epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Якімовіч

Скарб

1
2
3
4
5


1

 

Васіль, Барыс і Мікіта вечарам схавалі скарб у дупле дуба. Раніцай там яны яго не знайшлі.

- Хтосьці з нас украў скарб. Хто з нас нячысты на руку? Хто? - рэзка прамовіў Васіль.

- Хто? - паўтарыў за ім Мікіта.

У Барыса быццам костка засела ў горле. Ён крыкнуў тоненькім галаском:

- Хто?

А распачыналася так.

 

2

 

Васьмікласнікі Васіль, Барыс і Мікіта пасябравалі яшчэ тады, калі вучыліся ў першым класе. Васіль, высокі, жылісты, займаўся ў секцыі лёгкай атлетыкі. Барыс, невысокі, хударлявы, ніколі, як гаворыцца, не лез наперад. Калі, здаралася, яго крыўдзілі, то ён стараўся прамаўчаць. Барыс сярод іх выдзяляўся сваёй прыгажосцю. Ягоныя хітраватыя цыганскія вочы вабілі дзяўчат.

У той дзень яны з горада на электрычцы прыехалі ў лес, спадзеючыся назбіраць першых каласавікоў. Але ім не пашанцавала: заблудзіліся.

У цёмным яловым лесе, куды зайшлі хлапчукі, нават птушынага спеву не было чуваць.

- Сёння штосьці здарыцца. Я гэта адчуваю: душа ў мяне баліць, - парушыў маўчанне Барыс.

- Яна ў цябе даўно баліць, - адзначыў Мікіта.

- Барыс, не бядуй, - вырашыў суцешыць сябра Васіль. - Мы сёння знойдзем скарб, і ты так зажывеш, што кожны табе пазайздросціць.

- Толькі гэтага нам не хапала! - гучна засмяяўся Мікіта.

Над самым лесам з трэскам грымнуў гром. Падзьмуў вецер. Закачаліся, пагрозліва зашумелі магутныя вершаліны ялін. Наплылі чорныя хмары, і сонца на вачах быццам патухла, схаваўшыся за хмарамі.

- Ну й ліне зараз! Ды пад музыку, з грымотамі! - задраў галаву Мікіта.

- Хлопцы, я грому баюся, - прызнаўся Барыс. - З тае пары, калі мой бацька маму пакінуў...

Бліснула маланка і жахлівым полымем заліла лес. У святле гэтага полымя Васіль і Мікіта ўбачылі разяўлены, перакошаны страхам рот Барыса. Васіль абняў Барыса, прытуліў да сябе.

- Барыска, не бойся! Мы з табою!

- Барыска, не стой! Ідзі-і! - у плечы штурхнуў сябра Мікіта.

Над галавою грымнула так, што, здалося, неба раскалолася напалам. Непадалёк са стогнам звалілася яліна.

- Маланка ў елку пацэліла! - пацепнуў плячыма Барыс.

Васіль пацягнуў яго за сабою, а Мікіта, ідучы ззаду, усё казаў:

- Барыска, пацярпі. Навальніца пройдзе. Пацярпі, Барыска!

Кроплі дажджу, прабіваючыся праз густыя лапы ялін, забарабанілі па спінах хлапчукоў.

 

3

 

Выбраўшыся з яловага лесу, яны ўзышлі на пагорак, на якім стаяў тоўсты векавы дуб. Зямля на пагорку была гліністая, коўзкая. З пагорка беглі ручайкі, прарэзваючы яго маршчынкамі.

Навальніца супакоілася. Гром вуркатаў воддаль, але дождж яшчэ ішоў. Барыс спінаю прытуліўся да шурпатага ствала дуба.

- Хлопцы, дзякуй вам. Я з той глухамані без вашай дапамогі не выбраўся б.

Васіль далоняю ляпнуў Барыса па мокрым плячы.

- Барыска, ведай: мы цябе ніколі не пакінем у бядзе.

- Хіба ж мы не сябры? - падтакнуў Мікіта і кінуў каля ног трубу, якую да гэтага трымаў у руцэ. Труба, іржавая, запаяная з абодвух канцоў, была сантыметраў трыццаць у даўжыню.

Васіль кіўнуў галавою, паказаўшы на трубу.

- Мікіта, дзе ты яе ўзяў?

Мікіта азірнуўся;

- Там, унізе. Яе, як відаць, з зямлі вымыла.

- Хлопцы, у дубе дупло! Я яго рукою намацаў, - прагаварыў Барыс і ступіў убок.

Дупло было каля самых каранёў дрэва.

- Хочацца мне праверыць, ці вялікае яно. Можа, там скарб ляжыць? - усміхнуўся Мікіта і нагнуўся каля дупла.

- Мікіта, у дупле, магчыма, гадзюка сядзіць, ад дажджу схавалася? - выказаў здагадку Барыс.

- Я зараз пражану яе адтуль. - Мікіта бліснуў цыганскімі вачыма і, схапіўшы трубу, з размаху стукнуў ёю па ствале дуба. Труба разламалася на дзве палавіны, і з яе пасыпаліся манеты, пярсцёнкі, крыжыкі, завушніцы... Яны блішчалі, зіхацелі, пераліваліся.

Васіль, Барыс і Мікіта нейкі час стаялі як скамянелыя. Нарэшце Барыс ступіў наперад і ўкленчыў каля скарбу.

- Золата, золата!

- Тут не толькі золата, але і брыльянты, - удакладніў Васіль і сеў на кукішкі насупраць Барыса.

Мікіта, нагнуўшыся, пальцам зачапіў тоўсты залаты ланцужок і падняў яго.

- Хлопцы, гэты скарб я знайшоў!

- Усё сабе хочаш забраць? Я не аддам! - зыркнуў вачыма Барыс.

- Не трэба спрачацца, - не стрываў Васіль. - Скарб падзелім пароўну. Мікіта, так?

Мікіта страсянуў пальцам і кінуў залаты ланцужок.

- Так.

- Хлопцы, прабачце, - усхліпнуў Барыс. - Зразумейце мяне... Я... Я грому баюся... Паслухайце, паслухайце... Калі мой бацька разводзіўся з мамай, грымела гэтак жа страшна, як і сёння. Яны ноччу сварыліся, а за акном грымела, і маланка ўсё бліскала... Я адзін ляжаў на ложку... Я вам пра гэта там, у тым страшным лесе, хацеў сказаць... Мая мама часта плача, бо грошай у нас няма. Я даўно маму хачу зрабіць шчаслівай. Я хачу, каб яна ніколі не плакала...

- Барыска, супакойся, - прамовіў Васіль.

Барыс шмаргануў носам, узяў пярсцёнак з брыльянтам, прытуліў яго да шчакі і ўсміхнуўся, як немаўля, а потым звярнуўся да Васіля:

- Васіль, што ты зробіш са сваёй часткай скарбу?

- Схаваю. Няхай ляжыць, пакуль не вырасту.

- А потым?

- Потым магазін куплю.

- Прадпрымальнікам, выходзіць, хочаш стаць?

- Хачу.

- А-а-а!.. - працягла вырвалася ў Барыса.

- А калі я вырасту, то на Канарскія астравы паеду! На сонцы буду грэцца, у моры купацца! Ох і пажыву! - прысеў каля сяброў Мікіта.

Хлапчукі доўга сядзелі і размаўлялі, перабіраючы манеты, крыжыкі, завушніцы... Скарб грэў іх, як грэе бяздомнікаў цяпельца.

Звечарэла.

- Пара дамоў, - напомніў Васіль.

- Ноччу зноў у лесе заблудзімся, - сумеўся Барыс, а затым, азірнуўшыся, усклікнуў: - Вунь, за кустамі, агеньчык свеціцца! Там, мабыць, хата стаіць. Папросімся, каб пусцілі пераначаваць. Вясковыя людзі добрыя. Яны нас пашкадуюць.

- У горад заўтра дабярэмся, - падтрымаў Барыса Мікіта.

Васіль пакруціў галавою.

- А калі вяскоўцы наш скарб убачаць? Што мы скажам ім?

Барыс выцягнуў з-за пазухі поліэтыленавую торбачку.

- Скарб у торбачку збярэм і ў дупле схаваем. Ноччу яго не забяруць.

Васіль і Мікіта пагадзіліся з Барысам.

 

4

 

Васіль, Барыс і Мікіта спусціліся з пагорка, пралезлі праз кусты і ўбачылі хату. У акне свяціўся цьмяны агеньчык.

- Хлопцы, мы на хутар трапілі, - здагадаўся Васіль і раптам застагнаў: - А-а-а!.. Правую нагу ў костачцы падвярнуў, не магу ступіць.

Мікіта і Барыс узялі Васіля пад рукі і, супакойваючы, павялі на хутар. Каля хаты іх з брэхам сустрэла вялізная аўчарка. Раз'юшаная, яна рвалася з ланцуга.

Адчыніліся дзверы, і з хаты з ліхтаром у руках выйшла жанчына.

- Хто тут? - запытала яна, узіраючыся ў цемру.

- Мы васьмікласнікі. З горада прыехалі, каб грыбоў назбіраць, але заблудзіліся, - адказаў Мікіта.

- Дзіна, супакойся! - крыкнула на аўчарку жанчына і падышла бліжэй. Яна падняла ліхтар, асвяціла хлапчукоў і жахнулася: - Божачка! Вы ж да ніткі прамоклі.

- Я нагу падвярнуў, каля костачкі вывіхнуў, - паскардзіўся Васіль. - У вас, можа, бінт ёсць, каб нагу тужэй перабінтаваць?

- Гаў! Гаў! - забрахала аўчарка.

- Яна зараз з ланцуга сарвецца, - спалохаўся Барыс.

- Хлопчыкі, не бойцеся. - Жанчына адвязала аўчарку, узяла за нашыйнік і павяла ў адрыну.

- Пашанцавала нам, - крыва ўсміхнуўся Васіль, але гэтай усмешкі ў цемры ніхто не заўважыў.

- Цётка, вас як зваць? - пацікавіўся Мікіта, калі жанчына зачыніла ў адрыне раз'юшаную аўчарку.

- Цёткай Нінай мяне завіце. А мой гаспадар паехаў у горад да сына. Я ж сяджу пры лямпе, бо маланкай электрычнае святло пашкодзіла, - прамовіла жанчына і завяла хлапчукоў у сені, дзе яны памылі ногі і нават чаравікі ў доўгіх драўляных начоўках. Цётка Ніна сама праверыла, ці чыстыя чаравікі, сказаўшы ці то жартам, ці то ўсур'ёз: - Не хачу, каб вясковую гліну ў горад вы везлі.

- Цётка Ніна, прынясіце бінт, калі ласка, - папрасіў Васіль.

Ён застаўся ў сенях, а цётка Ніна павяла ў хату Барыса і Мікіту. Неўзабаве яна вярнулася, прынесла скрутак бінту.

- Я сам перабінтую нагу. Мяне ў школе навучылі, - сказаў Васіль.

Цётка Ніна дала яму бінт і накіравалася ў хату, папярэдзіўшы:

- Ліхтар забярэш, не забудзься.

 

5

 

Хлапчукі рана-раненька развіталіся з цёткай Нінай і з усходам сонца ўжо стаялі каля волата-дуба. Зямля за ноч падсохла, на пагорку зелянела трава, памытая дажджом.

Барыс, падбегшы да дуба, засунуў руку ў дупло і заморгаў вачыма.

- Хлопцы, у дупле няма нашай торбы са скарбам.

- Жартуеш? - хмыкнуў Васіль.

Ён адштурхнуў Барыса і таксама засунуў руку ў дупло.

- Няма? - не сцярпеў Мікіта.

Васіль, кульгаючы, адышоўся ўбок.

- Сам правер.

- П-праверу, - заікаючыся, прагаварыў Мікіта і засунуў руку ў дупло.

- Праверыў? - звярнуўся да яго Васіль.

Мікіта, як спалоханы, адбегся ад дуба і страсянуў галавою.

- Няма!

- Хтосьці з нас украў скарб. Хто з нас нячысты на руку? Хто? - рэзка прамовіў Васіль.

- Хто? - паўтарыў Мікіта.

У Барыса быццам костка засела ў горле. Ён крыкнуў тоненькім галаском:

- Хто? Я ж сам паклаў торбу ў дупло!

- Васіль, ты бачыў, як ён паклаў скарб у дупло? - насупіўся Мікіта.

- Не бачыў, бо тады ўжо сцямнела.

- І я не бачыў, - чорныя вочы Мікіты свідравалі Барыса. - Выходзіць, выходзіць...

- Барыска торбу з сабою панёс, а потым кінуў яе, каб вярнуцца і забраць, - сказаў Васіль, як прачытаўшы вырак.

Мікіта сціснуў кулакі і затрос імі перад самым носам Барыса.

- Дзе торба? Хутчэй кажы!

- Хлопцы, мы ж восем гадоў сябруем! - крыкнуў Барыс.

Першым яму стукнуў Васіль. Барыс, як падкошаны, зваліўся на зямлю.

- Мяне мама чакае, - прашаптаў ён.

Мікіта за грудзі падняў Барыса і рабром далоні даў у твар.

- Вось табе!

Барыс упаў на зямлю і задам падпоўз да дуба.

- Хлопцы, пашкадуйце мяне.

- Цябе? - Васіль падняў правую нагу, каб стукнуць у грудзі Барысу.

Барыс паваліўся на бок, а Васіль па інерцыі, што ёсць сілы, стукнуў нагою ў ствол дуба.

- Я скажу! - усхапіўся Барыс.

- Мы самі знойдзем скарб, - прамовіў Васіль, набліжаючыся да яго.

Барыс рукавом змахнуў з разбітых вуснаў кроў.

- Васіль, ты ўкраў скарб. На тваіх чаравіках учарашняя гліна. Яна ўжо засохла.

- Ну і што? - ухмыльнуўся Васіль.

- Мы чаравікі ўчора ў начоўках памылі. Ты схлусіў, калі сказаў, што падвярнуў нагу. Мы з Мікітам пайшлі ў хату, а ты ў сенях застаўся.

- Ну і што?

- Ты ўзяў у цёткі Ніны бінт і прыбег сюды, каб скарб забраць. Ты ў нас спартсмен. Добра бегаеш ты.

Васіль павярнуўся да Мікіты:

- Ты яму паверыў?

- Не паверыў бы, калі б не ўбачыў, як ты ў ствол дуба правай нагой стукнуў і нават не скрывіўся. Дзе скарб схаваў? Га? - прагаварыў Мікіта і падняў з зямлі тоўстую ламачыну.

- Вядзі нас! Паказвай! - крыкнуў Барыс і таксама ўзяў у рукі ламачыну.

- Ваша ўзяла. Раскусілі вы мяне, - сказаў Васіль і, насвістваючы, стаў спускацца з узгорка.

Барыс і Мікіта, напагатове трымаючы ламачыны, накіраваліся за ім.


1990-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая