - гледзячы ўбок, агрызнуўся Ён.

- Няхай ідзе! Некалі ўспомніць нас! Некалі гэтыя паходы Яму бокам вылезуць! Знойдзе галава гуза! - у роспачы крыкнуў бацька.

Ён адчыніў дзверы і выскачыў на двор. Дрэвы, якія раслі каля пад'езда, былі ў інеі, на небе светлай плямай застыў месяц.

«На ноч мароз бярэцца. Цяпер градусаў дваццаць, не меней», - адзначыў Ён пра сябе.

 

5

 

Ніна, як відаць, даўно чакала Яго каля кінатэатра «Раніца». Яе норкавая шапка аб'інела, а сама яна прытанцоўвала, грэючыся на марозе.

Каля Ніны прыпыніўся хлапец у кажушку. Штосьці сказаўшы, хлапец гучна зарагатаў. Ніна ўвагнула галаву ў плечукі і адышлася ўбок.

«Дурніца! Я падмануў, а ты адразу мне паверыла», - ухмыльнуўся Ён і глянуў на гадзіннік. Да пачатку сеанса заставалася пяць хвілін.

- Ніна, мы з табою хутка сустрэнемся, - паціху прашаптаў Ён і, адштурхнуўшыся плячом ад сцяны дашчанага кіёска, за якім хаваўся, назіраючы за Нінай, пакрочыў па заснежаным тратуары.

 

6

 

Месца для сваёй засады Ён выбраў за квартал ад Нінінага дома. Падняўшы каўнер курткі, Ён стаяў за вуглом пяціпавярховіка. Тут было цёмна, і Ён не баяўся, што Яго пазнае хтосьці са знаёмых.

Прайшло паўгадзіны. У цёплых чаравіках стала браць за ногі. «Няўжо Ніна ўсё яшчэ чакае мяне каля кінатэатра? Можа, адмовіцца ад задуманага, пашкадаваць яе?.. Не, не. Пашкадую яе, а потым і другую, і трэцюю... Мяне ніхто не пашкадаваў, калі ў класе абзывалі Хлопчыкам, - падумаў Ён і, выглянуўшы з-за вугла, убачыў Ніну, якая набліжалася да пяціпавярховіка.

Ён выняў з кішэні панчоху і надзеў сабе на галаву.

Рып-рып, рып-рып - рыпіць снег пад Нінінымі нагамі. Усё выразней, усё гучней.

Узняўшы рукі, Ён з крыкам вылецеў з-за вугла. Ніна ойкнула і ўпала на калені, а Ён сарваў з яе галавы заінелую шапку і, павярнуўшыся, панёсся дамоў. «Заўтра скажу Ніне, што бацька быў п'яны і не пусціў мяне на спатканне. Паверыць, дурніца!» - бегучы, думаў Ён.

 

7

 

На другі дзень, у чацвер, Ніна ў школу не прыйшла. Спачатку Яго гэта ўзрадавала. Яму не хацелася бачыць Ніну, не хацелася тлумачыць, чаму не сустрэўся з ёю. А потым радасць прапала, у душы з'явілася злосць. З кожнай хвілінай злосць усё больш і больш разбірала Яго. Ён і сам не ведаў, чаму раптам з Ім так сталася. Злосць адабрала спакой. Душна, невыносна было Яму і ў школе, і дома. Калі сцямнела, Ён вырашыў адправіцца «на паляванне», хоць звычайна пасля «палявання» некалькі дзён адпачываў.

 

8

 

У гэты вечар яму не шанцавала. Жанчыны вярталіся дамоў у кампаніі, а на мужчын Ён баяўся нападаць. Ён хацеў вылаяцца і адправіцца дамоў, але ўбачыў старую, якая несла ў руках сумку.

- Дай! - параўняўшыся са старою, загадаў Ён і рукою схапіў сумку.

- Унучак, не забірай. У сумцы таблеткі. Я іх нядаўна ў аптэцы купіла. Раней мне таблеткі ўнучка купляла, але захварэла яна, - трымаючы сумку, заплакала бабулька.

- Дай! - са злосцю паўтарыў Ён і, вырваўшы сумку з рук бабулькі, пусціўся наўцёкі.

 

9

 

У сумцы былі таблеткі і рэцэпт.

- Мне кепска! Дык няхай і табе, старая, будзе кепска! - прамовіў Ён і, сагнаўшы сваю злосць, шпурнуў таблеткі і сумку ў снег. Рэцэпт чамусьці пакінуў сабе. Магчыма, таму, што не хацеў вяртацца дамоў з пустымі рукамі, не прывык.

 

10

 

У пятніцу класная аб'явіла, што памерла Нініна бабуля.

- Апошнія два гады Ніна жыла з бабуляй, бо Нініны бацька і маці паехалі на заробкі за мяжу, - сказала класная.

Ён адчуў (такога з ім раней не здаралася), як ёкнула сэрца. Ён хуценька дастаў з кішэні скамечаны рэцэпт і прачытаў, ледзь варушачы губамі:

- Выданы Мароз Зінаідзе Вікенцьеўне... Мароз, Мароз, - два разы паўтарыў Ён і схаваў рэцэпт у кішэню.

Нініна прозвішча таксама Мароз. Выходзіць, Мароз Зінаіда Вікенцьеўна, у якой Ён забраў сумку з таблеткамі, Нініна бабуля. Калі б пашкадаваў яе, то, магчыма, і цяпер яна жыла б.

Празвінеў званок. Апусціўшы галаву, як на пахаванні, Ён выйшаў са школы. Ногі прывялі Яго да Нінінага дома.

 

11

 

Зінаіда Вікенцьеўна ляжала ў труне, усыпанай кветкамі. Кветкі стаялі і ў крышталёвых вазах.

Ніна ў чорнай хусцінцы сядзела на табурэтцы і, не адрываючыся, глядзела на бабулю. Шыя ў Ніны была абвязана бінтам. «Чаму ж Ніна ў гэткі дзень абвязала шыю бінтам? Чаму ж?..» - ніяк не мог даўмецца Ён.

Да Яго данёсся шэпт жанчын:

- Зінаіда была такая добрая, ад яе благога слова ні разу ніхто не пачуў.

- Прыйшла дамоў - і памерла. Кажуць, нейкі бомж у яе таблеткі забраў.

«Вось як выйшла! Я бамжом стаў», - падумаў Ён. Да Яго нарэшце дайшло, чаму на шыі ў Ніны белы бінт. Ён здагадаўся, што яна прастудзілася.

Ён глянуў на белы твар Зінаіды Вікенцьеўны, і Яму здалося, што скрывіліся яе ссінелыя губы. «Зінаіда Вікенцьеўна не хоча, каб я быў тут», - падумаў Ён і, распіхаючы людзей, падаўся да выхаду.

 

12

 

У пад'ездзе з паштовай скрынкі Ён дастаў газету і зайшоў у кватэру. Бацька і маці яшчэ не вярнуліся з працы.

Есці Яму не хацелася. Ён разгарнуў газету. У вочы кінуўся загаловак: «Падлетак - маньяк!»

«Мабыць, пра мяне напісалі», - падумаў Ён і ўголас прачытаў:

- У чацвер невядомы падлетак напаў на пенсіянерку Мароз Зінаіду Вікенцьеўну і забраў у яе сумку з таблеткамі і рэцэптам. Людзі, беражыцеся маньяка!

Ён згарнуў газету і падышоў да акна.

- Усё. Больш не пайду «на паляванне». А газету і рэцэпт пакіну як напамін. Няхай засцерагуць яны мяне, - сказаў, уздыхнуўшы.

 

13

 

Іван Пятровіч чакаў са школы сваю ўнучку - шасцікласніцу Святланку. У мінулым годзе Івана Пятровіча ўрачыста правялі на пенсію. Ён працаваў начальнікам аддзела аднаго з буйнейшых аўтамабільных прадпрыемстваў краіны. Цяпер ягонай адзінай уцехай стала Святланка. Яна і пра школьныя навіны яму раскажа, і «дабранач» пажадае, пацалаваўшы на развітанне ў шчаку. А Іван Пятровіч то ласункам яе прывеціць, то цікавую кніжку купіць, то яшчэ якім падарункам парадуе.

Пачуўся прарэзлівы званок. «Святланка вярнулася», - здагадаўся Іван Пятровіч. Яна заўжды прарэзліва звоніць, як бы кажа яму: «Хутчэй адчыняй мне, дзядуля!»

Іван Пятровіч устаў з крэсла і адчыніў дзверы.

Святланка прыйшла не адна. З ёю была пульхненькая, чарнявая дзяўчынка.

- Добры дзень, - смела прывіталася яна.

- Добры дзень, - адказаў Іван Пятровіч.

- Дзядуля, гэта Зіна, - кіўнуўшы галавою, паказала на чарнявую дзяўчынку Святланка. - Зіна нядаўна з татам і мамай у наш горад пераехала. Яна са мною ў адным класе вучыцца.

- Праходзьце, Зіна, - усміхнуўся Іван Пятровіч, а пра сябе падумаў: «Дзесьці бачыў я цябе».

- Дзядуля, я Зіне даўнія фотаздымкі хачу паказаць. Можна ўзяць твой фотаальбом?

- Можна, - зноў усміхнуўся Іван Пятровіч. Хіба мог ён адмовіць любімай унучцы?

 

14

 

Іван Пятровіч сядзеў у зале і, перабіраючы губамі, чытаў дэтэктыўны раман. Неспадзявана ў дзвярах з'явіліся Святланка і Зіна. Святланка ў руках трымала старую пажаўцелую газету, а Зіна - фотаальбом. Твары ў абедзвюх дзяўчынак былі ўзбуджаныя, расчырванелыя.

Іван Пятровіч паклаў на калені кнігу і паглядзеў на Святланку. Губы ў Святланкі задрыжалі.

- Дзядуля, праўда, праўда?..

Святланка так і не даказала да канца, адвярнулася, заплакаўшы. Зіна выхапіла ў яе газету і працягнула Івану Пятровічу.

- Тут пра вас напісана! Чытайце!

Іван Пятровіч, як у сне, узяў газету.

«Падлетак - маньяк!» - кінуўся яму ў вочы загаловак.

- Вы калісьці ў мамінай бабулі адабралі сумку з таблеткамі! Вы ўмярцвілі маміну бабулю! - данёсся да Івана Пятровіча ўсхваляваны голас Зіны.

У Івана Пятровіча закружылася галава. Дрыжачым пальцам ён тыцнуў Зіне ў грудзі:

- Ты - хто? Пракурор? Суддзя?

- Я - Зіна, а маю маму зваць Ніна. Мама мне расказвала, што здарылася з яе бабуляй, як яна памерла. Мама здагадалася, што вы ў бабулі сумку з таблеткамі адабралі, але не магла даказаць.

«Ты падобна на Ніну. Вось чаму мне здалося, што я дзесьці бачыў цябе», - падумаў Іван Пятровіч.

- Зіна, ты кажаш, што тваю маму зваць Нінай? Так, я вучыўся з Нінай Мароз у адным класе, але ж яна выехала з нашага горада, - ахрыплым голасам сказаў ён. У яго яшчэ цеплілася нейкая надзея, што ўдасца абараніцца.

- А нядаўна прыехала! Да вас не даходзіць?

- Дзядуля, ты не забойца! Я не веру Зіне! - усклікнула Святланка.

Разгарнуўшы фотаальбом, Зіна дастала з яго рэцэпт і кінула на падлогу.

- Іван Пятровіч, бачыце рэцэпт? На ім напісана прозвішча мамінай бабулі! Вы яго чамусьці не выкінулі! Вы яго хавалі!

Івану Пятровічу здалося, як некалі на рынку, што ён ляціць у прорву.


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая